ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),
галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасцізасн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.
Літ.:
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁ,
асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.Фрэйда і Л.Шапенгаўэра А.Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.
Літ.:
Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;
Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУЧА́ННЕ,
мэтанакіраваны працэс перадачы і засваення ведаў і практычных навыкаў, фарміраванне ўменняў іх выкарыстання; сродак усебаковага развіцця і падрыхтоўкі асобы да жыццядзейнасці. Пры Н. рэалізуюцца мэты адукацыі і выхавання. У аснову Н. пакладзены гал. прынцыпы дыдактыкі. Ажыццяўляецца ў навуч. установах рознага тыпу (школа, каледж, ун-т і інш.), у сям’і, на вытв-сці і інш. сферах жыццядзейнасці чалавека. Мэты і задачы Н. змяняюцца гістарычна, абумоўлены ўзроўнем матэрыяльнага і духоўнага развіцця грамадства і залежаць ад функцый навуч. устаноў. У розных грамадствах існуюць адметныя сістэмы каштоўнасцей, што ўплывае на дыферэнцыяцыю метадаў і праграм Н. У залежнасці ад крыніцы ведаў метады Н. падзяляюць на славесныя (тлумачэнне, урок-дыскусія, гутарка, лекцыя і інш.), наглядныя (экскурсія, дэманстрацыя ілюстрацый, дыяпазітываў, кінафільмаў і інш.) і практычныя (лабараторныя заняткі, праца ў майстэрнях, вытв. практыка і інш.). Метады Н. могуць быць актыўныя, пасіўныя, маналагічныя, дыялагічныя, эўрыстычныя, дагматычныя і інш. Існуюць розныя сістэмы арганізацыі Н. Гістарычна найб. пашыранымі сістэмамі былі індывідуальная (гл.Індывідуальнае навучэнне) і індывід.-групавая. Адной з першых форм масавага Н. з’явілася арганізацыя калектыўнага Н., напр., у брацкіх школах, у дзейнасці якіх выявіліся асн. элементы класна-ўрочнай сістэмы. Імкненне забяспечыць найб. эфектыўнае вырашэнне задач Н. абумовіла пошук новых, нетрадыц. форм і методык (Бел-Ланкастэрская сістэма, батаўская сістэма дыферэнцыраванага Н. ў ЗША, Мангеймская школьная сістэма). У 1920-я г. распрацавана сістэма праектнага Н. (У.Кіркпатрык, ЗША), у працэсе якога вучні разам з настаўнікам праектуюць рашэнні практычных задач. Вальдорфская сістэма Н. (Р.Штайнер, Германія), сістэмы М.Мантэсоры (Італія), С.Фрэнэ (Францыя) і інш. ставяць гал. мэтай раскрыццё індывідуальнасці навучэнца. У сучаснай практыцы Н. выкарыстоўваюцца таксама лекцыйна-семінарская, курсавая, прадметна-курсавая, індывідуальна-брыгадная і інш.навуч. сістэмы. Увайшлі ў практыку праграмаванае Н., элементы праблемнага Н., заснаванага на стварэнні праблемных сітуацый з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, назіраецца тэндэнцыя далейшай гуманізацыі і гуманітарызацыі навучальна-выхаваўчага працэсу (гл.Гуманітарная адукацыя). Набыць веды можна і самаадукацыяй, з выкарыстаннем камп’ютэрных методык.
