Ля́мка1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр.ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус.ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус.лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін.lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск.карэльск.lamca ’вуздзечка’, саамск.нарв.lavčče, коміletš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.
Ля́мка2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск.lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).
Ля́мка3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лёк1 ’селядцовы або агурочны расол’ (Мядзв., Гарэц., Бяльк., Касп., Мат. Шкл., Мат. Маладз., Сцяшк., Шат., Нас., Сл. паўн.-зах.; маладз., Янк. Мат.), ’юшка, рыбная поліўка’ (Сцяшк.), ’унутранасці селядца’ (Грыг.), ’густая наліўка (вадкая частка)’ (Нас.). Лексема ўзнікла ў выніку кантамінацыі ляк ’расол’ (< польск.lak) і польск.loch ’густы сіроп з чаго небудзь’ (< італ.loc, locco < с.-лац.lohoc ’густое лякарства, падобнае да павідла’ (Слаўскі, 4, 30, 319). Сюды ж (у выніку пераносу значэння) і ганц.лёк ’вада, падсаложаная мёдам’ (Сл. паўн.-зах.).
Лёк2 ’біццё сэрца ад спалоху’, лёкі ’спалох, перапуд’ (зах., КЭС). Да лякаць, лекацець (гл.).
Лёк3, лёкі ’кудзеры, локаны’ (Бяд., Сцяшк.). Запазычана з польск.lok, loki ’тс’ (з XVIII ст.), якія з ням.Locke, мн. л. Locken (Брукнер, 316).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мыс, мы́сік, мысок ’вострая частка сушы, якая выходзіць у мора, возера, раку’ (ТСБМ), ’вугал, насок, край’ (Гарэц., Нас., Бяльк.), ’нос лодкі’, ’лязо нажа’ (Касп.), мы́сікі ’канцы завязанай хусткі’ (стаўбц.). Рус.мыс, мысок, мысочек, мысик ’мыс’, ’выступ, вугал прадмета’, ’узвышша з вельмі крутымі схіламі’, ’край лесу’, ’адгор’е’, ’востраў’, ’галава рыбы’, ’грудзі каровы’. Бел.-рус. ізалекса (Вярэніч, Бел.-рус. ізал., 27). Прасл.mysъ генетычна звязана з мыса ’морда’, ’рыла’ (як, напрыклад, kopъ — kopa і інш. пары, гл. аб гэтым Ільінскі, AfslPh, 29, 162 і наст.). Параўн. адпаведнікі мыса ў іншых слав. мовах: чэш.mys < рус.мыс, славац.mys з чэш.; чэш.cip і польск.cypel з с.-в.-ням.zipf (суч. ням.Zipfel ’носік, насок’), балг.нос, серб.-харв.р̑т, славен.ŕt, макед.’рт (што фармальна адпавядае бел.рот).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парсю́к ’кастрыраваны самец свойскай свінні, кабан’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Гарэц., Мядзв., ДАБМ, 885; Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884), паршу́к ’кабан, парсюк, вяпрук’ (Сцяшк., Выг., Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884). Агляд формаў і значэнняў гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтызмы, 19). Рус.разан.парсу́к ’кабан’, зах.паршу́к, парсю́к, польск. (Літва) parsiuk. Запазычанне з літ.paršùkas ’парася’ (гл. Карскі, РФВ, 49, 20; Фасмер, 3, 209; падрабязны агляд этымалагічнай літ-ры гл. Лаўчутэ, там жа). Трубачоў (Происх., 63–64) запазычанымі лічыць толькі формы з ‑ш‑; частка славянскіх форм з ‑с‑, на яго думку, магла ўзнікнуць з поросю́к у выніку моцнай рэдукцыі пераднаціскнога галоснага. Супраць Лаўчутэ (там жа), якая ўказвае, што ўсе формы на ‑ук і з гукам ‑с‑ распаўсюджаны на тэрыторыі славянскіх балтызмаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пітава́цца ’харчавацца’ (Ян.), стараж.-рус., ст.-рус.питовати ’карміць’ (XIII–XIV стст. < XI ст.), питоватися ’ўжываць ежу’ (XI ст.), ’мець асалоду’ < питати < прасл.*pitati ’карміць’, параўн. рус.питать ’тс’, укр.пити́мий ’родны, блізкі’, пи́томець ’выхаванец’, славен.pítati ’карміць’, серб.-харв.пи̏тати, макед.питом ’прыручаны, свойскі’, ’лагодны, ціхі, рахманы’, питомец ’выхаванец’, ст.-чэш.pitomý ’ціхі, лагодны’, чэш. ’дурны’ (у выніку мены значэння паводле назірання за жывёламі, якіх гадуюць у няволі: яны страчваюць свае прыродныя рысы і становяцца нібы “атупелымі” — Махэк₂, 452), ст.-слав.питѣти, пазней питати ’насычаць, карміць’, якое параўноўваюць з літ.piẽtūs ’абед’, pietáuti ’абедаць, перакусваць’, ст.-інд.pitú‑(m) ’ежа’, авест.pitu‑ ’тс’, piϑwā ’тс’, ’частка ежы’, і.-е.*poi̯‑, *pi‑ (гл. пе́ставаць; пір, піць). (Покарны, 833; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 44).