стро́ма
(гр. stroma = падсцілка)
асноўная апорная структура органаў, тканак і клетак жывёл і раслін, напр. злучальная тканка залоз, бялковая аснова эрытрацытаў, спляценне гіфаў у многіх сумчатых грыбоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
хіці́н
(лац. chitinum, ад гр. chiton = панцыр, абалонка)
арганічнае рэчыва групы вугляводаў, якое ўваходзіць у склад знешняга покрыва членістаногіх, а таксама абалонак клетак грыбоў, некаторых відаў водарасцяў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
цэлюло́за
(ад лац. cellula = клетка)
высокамалекулярны вуглярод з групы поліцукрыдаў, асноўная састаўная частка абалонак раслінных клетак; выкарыстоўваецца для вырабу паперы, штучнага шоўку, выбуховых сродкаў і інш.; клятчатка.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
адрэна́лавы
(ад лац. ad = пры + renalis = нырачны);
а-ая сістэма — сукупнасць клетак, якія выпрацоўваюць гармоны адрэналін і норадрэналін і змяшчаюцца ў мазгавым рэчыве наднырачнікаў, сімпатычных вузлах і спляценнях.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бластэ́ма
(гр. blastema = завязь)
1) частка жывой тканкі, здольная ўтвараць новыя асобіны (пры бясполым размнажэнні);
2) намнажэнне аднародных клетак на паверхні раны пасля ампутацыі органа або яго часткі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
міто́з
(гр. mitos = нітка)
найбольш пашыраны спосаб дзялення клеткі ў жывых арганізмах, пры якім адбываецца строга аднолькавае размеркаванне храмасом паміж даччынымі клеткамі, што забяспечвае ўтварэнне генетычна раўнацэнных клетак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мо́рула
(н.-лац. morula, ад лац. morum = тутавая ягада)
стадыя развіцця зародка мнагаклетачных жывёл і чалавека (папярэднічае бластуле), на якой зародак мае выгляд згуртавання клетак накшталт ягады ажыны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВУГЛЯВО́ДНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць хім. працэсаў дэградацыі (катабалізму) і біясінтэзу (анабалізму) вугляводаў у арганізме. На 1-й стадыі катабалізму пры ўдзеле стрававальных ферментаў складаныя поліцукрыды і алігацукрыды распадаюцца да монацукрыдаў (гексоз і пентоз), якія на 2-й стадыі расшчапляюцца да аднаго і таго ж трохвугляроднага прамежкавага прадукту — пірувату (гліколіз), а потым у аэробных умовах да двухвугляроднай формы — ацэтыльнай групы ацэтылкаферменту A (гл. Трыкарбонавых кіслот цыкл). У анаэробных умовах піруват у большай частцы клетак жывёльных і раслінных тканак аднаўляецца да лактату, а ў клетках дражджэй у ходзе спіртавога браджэння ператвараецца ў этылавы спірт і вуглякіслы газ. На 3-й стадыі ацэтыльная група ацэтылкаферменту A уступае ў цыкл лімоннай к-ты — агульны канчатковы шлях, на якім усе віды малекул вугляводаў акісляюцца да вуглякіслага газу. Дэградацыя вугляводаў у арганізме суправаджаецца вызваленнем значнай энергіі, якая расходуецца на розныя працэсы жыццядзейнасці. Біясінтэз вугляводаў у жывых клетках можа адбывацца шляхам глюканеагенезу (сінтэз глюкозы ў клетках печані, які ўключае 9 з 11 ферментацыйных рэакцый, што ўдзельнічаюць у яе раскладзе) і шляхам ператварэння простых вугляводаў у больш складаныя аліга- і поліцукрыды.
С.А.Вусанаў.
т. 4, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ, экскрэцыя,
вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл. Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,
раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.
Э.В.Крупнова.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)