адна з асн. тэарэм квантавай тэорыі паля. Паводле Л.—П.т. ўраўненні захоўваюць свой від, калі адначасова правесці пераўтварэнне зарадавага спалучэння, прасторавай інверсіі і абарачэння часу (замена часу t на -t). Сфармулявана і даказана ням. фізікам Г.Людэрсам і швейц. фізікам В.Паўлі (1955).
Сцвярджае, што калі ў прыродзе адбываецца які-н. працэс, то з той жа імавернасцю можа адбывацца працэс, у якім часціцы заменены на антычасціцы, праекцыі іх спінаў набылі процілеглы знак, а пачатковыя і канцавыя станы працэсу памяняліся месцамі. Устанаўлівае пэўную сувязь паміж характарыстыкамі часціцы і адпаведнай антычасціцы, якія маюць аднолькавыя масы спакою, час жыцця, энергетычныя спектры, а таксама вуглавыя размеркаванні прадуктаў распаду (калі ўзаемадзеянне часціц у канцавым стане слабае), а праекцыі спінаў на зададзеную вось процілеглыя. У доследах адхіленняў ад Л.—П.т. не выяўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР (Mayer) Юліус Роберт (25.11. 1814, г. Гайльбран, Германія — 20.3. 1878),
нямецкі ўрач і фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1838). У 1840—41 у якасці карабельнага ўрача ўдзельнічаў у плаванні на в. Ява. Праводзячы фізіял. даследаванні ў час гэтага падарожжа, устанавіў сувязь паміж колькасцю акісленых прадуктаў у арганізме чалавека і выкананай ім работай. Сфармуляваў закон захавання энергіі (прынцып эквівалентнасці мех. энергіі і цеплаты) і тэарэтычна вызначыў мех. эквівалент цеплаты (1842). Ідэі і прыярытэт М. ў адкрыцці закону захавання энергіі прызнаныя толькі ў 1860-х г. Першы выказаў думку аб тым, што выпрамяненне Сонца вядзе да памяншэння яго масы.
Тв.:
Рус.пер. — Закон сохранения и превращения энергии: Четыре исслед., 1841—1851. М.; Л., 1933.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 232—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),
1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.
2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),
тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці 16O, ёд-131 ці 131I, уран-235 ці 235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз.ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.
Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб. пашыраны ў зямной кары 16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл.Гелій).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ (Paul) Вольфганг (10.8.1913, Лорэнцкірх, Германія — 7.12.1993),
нямецкі фізік. Чл.Герм. акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1964). Скончыў Тэхн.ун-т у Берліне (1937). З 1937 ва ун-це г. Кіль, з 1944 у Гётынгенскім ун-це (з 1950 праф.), з 1952 у Бонскім ун-це (дырэктар Фіз. ін-та). Адначасова ў 1979—89 прэзідэнт Фонду імя А.Гумбальта. Навук. працы па фізіцы малекулярных пучкоў, фізіцы высокіх энергій, спектраметрыі. Распрацаваў эл.-магн. прыстасаванне для ізалявання і ўтрымлівання іонаў у малым аб’ёме свабоднай прасторы на працягу часу, неабходнага для даследвання іх уласцівасцей (іонная пастка, ці «пастка П.»). Прапанаваў метад раздзялення і назапашвання пры дапамозе іоннай пасткі іонаў рознай масы, які выкарыстоўваюць у прэцызійнай спектраскапіі. Адзін са стваральнікаў Ням. электроннага сінхратрона (1957; г. Гамбург). Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Г.Дэмелтам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСУЛЬФІ́ДНЫЯ КАЎЧУКІ́, тыяколы,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полікандэнсацыі аліфатычных дыгалагенвытворных з полісульфідамі шчолачных металаў. Агульная ф-ла HS[—R—Sm—],SH, дае R — алкіл, m ≈ 2 ці 4.
Існуюць П.к. вадкія і цвёрдыя. Вадкія П.к., ці полісульфідныя алігамеры (т-ра застывання ад -32 да -10 °C), маюць мал. м. 500—7500, раствараюцца ў бензоле, талуоле, цыклагексане, дыаксане, хлараформе. Цвёрдыя П.к. з мал. м. (2—5) 105 нерастваральныя. Найб. пашыраныя вадкія П.к. (каля 90% ад агульнага аб’ёму выпуску) атрымліваюць расшчапленнем П.к. высокай малекулярнай масы. Гума з П.к. масла-, бенза-, атмасфера-, радыяцыйна- і азонаўстойлівая, газа- і воданепранікальная, устойлівая ў разбаўленых к-тах і растворах шчолачаў. Т-ра эксплуатацыі ад -55 да 170 °C. Вадкія П.к. выкарыстоўваюць як аснову герметыкаў і сінт. кляёў, цвёрдыя для гуміравання бетонных паліўных рэзервуараў, у вытв-сці маслабензаўстойлівых гумаватэхн. вырабаў. гл. таксама Вадкія каўчукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДЫМЕНТА́ЦЫЯ (ад лац. sedimentum асяданне),
асяданне часцінак дысперснай фазы (цвёрдых крупінак, кропелек вадкасці, пузыркоў газу) у вадкім ці газападобным дысперсным асяроддзі ў гравітацыйным полі ці ў полі цэнтрабежных сіл. Адбываецца пры перавазе накіраванага руху часціц (пад уздзеяннем сілы цяжару ці цэнтрабежных сіл) над хаатычным цеплавым рухам (гл.Браўнаўскі рух, Дыфузія).
