ВАЛ (ваен.),
насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).
т. 3, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (18.8.1909, в. Ціхны Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 29.9.1941),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў школу ваен. пілотаў (1932), у 1940 вучыўся на Вышэйшых курсах удасканалення каманднага складу ВПС ВМФ. У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, зрабіў 69 баявых вылетаў, збіў 4 самалёты, знішчыў 7 агнявых пунктаў ворага і інш. У Вял. Айч. вайну ваяваў пад Ленінградам. Загінуў пры выкананні баявога задання.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬПАРАІ́СА (Valparaíso),
горад у цэнтр. ч. Чылі. Адм. ц. вобл. Аканкагуа. Засн. ў 1536. 301,7 тыс. ж. (1993). Гал. порт краіны на Ціхім ак. Пачатковая станцыя Трансандыйскай чыг. (Вальпараіса — Буэнас-Айрэс), вузел шашэйных дарог. Машынабудаванне, металаапр., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім., лёгкая, харчасмакавая (у т. л. рыбаперапрацоўчая, малочная, маслаапрацоўчая, тытунёвая) прам-сць. 2 ун-ты. Музей натуральнай гісторыі. Часта цярпеў ад землетрасенняў (1730, 1817, 1906, 1928, 1960). Гал. ваен.-марская база Чылі.
т. 3, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Ягор Васілевіч) (1.1.1922, в. Гарбачова Віцебскага р-на — 1.5.1991),
Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1939. У Айч. вайну з мая 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м Укр. франтах, камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 296 баявых вылетаў, правёў 64 паветр. баі, збіў асабіста 21 варожы самалёт і 2 у групе. Да 1958 у Сав. Арміі.
т. 4, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР,
бікфордаў шнур, шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Юзаф) (1809, каля г. Тульчын, Украіна — 31.12.1873),
польскі паліт. дзеяч, генерал. Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго паражэння ў эміграцыі. Адзін з кіраўнікоў Польскага дэмакратычнага таварыства. На чале легіёна палякаў-добраахвотнікаў у 1848—49 змагаўся ў венг. рэв. арміі супраць габсбургскіх войск. У час паўстання 1863—64 часовы кіраўнік Ваен. камісіі ў Кракаве, на чале ўзбр. атрада змагаўся на Валыні. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Францыю.
т. 4, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),
1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.
2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.
т. 4, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬВІХ (Пётр Аўгуставіч) (19.12.1873, г. Віцебск — 7.5.1958),
генерал-маёр артылерыі (1940), вучоны ў галіне балістыкі і тэорыі стральбы. Д-р тэхн. н. (1938), праф. (1935), лаўрэат Дзярж. прэміі СССР 1941. У арміі з 1892. Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1903). Да 1917 выкладчык у гэтай акадэміі. З 1918 палкоўнік Гельвіх у Чырв. Арміі. Да 1943 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. Да 1953 у Гал. артыл. упраўленні Сав. Арміі.
т. 5, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́КА-ЗАРАКО́ЎСКІ (Баляслаў Францавіч) (30.3.1894, г. Полацк Віцебскай вобл. — 2.12.1963),
генерал-лейтэнант (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1913, у Чырв. Арміі з 1918. У 1932—41 нач. кафедры Ваенна-інж. акадэміі, дацэнт Маскоўскага гідрамеліярац. ін-та. У Вял. Айч. вайну на Зах. і 1-м Бел. франтах, камандзір палка, дывізіі, нам. нач. штаба 1-га Бел. фронту. У 1944—48 на адказных пасадах у Войску Польскім.
т. 6, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)