грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОП-АРТ (англ. pop art ад popular art папулярнае мастацтва),
кірунак у мастацтве 1950—60-х г., для якога характэрны выкарыстанне і перапрацоўка вобразаў масавай культуры. Узнік у Лондане ў творчасці «Незалежнай групы» Ін-та сучаснага мастацтва (П.Блейк, Э.Паалоцы, П.Колфілд, Р.Хэмілтан і інш.) як рэакцыя на элітарнасць абстракцыянізму і станаўленне новага урбаністычнага асяроддзя. Найб. вядомы амер. варыянт П.-а. (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Дж.Розенквіст, Р.Ліхтэнстайн, Т.Весельман, К.Олдэнберг), развіваўся таксама ў Францыі (Арман, Н. дэ Сен-Фаль), Германіі (П.Вундэрліх) і інш. П.-а. сцвярджаў эстэт. каштоўнасць тыповых быт. рэчаў і з’яў праз выкарыстанне ў творах кампазіц. і маст. прыёмаў рэкламы, коміксаў, вобразаў-штампаў са сродкаў масавай інфармацыі і паўсядзённага жыцця (часта з дапамогай калажу, фотаўзнаўлення ці стварэння муляжа арыгінала).
Літ.:
Кузьмина М. Поп-арт... // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
Да арт.Поп-арт. Р.Ліхтэнстайн. Whaam. 1963.Да арт.Поп-арт. Т.Весельман. Вялікая амерыканская аголеная № 98. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАЗААЛО́ГІЯ (ад прота... + заалогія),
раздзел заалогіі, у якім вывучаюцца аднаклетачныя жывёльныя арганізмы, або прасцейшыя.
Вылучаюць агульную, мед., вет. і палеанталагічную П Агульная П. вывучае марфалогію прасцейшых, іх хім. састаў, спосабы размнажэння і цыклы развіцця, сістэматыку і філагенію, экалогію, ролю ў біяцэнозах, паразітацэнозах і інш.Медыцынская П. вывучае прасцейшых як узбуджальнікаў захворванняў чалавека, іх уздзеянне на арганізм, шляхі пераносу ўзбуджальнікаў, магчымасці іх існавання ў навакольным асяроддзі, пытанні эпідэміялогіі, прыроднай ачаговасці, зменлівасці ўзбуджальнікаў, іх генет. і інш. асаблівасці, што спалучае мед. П. з паразіталогіяй. Ветэрынарная П. вывучае прасцейшых пераважна з мэтай задавальнення патрэб прамысл. жывёлагадоўлі і аховы навакольнага асяроддзя. Па задачах і метадах блізкая да мед. П. Палеанталагічная П. вывучае рэшткі стараж. прасцейшых з геал. адкладаў і выкарыстоўвае іх у якасці індыкатараў пры вызначэнні геал. ўзросту зямных парод. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваюць як сінонім пратысталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёлнайб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш.Асн.прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.
Літ.:
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;
Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЯЖА́ЕЎ (Мікалай Аляксандравіч) (27.9.1877, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.5.1944),
расійскі і бел. хімік-арганік. Чл.-кар.Рас.АН (1933). Акад.Нац.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936). Скончыў Варшаўскі ун-т (1900), у якім працаваў у 1912—15 (з 1913 праф.), з 1915 у Кіеўскім політэхн. ін-це, з 1924 у БДУ, з 1935 у БПІ. Адначасова ў 1931—33 дырэктар Ін-та хіміі АН Беларусі. Навук. працы пераважна па хіміі арган. кіслародзмяшчальных злучэнняў. Распрацаваў метад атрымання эпаксідных злучэнняў акісленнем алефінаў па падвойнай сувязі пераксідам бензаілу (рэакцыя П.; 1909), які выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы для сінтэзу вугляводаў, стэроідаў, ліпідаў і інш. прыродных злучэнняў. Прэмія імя А.М.Бутлерава Пецярбургскай АН 1912.
Тв.:
Органические перекиси и применение их для окисления непредельных соединений. Варшава, 1912.