Часцінкі грубадысперсных сістэм седыментуюць у полі гравітацыйных сіл, С. калоідных часцінак і макрамалекул магчыма ў полі цэнтрабежных сіл (гл.Цэнтрыфугаванне). Скорасць С. залежыць ад масы, памераў і формы часцінак, вязкасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад паскарэння, што ўзнікае пры ўздзеянні на іх сіл поля. У прыродзе ў выніку С. адбываюцца асадканамнажэнне ў водных басейнах, адстойванне мутнай вады, ачышчэнне паветра ад пылавых і кропельнавадкіх часцінак. У прам-сці С. выкарыстоўваецца пры абагачэнні карысных выкапняў, раздзяленні прадуктаў хім. і нафтахім. тэхналогій, водаачыстцы і інш. С. ў цэнтрыфугах — аснова седыментацыйнага аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛА ІНЕ́РЦЫІ,
вектарная фіз. велічыня, лікава роўная здабытку масы матэрыяльнага пункта (часціцы) на модуль яго паскарэння і накіраваная процілегла паскарэнню.
Пры крывалінейным руху часціцы адрозніваюць датычную С.і.
і нармальную (цэнтрабежную) С.і.
, дзе m — маса часціцы, — тангенцыяльнае паскарэнне, — нармальнае паскарэнне. Ураўненне часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку мае выгляд
, дзе — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл, што дзейнічаюць на часціцу;
— пераносная С.і.; і — адноснае і пераноснае паскарэнні (гл. Адносны рух), — Карыяліса сіла. С.і. прапарцыянальная масе і таму нагадвае гравітацыйную сілу (сілу прыцягнення), што дазваляе параўноўваць рух часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку з яе свабодным рухам у дадатковым («эквівалентным») гравітацыйным полі (гл.Эквівалентнасці прынцып).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ВЕ́ЦЕР,
пастаяннае радыяльнае распаўсюджванне плазмы сонечнай кароны ў міжпланетную прастору. Утварэнне С.в. звязана з патокам энергіі, што паступае ў сонечную карону з больш глыбокіх слаёў Сонца. Пры высокіх т-рах, якія існуюць у кароне (1,5-106К), ціск яе вышэйшых слаёў не ўраўнаважвае газавы ціск рэчыва кароны, і яна расшыраецца. С.в. складаецца з пратонаў, электронаў, невял. колькасці іонаў гелію і інш. Структура С.в. звязана з магн. полем Сонца і мяняецца са зменай сонечнай актыўнасці. За кошт С.в. Сонца губляе 10−34Дж/с энергіі і штогод 10−14 часткі масы. У межах арбіты Зямлі канцэнтрацыя пратонаў 6 см−3, скорасць 400 км/с. Пры набліжэнні С.в. да Зямлі на мяжы з яе магнітасферай узнікае магнітагідрадынамічная ўдарная хваля, што прыводзіць да істотных дэфармацый магнітнага поля Зямлі — узнікаюць магнітныя буры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНЗАРЭЗІСТЫ́ЎНЫ ЭФЕ́КТ,
змена эл. супраціўлення цвёрдага правадніка (металу, паўправадніка) у выніку яго дэфармацыі.
Асн. характарыстыка — каэф. тэнзаадчувальнасці k = (∆ρ/ρ)/(∆l/l), дзе ∆l/l — адносная змена даўжыні l узору пад Дзеяннем прыкладзенай нагрузкі ў пэўным напрамку, ∆ρ/ρ — адносная змена ўдзельнага эл. супраціўлення р уздоўж гэтага напрамку. Для металаў і сплаваў на аснове нікелю, малібдэну, плаціны k = 2—14, для паўправаднікоў (германію, крэмнію і інш.) k = 100—200. Т.э. абумоўлены зменай міжатамных адлегласцей пры дэфармацыі, што прыводзіць да змены структуры энергет. зон крышталя. Апошняе выклікае змену канцэнтрацыі носьбітаў току (электронаў праводнасці, дзірак), іх эфектыўнай масы, пераразмеркаванне іх паміж энергет. максімумамі ў зоне праводнасці і мінімумамі ў валентнай зоне (гл.Зонная тэорыя). Дэфармацыя таксама ўплывае на працэсы рассеяння носьбітаў цераз змену спектра фанонаў і генерацыю новых дэфектаў у крышталях. Т.э. выкарыстоўваецца ў тэнзадатчыках супраціўлення.