вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).
У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз.в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.
У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,
1) расходаванне вады на патрэбы насельніцтва, прам-сці і інш. водакарыстальнікаў. Вада на водаспажыванне адбіраецца з воднага аб’екта беззваротна або вяртаецца, змененая якасна. Адрозніваюць водаспажыванне гасп.-пітное і камунальнае (для быт. мэт) і тэхн. або вытв. (для тэхнал. мэт прам-сці, энергетыкі, транспарту). Аб’ём водаспажывання залежыць ад нормы водаспажывання — удзельнага расходу вады за суткі 1 жыхаром або ўмоўнай адзінкай для дадзенай вытв-сці. У меліярацыі водаспажыванне — расходаванне вады на арашэнне, абвадненне пашы, водазабеспячэнне сельскіх нас. пунктаў, с.-г. комплексаў, на проціпажарныя і прыродаахоўныя мерапрыемствы, рыбныя гаспадаркі і інш. 2) Колькасць вады, неабходная для с.-г. культур ці севазвароту за пэўны час, каб забяспечыць нармальнае развіццё раслін. Велічыня водаспажывання адпавядае сумарнаму расходаванню вады на транспірацыю раслінамі і фіз.выпарэнне з паверхні глебы. У такім выпадку водаспажыванне разлічваецца таксама і для дзікарослых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 33 км ад чыг. ст. Койданава. 580 ж., 198 двароў (1996).
Вядома з 2-й пал. 15 ст., належала В.Манівіду, А.Гаштольду, Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам. У 1472 у Волме існаваў касцёл (не збярогся). У 1581 мястэчка Мінскага пав. У 1861 — 93 ж., 14 двароў, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Івянецкім, з 1962 — у Стаўбцоўскім, з 1956 — у Валожынскім, з 1970 — у Дзяржынскім р-нах. У 1970 — 277 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Успенскі касцёл (1751), сядзіба (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, на паўд. беразе воз. Белае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Азёры». За 25 км на У ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Жытомля. 4306 ж., 1768 двароў (1994).
Упершыню згадваюцца ў 1398 як «двор Вітаўта». У 15—17 ст. велікакняжацкае ўладанне, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1518 упамінаецца як мястэчка. У пач. 19 ст.засн.Азёрская папярова-кардонная фабрыка і Азёрская суконная мануфактура, у 1895 — гарбарнае прадпрыемства. У 1897 — 3283 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—62 у Скідзельскім р-не. У 1940—55 гар. пасёлак.
Акц.т-ва «Гродзенская зверагаспадарка». Сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква і касцёл. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту, неаліту (нёманская культура) і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІ́ДАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав.Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст.н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНА,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.
Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,
від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г. дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.Агуновіч, Я.Ждан, А.Зайцаў, М.Кірылаў, А.Кроль, І.Харламаў і інш.
Літ.:
Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;
Бродский Б. Художник и город. М., 1965.
Э.К.Агуновіч.
Да арт.Афармленчае мастацтва. Я.Ждан. Эскіз заслоны да гала-канцэрта, прысвечанага 100-годдзю Полацкай епархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ТЫ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.
2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.