САЛЬВО́ЛІЗ (ад лац. solvo раствараю + грэч. lysis растварэнне, распад),

абменная рэакцыя паміж раствораным рэчывам і растваральнікам. Суправаджаецца раскладаннем малекул растваральніку і растворанага рэчыва. У адрозненне ад сальватацыі прыводзіць да ўтварэння новых хім. злучэнняў пэўнага саставу. С. у водных растворах наз. гідролізам.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМПО́ЗІУМ (лац. symposium ад грэч. symposion баляванне, банкет),

1) вячэрняе ці начное баляванне ў стараж. грэкаў і рымлян, якое суправаджалася музыкай, бяседай, рознымі забавамі.

2) Нарада, у т. л. міжнар., па якім-н. навук. пытанні (напр., С. па праблемах гепатыту).

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАЙКІ́Я (ад грэч. synoikia сумеснае жыццё, жыллё),

сумеснае жыццё жывёл (арганізмаў) розных відаў, калі абодва партнёры ў рознай ступені індыферэнтныя адзін да аднаго або адзін з іх атрымлівае для сябе карысць і не прычыняе шкоды другому; адна з катэгорый кватаранцтва.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІФ,

міфічны родапачынальнік скіфскіх цароў. Лічыўся сынам Геракла (паводле інш. версіі — Зеўса) і Яхідны. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі, Геракл загадаў Яхідне перадаць уладу над Скіфіяй таму з сыноў, хто здолее нацягнуць цеціву яго лука. Перамогшы братоў, С. стаў правіцелем краіны.

т. 14, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛАГМІ́ТЫ (ад грэч. stalagma кропля),

нацечна-капежныя ўтварэнні ў выглядзе конусаў, слупоў, якія растуць з дна падземных пустот (карставых пячор, галерэй, старых горных вырабатак). Утвараюцца ад выпадзення ў асадак вапнавага рэчыва з кропель вады, якія капаюць зверху. Гл. таксама Пячоры.

Сталагміты.

т. 15, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭАРЫ́Н (ад грэч. stear тлушч),

сумесь стэарынавай і пальміцінавай кіслот з нязначнай (да 5%) колькасцю алеінавай і інш. ненасычаных кіслот. Паўпразрыстая бясколерная ці жаўтаватая маса tпл 53—65 °C). Атрымліваюць прасаваннем і ахаладжэннем гідралізату жывёльных тлушчаў. Гл. таксама Стэарынавая кіслата.

т. 15, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎТАЛО́ГІЯ (ад грэч. tauto тое самае + ...логія),

1) спалучэнне або паўтор тых жа самых або блізкіх па сэнсе слоў («масла масленае», «цалкам і поўнасцю»).

2) Відавочны круг у вызначэнні, доказе і інш. (лац. idem per idem — тое самае праз тое самае).

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭТРА́ДА [ад грэч. tetras (tetrados) чацвёрка],

характэрная для раслін група з 4 гаплоідных клетак, якая ўтвараецца ў выніку меёзу з адной мацярынскай дыплоіднай клеткі (мікраспарацыта або мегаспоры). Таксама 4 храматыды, аб’яднаныя цэнтрамерамі ў пары ў прафазе меёзу. Такая Т. складае бівалент.

т. 16, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЗЕАГРА́ФІЯ (ад грэч. phrasis выраз + ...графія),

раздзел мовазнаўства, які займаецца складаннем, апісаннем і характарыстыкай фразеалагічных слоўнікаў. Бел. Ф. ўзнікла ў 19 ст., калі фразеалагізмы сталі ўключаць у слоўнікі жывой нар. мовы і тлумачыць (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, 1870).

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭАТАФІ́ТЫ [ад грэч. phrear (phreatas) калодзеж, басейн + ...фіт],

расліны з глыбока размешчанай каранёвай сістэмай, якія ў якасці крыніц вільгаці выкарыстоўваюць грунтавыя воды. Напр., фінікавая пальма (расце ў аазісах). З’яўляюцца індыкатарамі глыбіні залягання грунтавых вод і ступені іх засалення (напр., лакрычнік голы).

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)