Літ.:
Баранов С.П. Сущность процесса обучения. М., 1981;
Клингберг Л. Проблемы теории обучения: Пер. с нем. М., 1984;
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫТЫ́ЦКІ (Сяргей Восіпавіч) (1.2.1913, в. Гаркавічы Падляскага ваяв., Польшча — 13.6.1971),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Беларусі, дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, адзін з арганізатараў патрыятычнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў ВПШ пры ЦКВКП(б) (1948). З 1931 сакратар Крынкаўскага раённага, Гродзенскага акр. к-таў КСМЗБ. У 1933 за рэв. дзейнасць зняволены ў турму. У 1933—34 чл. Слонімскага акр.к-та камсамола, кіраваў стачкамі лясных рабочых у Саколкаўскім, Гродзенскім і Слонімскім пав. У 1934—35 вучыўся ў парт. школе КПЗБ у Мінску. З 1935 сакратар Слонімскага акр.к-та КСМЗБ. 7.1.1936 у Віленскім акр. судзе ў час суд.працэсу над 17 рэвалюцыянерамі П. па заданні ЦККПЗБ страляў у правакатара. У час арышту цяжка паранены. У чэрв. 1936 прыгавораны да пакарання смерцю. Дзякуючы актыўнай барацьбе працоўных Зах. Беларусі, Польшчы, СССР, Францыі, Чэхаславакіі, ЗША, Англіі і інш. краін смяротны прыгавор заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем. У вер. 1939 у час германа-польскай вайны вызвалены з турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі выбраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, дзе выступіў з дакладам. На 5-й сесіі Вярх. Савета СССР П. як член Паўнамоцнай камісіі Нар. сходу выступіў з заявай пра ўключэнне Зах. Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанне яе з БССР. У 1939—41 нам. старшыні Беластоцкага аблвыканкома. У чэрв.—жн. 1941 удзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва і фарміраванні нар. апалчэння ў Гомелі. Са жн. 1941 на фронце. У 1942—44 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ, нам.нач., нач. Польскага штаба партызанскага руху. У 1949—52 і ў 1953—62 1-ы сакратар Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкомаў КПБ. У 1962—68 сакратар ЦККПБ, старшыня парт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і СМБССР, нам. старшыні СМБССР. З 1968 Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Чл.ЦККПБ з 1949, чл.ЦККПСС з 1961. Дэп. Вярх. СаветаСССР і БССР з 1940. Аўтар успамінаў пра рэв. барацьбу ў Зах. Беларусі і партыз. рух у Вял.Айч. вайну. Імем П. названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, хімкамбінат у Гродне; у Мінску на доме, дзе жыў П., мемарыяльная дошка. Пра яго рэв. дзейнасць зняты маст. кінафільм «Чырвонае лісце» (1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАНАЎ (Васіль Васілевіч) (2.5.1856, г. Вятлуга Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1919),
рускі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). У 1882—93 настаўнічаў. З 1899 супрацоўнік газ. «Новое время». У першым філас. творы «Пра разуменне» (1886) сфармуляваў ідэю пазнання прыроды як цэлага адзінства. Паводле Р., пазнанне прыроды, чалавека, гісторыі і культуры заснавана на суб’ектыўна-індывідуальным успрыманні, спосаб пазнання — ірацыянальны, хутчэй маст., чым навуковы. Асн. пытанні яго філасофіі: сувязь язычніцтва і хрысціянства, сінтэз «духоўнага» і «плоцевага», суб’ектыўнага светаадчування чалавека і касм. абсалюту. Першаасновай жыцця, на думку Р., з’яўляецца пол; істотная сувязь чалавека з Богам рэалізуецца менавіта праз пол, асвячэнне якога вядзе да сцвярджэння святасці сям’і («У свеце няяснага і нявырашанага», 1901; «Сямейнае пытанне ў Расіі», т. 1—2, 1903). Проціпастаўляў старазапаветнае і новазапаветнае хрысціянства, адзначаў у апошнім «авіталізм», які вядзе да разбурэння сувязі чалавека з Богам («Цёмны твар. Метафізіка хрысціянства», «Людзі месячнага святла. Метафізіка хрысціянства», абодва 1911). Абагаўленне сям’і ў яго звязана са сцвярджэннем самакаштоўнасці быт., прыватнага; звычайнае ўзводзіцца да агульназначнага, «глабальнае» — да мімалётнага. Адсюль асн. прынцыпы паэтыкі яго маст. прозы: абсалютызацыя суб’ектыўнага, сканцэнтраванасць на ўнутр. жыцці асобы, імкненне да фіксацыі мысліцельнага працэсу («Самотнае», 1912; «Смяротнае», 1913; «Апалыя лісты», т. 1—2, 1913—15; «Мімалётнае» 1915). Проза Р. — сінтэз рэліг. філасофіі і маст. л-ры, літ. крытыкі і публіцыстыкі, спалучэнне рыс эпасу і лірыкі, нарыса, рамана, эсэ, паэмы. Аўтар кн. «Апакаліпсіс нашага часу» (1917—18), літ.-крытычных артыкулаў «Легенда пра вялікага інквізітара Ф.М.Дастаеўскага» (1891), «На межах паэзіі і філасофіі» (1900), «Загадкі Гогаля...» (1909), «Апакаліптыка рускай літаратуры» (1918), у якіх разглядаюцца шляхі развіцця рус. і сусв. л-ры, праблемы «пісьменнік — пісьменніцтва — л-ра».
