1. Старажытны металічны галаўны ўбор воінаў, які ахоўваў галаву ад пашкоджанняў і ўдараў халоднай зброяй. Мячы, сякеры, дубіны воінаў народнай арміі білі па металічных латах і шлемах рыцараў.«Маладосць».Усе [польскія паны] — у капелюшах, у большасці — капелюшы з пушыстымі пер’ямі, як шышакі над шлемамі ў колішніх рыцараў.Пестрак.
2. Галаўны ўбор спецыяльнага пакрою ў воінаў і спартсменаў, які закрывае галаву і шыю. Я глянуў у бок дзвярэй: з двара ў палату віхрам уляцеў высокі шыракаплечы баец у скураным шлеме.Якімовіч.На сваіх санях Елім сядзеў у шынялі і ў вайсковым шлеме з пікаю наверсе.Кулакоўскі.
3. Спецыяльны галаўны ўбор, які ахоўвае галаву ад раненняў, удараў, ціску і пад. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, .. грэліся на красавіцкім негарачым сонцы.Мележ.[Англічанін] быў маленькі, галавасты, у коркавым шлеме і кароткіх скураных штоніках.Б. Стральцоў.// Спецыяльнае прыстасаванне, якое аддзяляе чалавека ад навакольнага асяроддзя, забяспечвае наступленне неабходнага для дыхання паветра. Блажэвіч расшпіліў скафандр, адкінуў шлем.Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АТРУЧЭ́ННЕ,
захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).
Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.
Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш.Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш.Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.
На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дыяфра́гма
(гр. diaphragma = перагародка)
1) мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной (у млекакормячых жывёл і чалавека);
2) прыстасаванне для змянення дыяметра дзеючай адтуліны ў фота- ці кінааб’ектыве;
3) вертыкальная сценка ў целе земляных і камененакідных плацін для забеспячэння іх воданепранікальнасці;
4) кальцавая перагародка ў трубаправодзе для стварэння перападу ціску, каб вызначыць расход вадкасці, газу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),
унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс.км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб.глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.
У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м.Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.
Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).
На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.
Літ.:
Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ.Л., 1978;
Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА (лац. Ferrum),
Fe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 26, ат. м. 55,847. Складаецца з 4 стабільных ізатопаў: 54Fe (5,84%), 56Fe (91,68%), 57Fe (2,17%), 58Fe (0,31%). У зямной кары 4,65% па масе (найб. распаўсюджаны метал — другі пасля алюмінію). Вядома больш за 300 мінералаў (гл.Жалезныя руды). Самароднае (метэорнае і тэлурычнае) сустракаецца рэдка. Прысутнічае ў арганізмах усіх жывёл і раслін, уваходзіць у склад гемаглабіну.
Ж. — бліскучы серабрыста-белы пластычны метал tпл 1535 °C, tкіп 2750 °C, шчыльн. 7870 кг/м³ (20 °C). Пры звычайным ціску адрозніваюць некалькі крышт. мадыфікацый: α-Fe (існуе да 917 °C), δ-Fe (пры т-рах вышэй за 1394 °C і да т-ры плаўлення) з аб’ёмнацэнтраванай кубічнай рашоткай і γ-Fe (у інтэрвале 917—1394 °C) з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай. Пры т-ры 769 °C (пункт Кюры) ферамагн. α-Fe пераходзіць у парамагн. стан. Парамагн. Ж., устойлівае ў інтэрвале 769—917 °C, наз. β-Fe. Ж. не раствараецца ў вадзе і шчолачах. У вільготным паветры акісляецца і пакрываецца ржой (гл.Карозія металаў), у сухім (пры награванні вышэй за 200 °C) — ахоўнай плёнкай аксідаў (гл.Вараненне). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі Fe(II) (гл.Жалеза злучэнні), канцэнтраванымі азотнай і сернай — пасівіруецца. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, серай, фосфарам, вугляродам, аксідам вугляроду (гл.Карбанілы металаў), вадзяной парай. Асн. масу Ж. выплаўляюць у выглядзе чыгуну і сталі. Аднаўленнем жалеза аксідаў пры 750—1200 °C атрымліваюць губчатае Ж. (97—99% Fe), раскладаннем пентакарбанілу Fe(CO)5 — карбанільнае (парашок з памерамі часцінак 1—15 мкм). Выкарыстоўваюць як матэрыял для стрыжняў электрамагнітаў і якараў эл. машын (тэхнічна чыстае), як каталізатар, антыанемічны сродак (карбанільнае) і інш.
