*Рошкап, ст.-бел. рошкопъ, розкопъ, рошкофъ ’упрыгожанне на галаве каня’ (1577) са ст.-польск. roskop < с.-в.-ням. roskop (Булыка, Лекс. запаз., 120), якое з Roß ’конь’ і Kopf ’галава’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэнава́цыя ’абнаўленне асноўных фондаў вытворчасці’ (Булыка, СІС). З рус. реновация ’тс’. Ст.-бел. реновация ’абнаўленне завяшчання’ < польск. renowacja ’тс’ < лац. rĕnŏvātio ’абнаўленне; аднаўленне’ < rĕnŏvo ’абнаўляць; аднаўляць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́ха ’водгалас, водгук’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Шат.), рэ́хво ’тс’ (ТС). Ст.-бел. ехо ’рэха’ < ст.-польск. echo < лац. ēchō ’водгалас, рэха’ < грэч. ἠχώ (Булыка, Лекс. запазыч., 138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сарома́ха ’расамаха’ (ТС). Укр. дыял. сорома́ха ’тс’. Магчымы рэлікт; Трубачоў (гл. у артыкуле расамаха), напр., бел. і укр. ⁺росомаха лічыць вынікам табуістычнай замены *соромаха ад слав. *sormaxa. Падрабязней гл. расамаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сеча старое ‘бой, бітва’ (ТСБМ, Ласт.), ‘разаніна’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. сѣча: вчинили бой и сѣчу великую ‘бой ваенных атрадаў, узброеных мячамі’ (Праблемы філал., 135). Ад *sekti, гл. сячы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траслі́вы ‘багністы’ (Сцяшк. Сл.), трослі́вы ‘дрыгвяністы, гразкі’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тросливый ‘парослы трыснягом’: тросливое болото (ГСБМ). Утворана пры дапамозе суф. ‑лів‑ ад тросць1, гл., набліжана да трэсці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́жды ‘тройчы, трыкроць’ (Нас., Некр. і Байк.), тро́жджы ‘тс’ (Нас.), ст.-бел. троижды, троижда ‘тс’ (ГСБМ), трежды, трейжды ‘тс’ (Карскі 2–3, 72). Аналагічна да двожды (гл.), падрабязней гл. трыжды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туль ‘цюль’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., петрык., Шатал.) ‘вэлюм, лёгкае белае пакрывала з тонкага паркалю, марлі, якое спускалася па плячах і спіне’ (Бел. нар. адзенне, 32). Гл. тулі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́зы ‘насціл у ганчароў для сушкі вырабаў’, тызо́ўкі ‘тс’ (беласт., SFPS, 14, 196; БЛ, 18, 62), сюды ж, відаць, тызі ‘апоўзіны (у стозе)’ (зах.-палес., Бел. дыял. 2). Гл. тэзы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.А.Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)