Літ.:
Ахрем А.А., Прилежаева Е.Н., Мещеряков А.П. Жизнь и деятельность Н.А.Прилежаева // Журн. общей химии. 1951. Т. 21, вып. 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСТА́ЎКІН (Анатоль Ігнацьевіч) (н. 17.10.1931, г. Люберцы Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1959). Друкуецца з 1954 (вершы). «Маленькія апавяданні» (1959) — лірычныя мініяцюры, пераважна пра ваен. дзяцінства. Сібірскія аповесці — «Мае сучаснікі» (1959), «Тры жыцці» (1960), «Народжанаму жыць» (1963, 2-я назва «Вогнішчы ў тайзе», 1964), раман «Галубка» (1967) пра працу моладзі на таежных будоўлях. У аповесцях «Начавала хмарка залатая» (1987, Дзярж. прэмія СССР 1988), «Зязюляняты, ці Жаласная песня для супакаення сэрца» (1989) лёс народа на трагічных пераломах гісторыі паказаны праз лёсы выхаванцаў дзетдома. Аўтар аповесці «Салдат і хлопчык» (1977), аўтабіягр. рамана «Разанка (Чалавек з прадмесця)» (1991), рамана-даследавання на крымінальныя тэмы «Даліна смяротнага ценю» (1999) і інш. У раздзеле «Вінная дарога» нататак «Сіндром п’янага сэрца. Сустрэчы на віннай дарозе» (1998) распавядае пра сяброўства з А.Адамовічам. Творам П. ўласціва спавядальнасць, драматызм, маральна-этычная праблематыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВЕ́Р (Prévert) Жак
(4.2.1900, г. Нёісюр-Сен, Францыя — 11.4.1977),
французскі паэт, сцэнарыст. Як паэт дэбютаваў у пач. 1930-х г. У ранняй лірыцы адчувальны ўплыў сюррэалізму. Аўтар зб-каў «Словы» (1946), «Казкі» (1947), «Відовішча», «Вялікі вясновы баль» (абодва 1951), «Дождж і пагода» (1955), «Усякая ўсячына» (1966), «Рэчы ды іншае...» (1972), «Начное сонца» (выд. 1980) і інш. Працаваў як кінадраматург. Лепшыя сцэнарыі стварыў для рэж. М.Карнэ, у т. л. «Набярэжная туманаў» (1938), «Дзеці райка» (1943) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Творчасці ўласцівы дэмакратызм. песенны лаканізм, сюжэтнасць, кампазіцыйная завершанасць і дынамічнасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Э.Агняцвет, С.Ліхадзіеўскі, М.Танк.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Дзень паэзіі, 1966. Мн., 1966;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
У кн.: 3 французскай і бельгійскай паэзіі. Мн. 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́Й ((Ptolemaios) Клаўдзій) (каля 90 — каля 160),
старажытнагрэчаскі вучоны-энцыклапедыст з Александрыі. Праводзіў навук. даследаванні па астраноміі, матэматыцы, геаграфіі, картаграфіі, оптыцы і храналогіі. Распрацаваў геацэнтрычную сістэму свету. Даў сістэматычнае выкладанне тагачасных геагр. ведаў з асновамі тэорыі картаграфічных праекцый. Рашыў шэраг задач прамалінейнай і сферычнай трыганаметрыі, даказаў адну з тэарэм геаметрыі (гл.Пталамея тэарэма), сфармуляваў элементы тэорыі пераламлення святла і астр. рэфракцыі. У творы «Вялікая матэматычная пабудова астраноміі ў 13 кнігах» (арабізаваная назва «Альмагест») сістэматызаваў астр. веды і некат. матэм. звесткі, прывёў каталог 1022 зорак. У «Дапаможніку па геаграфіі» (8 кніг) змясціў агульную і 26 спец. карт з каардынатамі 8 тыс.геагр. пунктаў. Яго «Храналагічны канон цароў» і інш. творы — своеасаблівыя энцыклапедыі ант. свету па розных галінах ведаў.
Літ.:
Идельсон Н.И. Этюды по истории планетных теорий // Николай Коперник. М.; Л., 1947;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.