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саба́чы, прым. ад сабака1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачы — воўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стадо́ла ‘канюшня на заезным двары’, ‘вялікі хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘адрына’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ‘адрына; пуня’ (Скарбы), ‘вялікая пабудова’ (ТС, Ян.), стадо́ля ‘вялікае заезнае памяшканне’ (Шат.), стодо́л ‘адрына для малацьбы’, ‘частка адрыны, дзе малоцяць’ (Шушк.). Укр.стодо́ла, стодо́ля ‘клуня’, рус.стодо́ла ‘навес, хлеў, адрына’, польск.stodoła ‘гаспадарчы будынак для захоўвання сена, збожжа і пад.’, чэш.stodola ‘тс’. Запазычанне праз польскае і чэшскае пасрэдніцтва з ст.-в.-ням.stadal ‘хлеў, стойла’; гл. Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764; Брукнер, 516; Махэк₂, 578; Борысь, 578; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 339–340. У беларускай праз польск.stodoła (Карскі, Белорусы, 135; Кюнэ, Poln. 99); ст.-бел.стодола (стадола) ‘гасцініца, карчма, гумно’ (XVI ст.) з ст.-польск.stodoła.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 97.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сы́рамяць ’нядубленая скура, сырыца’ (ТСБМ), сырамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (ТСБМ, Бяльк.), сы́раметны ’скураны’ (Касп.), сы́рамяць, сы́рмець, сы́рміць ’сырыца’ (Сл. ПЗБ), су́рамяць ’тс’, сурамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (карэліц., Нар. лекс.), сырымыць, сыръмяць ’гужык у цэпе’ (кругл., маг., ДАБМ, камент., 829), су́рамятка ’раменная ці вяровачная частка пугі’ (стаўб., З нар. сл.), сурамя́ць, сурамя́зь ’сырамяць’ (Сл. ПЗБ), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ), сыро́мец ’вузкая палоска з нявырабленай скуры’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, сы́рамаць ’сырыя дровы’ (Мат. Гом.), сыромі́ть ’амаль дарма’: сыроміть оддала півня (кобр., Сл. Брэс.). Рус.сы́ромять ’сырыца’, сыромя́тный ’выраблены з сырыцы’. Да сыры і мяць (гл.), параўн. кажамя́ка (гл.) і адзначанае ў Даля (IV, 376) “кожа… выделанная очисткой и сильным мятьем”. Да значэння ’сырыя дровы’ параўн. сыромля ’тс’, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАКУ́,
горад, сталіца Азербайджана. Размешчаны на Пд Апшэронскага п-ва. 1757 тыс.ж. (1992). Чыг. вузел. Порт на Каспійскім м. Паромная пераправа Баку—Краснаводск. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1967). Нафта- і газаздабыўная (гл.Бакінскі нафтагазаносны раён), нафтаперапр., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, каўстычнай соды і інш.), машынабуд. і металаапр. (нафтавае абсталяванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і быт. машынабудаванне; судна-, вагона- і аўтарамонт), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая), харч.прам-сць. ДРЭС. АН Азербайджана. 13 ВНУ (у т. л.Азерб.ун-т). 6 тэатраў, 28 музеяў.
Упершыню ўпамінаецца як горад у 9—10 ст. Ужо тады ў Баку здабывалі нафту. З 2-й пал. 12 ст. рэзідэнцыя шырваншахаў, значны порт. У 1540 захоплены войскамі Сефевідаў дзяржавы, з канца 16 ст. пад уладай Турцыі, на пач. 17 ст. — Ірана. У час Персідскага паходу 1722—23 заняты рус. войскамі, у 1735 вернуты Ірану. З 1747 цэнтр Бакінскага ханства. У 1806 далучаны да Расіі. У 1918—20 у Азербайджане, у т. л. ў Баку, ішла жорсткая барацьба за ўладу (гл.Бакінская камуна, Бакінскія камісары, Цэнтракаспій і інш.). З 1920 сталіца Азербайджана.
Стараж.частка Баку з вузкімі вулачкамі ў 12 ст. была абнесена сценамі з ровам; на яе тэр. — мінарэт Сынык-Кала (1078—79), Дзявочая вежа, Шырваншахаў палац, мінарэт Джума-мячэці (14 ст.) і інш. У Бакінскай бухце — затоплены замак шырваншахаў (1235), захаваўся манум. фрыз з надпісамі, стылізаванымі выявамі людзей, жывёл, фантаст. істот. У 1810 вакол стараж. часткі пачалася рэгулярная забудова. Будынкі 2-й пал. 19 ст. маюць эклектычны характар. У 1950—80 рэканструяваны стараж. раёны, сфарміраваны новы цэнтр горада і плошчы, пабудаваны Дом урада (1952), комплекс будынкаў Акадэміі навук (1951—66), цырк (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978), Палац радасці «Гюлістан» (1980), паштамт (1982), станцыі метрапалітэна і інш. Помнікі Нізамі, Фізулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),
унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс.км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб.глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.
У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м.Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.