Літ.:
Беккерт М. Железо: Факты и легенды: Пер. с нем. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,
старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.
На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вы́трымаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1.што. Не паддацца ўздзеянню цяжару, ціску і пад.; устаяць. Плаціна вытрымала напор паводкі. □ [Сотнікаў] стаіўся, каб не хлюпаць па вушы ў багне, трымаючыся рукой за тоненькую лазовую галінку, і думаў: вытрымае галінка ці не.Быкаў.
2.перан.; што. Стойка перанесці што‑н.; выцерпець. Вытрымаць суровае выпрабаванне. □ Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа.Паслядовіч.
3.перан.; без дап. Праявіць вытрымку, стрымацца; выцерпець. [Паляшук:] — Дармо што .. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак.Колас.
4.перан.; што. Не ўступіць, праявіць цвёрдасць. Вытрымаць сваю ролю да канца.
5.што. Выявіць сваю падрыхтоўку, годнасць у працэсе праверкі. Вытрымаць прыёмныя экзамены. Вытрымаць конкурс. □ Хлопцы вучыліся добра. Закончылі.. двухкласную школу, вытрымалі экзамен на настаўнікаў.Машара.
6.каго. Пратрымаць на працягу вызначанага часу. Вытрымаць хворага дома.//што. Давесці да пэўнага гатунку працяглым захоўваннем у адпаведных умовах; даць выстаяцца, вылежацца. Вытрымаць віно.
•••
Вытрымаць паўзу — пачакаць, памаўчаць пэўны час.
Вытрымаць характар — праявіць стойкасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́рма, ‑ы, ж.
1. Устаноўленая мера, устаноўленыя памеры чаго‑н. [Аграном] сачыў за ачысткай насення і нормамі высеву.Брыль.[Сцёпка:] І мяне залічылі на рабфак звыш нормы, а потым усё ўладзілася.Колас.// Устаноўленая мера прадукцыйнасці працы. Нормы выпрацоўкі. □ Брыгада хутка стала вылучацца сярод іншых: і нормы пераконваліся і якасць работы з кожным днём узрастала.Кулакоўскі.//Спец. Тое, што і нарматыў. Тэхнічныя нормы. □ Трэба было зманціраваць маслаправод турбіны. Па норме на гэта адводзіўся роўна месяц.Дадзіёмаў.// Устаноўленая мера якіх‑н. спартыўных дасягненняў. Выканаць норму майстра спорту.// Сярэдняя, звычайная велічыня чаго‑н. Норма атмасфернага ціску. Норма выпадзення ападкаў.
2.пераважнамн. (но́рмы, норм). Агульнапрызнаныя, узаконеныя ў пэўным асяроддзі правілы паводзін людзей у грамадстве. Нормы паводзін. Этычныя нормы. □ [Буцкевіч:] Вашы падначаленыя парушаюць самыя элементарныя дыпламатычныя нормы.Вітка.// Устаноўленае, агульнапрынятае правіла ў мове, літаратуры і інш. У савецкі перыяд асноўныя граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы былі замацаваны школьнымі падручнікамі, дапаможнікамі для вышэйшых навучальных устаноў.Граматыка.// Узор. Узяць за норму што‑н.
3.Спец. Загаловак кнігі, звычайна скарочаны, які даецца дробным шрыфтам на першай старонцы кожнага друкаванага аркуша ўнізе з левага боку.
•••
Прыйсці (увайсці) у нормугл. прыйсці.
[Лац. norma.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)