Тв.:
[Соч.] Т. 1—2. М., 1990;
О себе и жизни своей. М., 1990;
Религия. Философия Культура. М., 1992;
«Иная земля, иное небо...». М., 1994;
В мире неясного и нерешенного. М., 1995;
О писательстве и писателях. М., 1995;
Уединенное. М., 1998.
Літ.:
Фатеев В.А. В.В.Розанов: Жизнь. Творчество. Личность. Л., 1991;
Носов С. В.В.Розанов: Эстетика свободы. СПб., 1993;
В В.Розанов: pro et contra. СПб., 1995;
Синявский А. «Опавшие листья» В.В.Розанова. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ро́к1ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр.рік, рус.дыял.рок ’тс’, рус.разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус.рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац.rok ’год’, славен.rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб.ро̂к, харв.rȏk, rȍk, ст.-слав.рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл.rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш.валаш.byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел.рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел.рокъ з польск.rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл.*rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд.racanam ’распарадак’, гоц.ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. Arake, тахар. Breki ’слова’, алб.rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).
Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск.rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст.rokk ’зацірка’, коміrok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг.рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tlyeć ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел.тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр.тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус.тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск.tleć ’тс’, н.-луж.tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж.tłać ’тс’, чэш.tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац.tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен.tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед.тлее ’гаснуць’, балг.тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав.тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл.*tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат.tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ.tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч.τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм.tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е.*tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл.*tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм.tila, гоц.til ’урадлівая зямля’, асец.tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус.дыял.тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв.тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав.тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус.тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл.*tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл.*toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сцэ́на, ‑ы, ж.
1. Спецыяльная пляцоўка ў тэатры, на якой адбываюцца спектаклі; тэатральныя падмосткі. Ужо ў тэатры, седзячы поруч з Юлькай, Аляксей глядзеў на сцэну, але не разумеў, што там робяць артысты.Даніленка.Сцэна была невялікая, але малюнак дэкарацыі, што вісеў на задняй сцяне, рабіў яе бясконцай.Пальчэўскі.// Тэатр, тэатральная дзейнасць. Майстры сцэны. □ І ўжо нават без сцэны [Мікола] Сам сябе не ўяўляў.Бачыла.На прафесійную сцэну .. [Рыгор Пятрэнка] прыйшоў з мастацкай самадзейнасці.«ЛіМ».
2. Асобная частка акта тэатральнай, п’есы. Фінальная сцэна пятага акта. □ [Зоя:] — Ты разумееш, сядзелі мы з Тамарай пасля першай сцэны ў грыміровачнай, нам выступаць у самым канцы спектакля.Рамановіч.
3. Асобны эпізод, які паказваецца ў п’есе, літаратурным творы, карціне. Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн.Лужанін.У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт [Ф. Багушэвіч] выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры.Навуменка.// Невялікі драматычны твор, які перадае які‑н. асобны эпізод, выпадак. «Сцэны з рыцарскіх часоў» А. С. Пушкіна.
4.Разм. Рэзкая, вострая размова. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце.Крапіва.[Міхаліна:] — Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі...Шамякін.// Здарэнне, эпізод, якія можна назіраць у жыцці. [Брат Зосі] намерыўся схаваць сала пад рубашку, але адчыніліся дзверы з пакоя, і Сегенецкая ўбачыла ўсю гэтую сцэну.Чорны.Мне жыва прыгадаліся сцэны тых дзён у нашым шчаслівым пакойчыку.Дуброўскі.
5.перан. Поле, арэна дзейнасці. На гістарычную сцэну выступіў рабочы клас. □ Сышлі са сцэны прэч магнаты.Колас.
[Лац. scaena з грэч.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).
Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал.сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн.дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн.дол.).
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;
Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ.М., 1993;
Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;
Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.