МЕ́НУА,

цар дзяржавы Урарту (правіў каля 810—786 ці 781 да н.э.). Вёў заваёўніцкія войны ў Закаўказзі і Паўн. Месапатаміі. Пры М. пабудаваны на паўн. схіле гары Арарат г. Менуахінілі, вялося буд-ва ў г. Тушпа (сучасны г. Ван, Турцыя), рэканструяваны т.зв. канал Семіраміды. Ад часу праўлення М. засталося больш за 100 урарцкіх клінападобных надпісаў.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХАРА́РЫ (ад стараж.-іранскага — галава роду),

уладары вял. абласцей Арменіі ў 1-м тыс. н.э. Падзяляліся на старэйшых Н., якія выводзілі сваё паходжанне ад легендарнага прабацькі армян — Хайка, і малодшых Н., якім гэты тытул даваўся царамі. Б.ч. старэйшых Н. загінула ў войнах да 8—9 ст. У далейшым Н. называлі сярэдніх і нават дробных князёў.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКІ,

група стаянак каменнага веку каля в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Датуецца 8—4-м тыс. да н.э. Ёсць стаянкі эпохі мезаліту, большасць належыць да нёманскай культуры. Знойдзены мікралітычныя вырабы, прылады працы з крэменю, у т. л. шліфаваныя сякеры, дробныя кавалкі і фрагменты ляпных гаршкоў. Выяўлены рэшткі жытлаў.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛУШЫ,

вёска ў Гудагайскім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Лоша. Цэнтр калгаса. За 5 км на З ад г.п. Астравец, 250 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Гудагай. 388 ж., 132 двары (2000). Пач. школа, клуб, б-ка. Каля вёскі курганны могільнік (2-я пал. 1-га тыс. н.э.).

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́ЛА (перс.),

пасудзіна для піцця ў выглядае невял. расшыранага ўверх кубка паўсферычнай ці ўсечана-канічнай формы на нізкім паддоне, без ручак. Пашырана ў Сярэдняй Азіі і на сумежных тэрыторыях. Вядома з 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Раннія П. вырабляліся з гліны. Сучасныя П. вырабляюць пераважна фабрычным спосабам з фаянсу ці фарфору.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н,

горад, сталіца Іарданіі, у вадзі Зерка, на ПнЗ краіны. 1,3 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапр., харч., тытунёвая, тэкст., цэментная і інш. прам-сць. Ун-т.

У старажытнасці вядомы пад назвай Рабат-Амон, у эліністычна-рым. эпоху — Філадэльфія. У 7—9 ст. уваходзіў у араб. Халіфат, пасля яго распаду ў 10 ст. — у склад розных дзяржаў Егіпта і Сірыі. З 1516 да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. З 1921 сталіца эмірата Трансіарданія, з 1946 Іарданіі. На месцы стараж. горада захавалася некалькі грабніц і фрагменты сцяны (магчыма, 9 або 8 ст. да н.э.), руіны араб. цытадэлі і рым. тэатра на 4 тыс. чал. (2 ст. н.э.), адэона (тэатр для спевакоў), німфея (ант. свяцілішча). У канцы 19 ст. пабудаваны палацы Басман і Рагдан, у 1924 — мячэць аль-Хусейн, у 1952 — маўзалей караля Абдалаха. Сучасная архітэктура горада еўрап. тыпу. Музеі: Іарданскі археалагічны, ісламу.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.​М.​Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,

першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.

Літ.:

Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.

Я.​У.​Новікаў.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),

парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.​Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.​Шчуко, У.​Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.​Сімбірцаў, І.​Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон).

С.​А.​Сергачоў.

Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РНЫ КРУГ,

станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс. н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст. Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.

В.​М.​Ляўко.

Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)