МАНЕ́ТНЫ ДВОР,

дзярж. прадпрыемства, якое займаецца чаканкай манет, вырабам ордэнаў, медалёў і інш. дзярж. метал. знакаў адрознення. М.д. ўзнікалі з утварэннем нац. дзяржаў, калі чаканка манет станавілася дзярж. манаполіяй. У Расіі першы М.д. узнік у 1534 у Маскве. У 1724 М.д. заснаваны ў Пецярбургу; з 1876 ён стаў адзіным у краіне. У Англіі М.д. створаны ў канцы 12 ст. ў Лондане, у ЗША у 1792 — у Філадэльфіі. На тэр. Беларусі дзейнічалі з 1665 Брэсцкі манетны двор, з 1706 Гродзенскі манетны двор, у 1796 запланавана адкрыццё Полацкага манетнага двара. Найб. вядомыя ў абарачэнні на тэр. Беларусі манеты выпускалі Віленскі манетны двор, М.д. Рэчы Паспалітай (16—18 ст., у т. л. ў Коўне, 1665—67), Саксоніі (1697—1763), Расійскай імперыі (18 ст. — 1917), СССР (1917—91). У Рэспубліцы Беларусь выраб бел. дзярж. узнагарод з каштоўных металаў ажыццяўляе падраздзяленне «Ювелір» Гомельскага вытв. аб’яднання «Крышталь».

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,

1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л. шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял. Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.

2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.

3) У ваенны час найменне ўсіх вайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.

У.​К.​Зарэмскі.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСЦЬ,

1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.

2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.

3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).

В.​Л.​Насевіч, В.​П.​Панюціч.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1565 у складзе Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв. ВКЛ. Цэнтр — г. Мазыр. Асн. частку М.п. складалі дзярж. Мазырская, Бчыцкая (Пціцкая) і Уборцкая воласці (з пач. 15 ст. належала Віленскаму каталіцкаму біскупству). У М.п. увайшла таксама тэр. на паўн. беразе р. Прыпяць ад р. Пціч да р. Случ з маёнткамі Ленін, Жыткавічы і інш. Найб. значныя мястэчкі: Капаткевічы, Каралін, Лельчыцы, Ленін, Нароўля, Петрыкаў, Скрыгалаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай павет скасаваны. 3.5.1795 адноўлены ў складзе Мінскага намесніцтва, з 12.12.1796 — Мінскай губерні. Пл. 15,6 тыс. км². У павеце было 8 мястэчак: Давыд-Гарадок, Ельск-Каралін, Капаткевічы, Лахва, Ленін, Петрыкаў, Скрыгалаў, Тураў; 6 каталіцкіх касцёлаў, 7 уніяцкіх і каля 50 правасл. цэркваў. У 1860 у М.п. 112 прыватных маёнткаў. У 1861 утворана 21 воласць: Буйнавіцкая, Бярозаўская, Грабаўская, Дзякавіцкая, Жыткавіцкая, Камаровіцкая, Капаткевіцкая, Лахвенская, Лельчыцкая, Ленінская, Лучыцкая, Ляскавіцкая, Мялешкавіцкая, Міхайлаўская, Петрыкаўская, Скараднянская, Слабода-Скрыгалаўская (у 1913 падзелена на Слабадскую і Скрыгалаўскую), Тонежская, Тураўская, Хорская, Чучавіцкая; пазней утворана Каралінская воласць. У 1878—95,3 тыс. чал. На 7.11.1917 у М.п. 23 воласці. З 29.8.1919 да 10.8.1920 у Гомельскай губерні, потым зноў у Мінскай. 18.3.1921 Бярозаўская, Лахвенская, Хорская і Чучавіцкая вол. адышлі да Польшчы, астатняя частка М.п. ўключана ў БССР. 17.12.1921 Ленінская вол. перададзена Слуцкаму пав. 3.3.1924 да М.п. далучана зах. частка Рэчыцкага пав. (7 валасцей цалкам і 3 часткова). 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэр. ўключана ў Мазырскую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (22.9.1907, в. Панькоўская Буда Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 23.1.1973),

Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. Зімой 1942—43 удзельнічаў у рэйдзе па тылах ворага ў раёне Ржэў—Сычоўка—Нялідава (Расія), з вер. 1943 у складзе войск Бранскага фронту. Вызначыўся пры фарсіраванні Дзясны, у баях на тэр. Германіі.

А.Н.Варанцоў.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТЭРАЛЕН (Vesteralen),

астравы ў Нарвежскім м., каля паўн.-зах. ўзбярэжжа Скандынаўскага п-ва, тэр. Нарвегіі. Агульная пл. 3,6 тыс. км². Складаецца з 3 буйных (Анё, Лангё, Хадселё) і мноства дробных астравоў. Астравы гарыстыя, выш. да 1266 м (в-аў Хінё). Фіёрды. Клімат умераны марскі. Шмат азёр і тарфянікаў; лугі, месцамі бярозавыя хмызнякі. Рыбалоўства. Асн. порт — Харстад.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТМІ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура позняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) на тэр. Босніі і Герцагавіны. Назва ад стаянкі Бутмір паміж г. Сараева і р. Босна. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянках і наземных жытлах з чароту і гліны. Кераміка — грушападобныя амфары, пасудзіны на паддонах, ахвярнікі на 4 ножках, упрыгожаныя спіральным арнаментам, антрапаморфныя статуэткі.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙГА́Ч,

востраў на мяжы Баранцава і Карскага мораў, тэр. Расіі. Аддзелены ад мацерыка пралівам Югорскі Шар. Пл. каля 3,4 тыс. км². Паверхня раўнінная, у цэнтр. частцы 2 паралельныя грады. Выш. да 170 м. Складзены пераважна з гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў. Арктычная тундра. Шмат азёр і балот. Населеныя пункты: Вайгач, Доўгая Губа, Варнек. Палярная станцыя (з 1950).

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ РАЁН ПЕ́РШЫ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Бабруйскай акругі. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 1453 км², нас. 46,9 тыс. чал. (без г. Бабруйск), 196 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 13 (пазней на 14) сельсаветаў. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 4.8.1927 аб’яднаны з Бабруйскім раёнам другім у адзіны Бабруйскі раён.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАВА́Я ЭРО́ЗІЯ,

падмыванне водным патокам схілаў рачной даліны, якое выклікае адступанне берагоў, расшырэнне даліны і міграцыю рэчышча ракі з утварэннем меандраў. Адбываецца адначасова з глыбіннай, звычайна пераважае тады, калі базіс эрозіі высокі, профіль ракі выраўноўваецца, набліжаецца да профілю раўнавагі. На тэр. Беларусі бакавая эрозія найбольш уласціва рэкам басейнаў Прыпяці, Дняпра і вярхоўям Нёмана (гл. таксама Эрозія).

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)