дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬЦЬЕ́ З’Я́ВАПельцье эфект,
вылучэнне (паглынанне) цеплыні пры праходжанні пастаяннага эл. току праз кантакт (спай) двух розных праваднікоў ці паўправаднікоў: Адкрыты франц. фізікам і метэаролагам Ж.Пельцье (1834). П.з. адваротная Зеебека з’яве.
Вылучэнне цеплыні змяняецца паглынаннем пры змене напрамку току. Колькасць вылучанай (паглынутай) цеплыні за часt прапарцыянальная сіле току I, што праходзіць праз спай: Q = ПIt, дзе П — каэфіцыент Пельцье, залежны ад рэчыва праваднікоў (найб. у паўправаднікоў) і т-ры. П.з. выкарыстоўваецца для стварэння ахаладжальных і награвальных паўправадніковых прылад. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕФО́НА, Кора,
ў старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКЛАСТЫ́ЧНЫЯ ПАРО́ДЫ, піракласты (ад грэч. pyr агонь + klaō ламлю, разбіваю),
абломкавыя горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку намнажэння выкінутага з жарала або асаджанага з вогненных хмар і лавін абломкавага матэрыялу (вулканічныя брэкчыі, туфы і інш.) у час вывяржэння вулканаў. Да П.п. адносяцца таксама адклады, якія ўтвараюцца пры зацвярдзенні гразевых патокаў, што суправаджаюць вулканічныя вывяржэнні. Пасля адкладання П.п. спякаюцца ці падвяргаюцца дыягенезу. На Беларусі П.п. ёсць у складзе вендскай (ратайчыцкая світа, базальтавыя туфы і інш.) і верхнедэвонскай (шчолачна-трахітавыя і трахітабазальтавыя туфы і інш.) вулканічных фармацыях платформавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЭ́І, Платэя (Plataiai, Plataia),
старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў часгрэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),
паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.
Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1672—1864 у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. віленскім канонікам Т.Гірскім. Першапачаткова касцёл і жылы корпус былі драўляныя і, як заўважыў дамініканскі гісторык Р.Шымак (1755), «увесь вельмі прыгожы». У 1774 закладзены мураваны касцёл Маці Божай, аднак асн.буд-ва вялося ў 1801—04, таму познабарочная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай атрымала класіцыстычны фасад. У 1781—1804 пабудаваны мураваны жылы корпус. Пасля скасавання кляштара касцёл дзейнічаў як парафіяльны, разбураны ў часВял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (ПНК),
польскі ўрад у эміграцыі ў час 1-й сусв. вайны. Створаны 15.8.1917 у г. Лазана (Швейцарыя) групай польскіх эмігрантаў. Складаўся пераважна з чл. Нац.-дэмакр. партыі і некат. інш. партый. Старшыня — Р.С.Дмоўскі. Імкнуўся стварыць з дапамогай дзяржаў Антанты незалежную польскую дзяржаву. У вер.—ліст. 1917 прызнаны Францыяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй і ЗША. Пачаў стварэнне польскага войска ў Зах. Еўропе. У пач. 1919 дамовіўся з прыхільнікамі Ю.К.Пілсудскага пра стварэнне кааліцыйнага ўрада Польшчы на чале з чл. ПНК І.Падарэўскім. Распушчаны ў жн. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т, праектар,
оптыкамеханічная прылада для праектавання з павелічэннем на экран відарысаў плоскіх арыгіналаў; чарцяжоў, рысункаў, фотакопій і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя.
П.а. для праектавання празрыстых арыгіналаў наз.дыяскопамі, непразрыстых арыгіналаў у адбітым святле — эпіскопамі, празрыстых і непразрыстых — эпідыяскопамі. Аптычная частка П.а. складаецца з асвятляльнай сістэмы (крыніцы святла і кандэнсара) і праекцыйнага аб’ектыва. Мех. частка служыць для размяшчэння арыгінала адносна аптычнай часткі, яго змены і інш. Выкарыстоўваюць у кінематаграфіі, чарцёжнай справе, у час лекцый, дакладаў і інш.Гл. таксама Кінапраекцыйны апарат, Фатаграфічны павелічальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),
у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.