пяры́на 1, ‑ы, ж.

Вялікая насыпка, напоўненая пер’ем, на якой спяць або якой накрываюцца. Спаць на пярыне. Накрыцца пярынай. Перасыпаць пярыну. □ Аўгінка ўзбівае пярыны на двух высокіх кляновых ложках. Асіпенка.

пяры́на 2, ‑ы, ж.

Адно птушынае пяро. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас. Іншаму цяжэй пярыну падняць, чым .. [Пракопу] любое палена ці мяшок. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — сход службовых ці выбарных асоб. Земскі сабор.

2. ‑у. Сход, з’езд прадстаўнікоў вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы.

3. ‑а. Галоўная або вялікая царква ў горадзе, манастыры. Кафедральны сабор. □ Мікалаеўскія саборы ўрачыста і гучна блямкнуў звон. Асіпенка. Саборы збудаваны хітра і з толкам: І ловяць, і страшаць, і глушаць цябе. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серы, да вытворчасці серы (у 1 знач.). Серныя заводы. □ Серны пах ударыў у нос, запалка загарэлася. Асіпенка. // Які ўтрымлівае ў сабе серу. Серная крыніца. Серны калчадан. Серныя залежы. // Зроблены з серы, з серай. Серныя запалкі.

2. Які мае ў сваім хімічным складзе серу з пэўнай колькасцю кіслароду. Серная кіслага. Серны ангідрыд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарпіён, ‑а, м.

Ядавітая жывёліна класа павукападобных, якая пашырана ў трапічных і субтрапічных паясах. У .. лясах водзіцца шмат змей і яшчарак. Часта сустракаюцца павукападобныя — фалангі і скарпіёны. Гавеман. [Хлопец] ускочыў з такім спрытам, нібы яго джыгануў скарпіён. Лынькоў. // перан. Разм. Пра злоснага, яхіднага чалавека. Ходзяць такія барадатыя скарпіёны ды глядзяць, каго б так уджаліць, каб балела доўга. Асіпенка.

[Грэч. skorpios.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссумава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак., па кім-чым і без дап.

Разм. Сумуючы, змучыцца, стаміцца. [Вася:] — Я без вагання аддаў бы ўсё, што было ў мяне,.. абы я толькі мог паглядзець .. [Зіне] у вочы і ўбачыць, што яна таксама ссумавалася па мне. Гаўрылкін. Ссумаваўся Макар па Закружжы, па маці, па вечарынках, ды што граху таіць, і па Еве. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Рабіць сутаргавыя рухі; пацепвацца, перасмыквацца. [Міша:] — А я люблю рыбачыць. Так пільна глядзіш, глядзіш, як торгаецца паплавок. Зловіш маленькую рыбку, а радасці!.. Пальчэўскі. У Загурскага ўвесь час нервова торгалася шчака, але гаварыў ён спакойна, нават з нейкай асуджанасцю ў голасе. Асіпенка. Сомік, чакаючы, наглядаў .. за тварам [Пошты], на якім пад светлымі вусамі торгаліся губы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уразбро́д, прысл.

У беспарадку, паасобку, нядружна. Курсанты павярнуліся ўразброд. Новікаў. Птушкі выбраліся скора, Чарадою і ўразброд. Глебка. Некаторыя [дзяўчаты] спужаныя ад нечаканасці, другія са здзіўленнем адарваліся ад працы, паспешна разагнуліся, прывіталіся ўразброд... Васілевіч. // перан. Без лагічнай паслядоўнасці (пра думкі, словы і пад.). Людзі перагаворваліся вяла, за няшчырымі ўразброд словамі хаваліся нейкія важныя думкі, а можа, і справы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчыльну́ю, прысл.

1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.

2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эскадро́н, ‑а, м.

Падраздзяленне кавалерыйскага палка, якое адпавядае пяхотнай роце. [Каршукоў:] — Салдат у Гітлера не шмат. Б’е браніраваным кулаком, а тыл — дзіравы. Кінь ты сюды конніцы некалькі эскадронаў, дык да самога Берліна можна ісці без прыпынку... Асіпенка. З дзесятак старыцкіх хлопцаў-партызан зрабілі ў кустах за вёскай засаду і прымусілі ўцякаць у паніцы цэлы ўланскі эскадрон. Хадкевіч.

[Фр. escadron.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

права́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. праваліцца (у 2 знач.).

2. Месца, якое правалілася. Вось ужо відаць шырокі чорны правал ля падножжа гары. Арабей. Нягледзячы на тое, што правал у лежаку пагражаў пажарам, санітар і вухам не вёў: ёсць гаспадар, пан Тарбецкі, — няхай ён і правіць. Колас.

3. Тое, што і праём. Дамы ашчэрваліся чорнымі праваламі вокан. Асіпенка. [Рыгорка] знікаў у правале расчыненых дзвярэй. Дуброўскі.

4. перан. Поўная няўдача ў якой‑н. справе. Шкода не толькі волі, жыцця, а шкода і правалу той работы, якую даручыла яму партыя. Колас. // Раскрыццё (падпольнай арганізацыі). Пасля правалу арганізацыі бацьку майму прыйшлося доўга хавацца. Гарэцкі. // Нездавальняючая адзнака на экзамене.

5. перан. Адсутнасць яснага ўспрымання ўсяго, што акружае (пры некаторых хваробах, моцным ап’яненні). Як фарсіравалі рэчку — помніць [Баталаў], як абганялі абоз на шашы — таксама. А далей — правал. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)