ГАРМАНІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя некалькіх рэчаісных пераменных, якая неперарыўная ў некаторай вобласці разам з частковымі вытворнымі 1-га і 2-га парадку і задавальняе ў гэтай вобласці Лапласа ўраўненню. Гарманічная функцыя 2 пераменных звязаны з аналітычнымі функцыямі камплекснай пераменнай, рэчаісная і ўяўная часткі якіх — спалучаныя гарманічныя функцыі (звязаныя Кашы—Рымана ўраўненнем). Гарманічныя функцыі выкарыстоўваюцца пры рашэнні многіх задач эл.-магнетызму гідра- і аэрадынамікі, тэорыі фільтрацыі і цеплаправоднасці і інш.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ДКАВА БАЛО́ТА,

на У Столінскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Маства. Нізіннага тыпу. Асобныя часткі наз. Верхлешнае, Ніўскае, Сплаўное, Лістоўніца, Красныя Бярозкі. Пл. 9,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,7 тыс. га. Глыб. торфу да 1,8 м, сярэдняя 1,1 м. Балота часткова асушана, асушаная ч. пад сенажаццю. На неасушаных землях пераважае злакава-, разнатраўна- і гіпнава-асаковая расліннасць. Пясчаныя грады пад разнатраўем, лесам з бярозы і хвоі.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

балота ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы рэк Волта (на Пн), Бярэжа (на Пд), Яльнянка (на У). Вярховага тыпу. На балоце група азёр, найб. Ельня, Доўгае, Белае, Бярэжа, Чорнае, Яжгіна. Пл. 20 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,8 тыс. га. Глыб. торфу да 8,3 м, сярэдняя 3,8 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 1,5 м, гідролізная сыравіна. Балота ў натуральным стане; уваходзіць у гідралагічны заказнік Ельня.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.​Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́МСКІ КАНА́Л,

арашальна-абвадняльна-суднаходны канал у Туркменістане. Будаўніцтва з 1954. Пачынаецца з р. Амудар’я, вышэй г. Керкі. Працягваецца на З праз паўд. ч. Каракумаў і перадгор’і Капетдага. Даўж. 1100 км (1989), шыр. 100 м, прапускная здольнасць 502 м³/с. 226 гідратэхн. збудаванняў, 8 помпавых станцый, 3 вадасховішчы. Пл. арашэння больш за 500 тыс. га, абваднення пашаў — 200 тыс. га. Забяспечвае вадой гарады Ашгабат, Тэджэн, Мары, Геок-Тэпе, Бахардэн.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Краснадарскім краі, Расія, на схілах Гал. хр. Вял. Каўказа (выш. каля 3350 м). Засн. ў 1924 для аховы пласкагорных прыродных комплексаў Каўказа. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 263,5 тыс. га і 300 га — Хосцінскі ціса-самшытавы гай (філіял). Вышынныя паясы ад альпійскіх лугоў да шыракалістых лясоў. Шмат эндэмічных раслін — каўк. піхта, явар, рададэндран. У фауне звычайныя тур, сарна, праметэева палёўка, каўк. цецярук, буры мядзведзь і інш. Рэакліматызаваны зубр.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РВІН ((Kervin) Джозеф) (н. 1932),

касманаўт ЗША. Д-р медыцыны, капітан 1-га рангу ВМС ЗША. Скончыў каледж «Холі Крос» у Вустэры (1953), Паўн.-Зах. ун-т (1957, г. Чыкага), школу ваен.-марской авіяц. медыцыны. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 25.5—22.6.1973 з П.​Вейцам і Ч.Конрадам здзейсніў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 1-га экіпажа), у час якога выходзіў у адкрыты космас. Працягласць палёту 28,03 сут.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЯ́ВІЯ (Kujawy),

гістарычная вобласць у Польшчы паміж сярэднім цячэннем р. Вісла і верхнім цячэннем р Нотаць. У старажытнасці была населена зах.-слав. племем куяваў. З 1139 асобны ўдзел, з 1231 ваяводства, з 1247 удзельнае княства. З пач. 14 ст. частка тэр. К., а з 1388 уся К. — у складзе каронных зямель. Паводле 1-га і 2-га падзелаў Польшчы (1772, 1793) адышла да Прусіі. У складзе адноўленай Польшчы з 1918.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

нізіннага тыпу, у Брагінскім, часткова ў Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Брагінка, на Зр. Прыпяць. Пл. 28,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 8,4 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 1,5 м, ступень распаду 33%, попельнасць 15%. Запасы торфу каля 21 млн. т. У Брагінскім р-не часткі балота наз. Паломы, Гала і інш. Балота амаль цалкам асушана. На асушаных землях сеюць збожжавыя і травы.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШЫ́ЦАВАЕ БАЛО́ТА, Какорыцкія балоты, Спораўскае балота,

нізіннага тыпу ў Іванаўскім (большая ч.) і Драгічынскім р-нах Брэсцкай вобл., на ПдУ ад Спораўскага возера ў вадазборы р. Ясельда. Пл. 12 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 10,8 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1 м. Запасы торфу каля 19,8 млн. т. У Драгічынскім р-не вядзецца здабыча торфу на ўгнаенне. Выпрацаваныя пл. рэкультываваны. Часткова асушана, выкарыстоўваецца пераважна пад сенажаць.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)