рэшткі пераважна сярэдневяковых комплексаў жылых, гасп., абарончых, пахавальных ці культавых (манастыры, храмы) пабудоў, часткова ў наземных, часткова ў прыродных ці штучна зробленых пячорах.
Вядомы на Балканскім п-ве, у Італіі, Турцыі, Крыме (Эскі-Кермен, Чуфут-Кале, Каламіта, Мангуп), на Каўказе (Уплісцыхе, Вардзія), у Сярэдняй Азіі, Індыі (Аджанта) і Кітаі (Дуньхуан).
Т.С.Скрыпчанка.
Да арт.Пячорныя гарады. 1. Пячорны горад Уплісцыхе. Грузія. 1 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. 2. Пячорны будысцкі храм Юньган каля г. Датун. Кітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗО́ПУС (Rhizopus),
род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукоравых. 11 відаў. Пашыраны паўсюдна. Трапляюцца ў глебе, на раслінах і раслінных рэштках, харч. прадуктах, экскрэментах. Выклікаюць псаванне (гніенне) кармоў, збожжа, прадуктаў, ёсць патагенныя для жывёл і чалавека.
Міцэлій паветраны, пушысты, дыферэнцыраваны звычайна на сталоны, спарангіяносцы і рызоіды. Спарангіі шарападобныя. У выніку палавога працэсу паяўляюцца зігаспоры. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць. У краінах Азіі выкарыстоўваюцца як кампанент закваскі (т.зв. кітайскія дрожджы) або для вытв-сці зброджаных прадуктаў харчавання (соевы сыр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНЭСТРО́З,
інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, якая выклікаецца лічынкамі насаглотачных аваднёў. Пашырана ўсюды, пераважна ў краінах Сярэдняй Азіі. На Беларусі часцей рэгіструецца ў коней у пашавы перыяд.
Самкі аваднёў жывародныя, на ляту ўпырскваюць у насавыя адтуліны да 60 лічынак (пераважна ў гарачы час дня). Лічынкі пранікаюць у глыбіню насавой поласці жывёлы (у лабірынты рашэцістай косці і лобныя пазухі) і выклікаюць запаленне слізістых абалонак з ацёкам і звужэннем насавых ходаў. У хворых жывёл назіраецца язвавы рыніт, задышка, знясіленне, парушаецца дзейнасць нерв. сістэмы; магчыма іх гібель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РГАН II (акадскае Шарукін),
цар Асірыі ў 722—705 да н.э. Прыйшоў да ўлады пасля звяржэння цара Салманасара V [727—722 да н.э.]. У сваёй палітыцы імкнуўся прымірыць інтарэсы жрэцтва і прывілеяваных гарадоў Асірыі і Вавілоніі з інтарэсамі ваен. партыі. Завяршыў заваяванне Ізраільскага царства (722) і Сірыі (717); у 714 перамог Русу I, цара Урарту, захапіў г. Мусасір з урарцкімі скарбамі, заваяваў шэраг абласцей ўсх. М. Азіі (імкнуўся не дапусціць саюзу Урарту з Фрыгіяй), а таксама Мідыі; у 710—709 авалодаў Вавілоніяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РНА, сарна (Rupicapra rupicapra),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Адзіны від роду; 8—9 падвідаў. Пашыраны ў гарах Еўропы і М. Азіі.
Даўж. цела да 140 см, выш. да 85 см, маса да 50 кг. Маюць кручкападобныя рогі даўж. 7—10 см. Шэрсць зімой доўгая, густая, чорна-бурая; летам кароткая, рыжая. Корміцца горнай травяністай расліннасцю, галінкамі кустоў, дрэў і лішайнікамі. Нараджае 1, зрэдку 2—3 дзіцянят. Аб’ект палявання і развядзення у некат. месцах здабыча забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНІ́ТКА, сныць (Aegopodium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе і ўмераным поясе Азіі. На Беларусі 1 від — С. звычайная (A. podagraria). Утварае ў шыракалістых лясах густыя зараснікі, трапляецца на высечках, у хмызняках, садах і парках.
Шматгадовыя травы з доўгім паўзучым карэнішчам. Лісце двойчытрайчастае або тройчыперыстае. Кветкі белыя, радзей ружовыя, у парасоніках Плод — віслаплоднік. Маладое лісце і сцёблы С. звычайнай са своеасаблівым пахам. багатыя вітамінам С, ужываюцца ў ежу. Лек., меданосныя расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЛЬНІК, ваўчук (Ononis),
род кветкавых раслін сям. струкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах.Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. палявы (O. arvensis). Трапляецца ў хмызняках, па схілах, уздоўж дарог, каля жылля.
Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты. Сцёблы прамастойныя, узыходныя або сцелістыя, часам з калючкамі. Лісце простае ці трайчастае, чаргаванае, з прылісткамі.
Кветкі ў верхавінкавых коласападобных суквеццях або па 1—2 у пазухах лісця, белаватыя, жоўтыя ці ружаватыя. Лек., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯРВЯ́ТНІКзвычайны
(Neophron percnopterus),
птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных, з групы грыфаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў разнастайных ландшафтах. Гняздуецца ў нішах скал. На Беларусі рэдкі залётны від.
Даўж. да 75 см, маса да 2,5 кг. Дзюба доўгая, тонкая. Пярэдняя ч. галавы і валляк голыя. На патыліцы чубок з падоўжаных пёраў. Афарбоўка белаватая, у маладых птушак бурая; махавыя пёры чорныя. Крылы доўгія, хвост клінападобны. Корміцца пераважна мярцвячынай, адкідамі. Адкладвае 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАХІКА́РПУС (Trachycarpus),
род кветкавых раслін сям. пальмаў. 8 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх.Азіі і Гімалаях. Культывуюць холадаўстойлівыя пальмы Т. Форчуна (T. fortunei) і Мартыуса (T. martianus).
Дрэвападобныя расліны выш. да 20 м, ствол дыяметрам да 20 см. укрыты карычнева-бурымі валокнамі, на верхавінцы — пучок вял. веерападобнага лісця (каля 30). Кветкі у буйных галінастых пазушных суквеццях даўж. да 1 м. Плод — касцянка. З лісця атрымліваюць валокны для вырабу цыновак, грубых тканін, шчотак і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГА́ЙСКАЯ ФЛО́РА,
існавала ў сярэднім і познім алігацэне ў Паўн. паўшар’і. Вылучана сав. палеабатанікам А.М.Крыштафовічам (1930). Ва Усх. Еўропе пашырылася з Азіі пасля адыходу мора. На Беларусі рэшткі Т.ф. выяўлены ў Гомельскай вобл.
Складалася пераважна з шыракалістых лістападных парод. У склад уваходзілі бук, дуб, каштан, лапіна, вінаград, сумах, цюльпанавае дрэва, з голанасенных — хвоя (12 відаў), елка, кедр, лістоўніца, тсуга, секвоя, кіпарыс балотны, гінкга і інш.; вечназялёныя лаўры, пальмы, магноліі і інш. Некат. лічаць, што Т.ф. — тое, што арктатрацічная флора.