ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ВАРВА́РЫНСКІ МАНАСТЫ́Р,
жаночы манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 16—19 ст. Вядомы паводле пісьмовых крыніц з 1520, калі кн. Фёдар Яраславіч з жонкай адпісалі яму вёскі Высокае, Гальцы, Дубай, Ласіцк, двор Піскалаўшчына ў в. Асобавічы. Аднак, верагодна, манастыр першапачаткова засн. ў Тураве ў часы ўдзельнага княства і быў пераведзены ў Пінск у 15—16 ст. У 16—18 ст. ігуменні паходзілі з вядомых родаў — Валовічаў, Велятыцкіх, Войнаў, Ордаў, Пачапаўскіх, Сапегаў, Трызнаў, Шырмаў. Пры ігуменні Ефрасінні Трызне (канец 16 — пач. 17 ст.) манастыр стаў уніяцкім, ігумення набыла вёскі Завідчыцы і Жытнавічы; манастыру належалі 32 валокі зямлі і 732 душы, 23 пляцы ў Пінску і 2 у Слуцку. ПасляПолацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў стаў праваслаўны. У 1842 дзяржава пакінула яму 147 дзес. зямлі і 100 сялян, з казны была прызначана гадавая пенсія 1455 руб., графіня Г.Арлова запісала манастыру 10 тыс.руб. серабром. У той час жыло 9—14 манашак, мелася вучылішча для дачок дваран і святароў (навучалі чытанню, пісьму, рукадзеллю). Будынкі былі драўляныя. У 1858—75 манастыр размяшчаўся ў арх. комплексе б.Пінскага касцёла і кляштара бернардзінцаў, потым пераведзены ў Мінск. У 1993 дзейнасць манастыра адноўлена ў Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЙ ЕЗУІ́ЦКАЙ АКАДЭ́МП БІБЛІЯТЭ́КА Існавала з канца 16 ст. да 1820. Засн. пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Складалася з гал., навук. і польск. б-к. У 19 ст. найбагацейшы кнігазбор Беларусі (у 1811 — каля 40 тыс. тамоў). Захоўвала каралеўскія граматы (прывілеі), стараж. рукапісы і інш. дакументы, каля 90 біблій 16—17 ст. Аснову кніжнага фонду складалі выданні 16—18 ст. на польск., лац., франц., ням. мовах, у т. л. працы Арыстоцеля (Гайдэльберг, 1562), Эразма Ратэрдамскага (Амстэрдам, 1682); л-ра, выдадзеная на Беларусі, у т. л. лекцыі Ф.Пракаповіча (Магілёў, 1786), выданні Полацкай езуіцкай акадэміі па маст. рыторыцы (1788, 1816), яе «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), дысертацыя філосафа А.Доўгірда, дапаможнікі па прыродазнаўстве. Пасля закрыцця акадэміі кнігазбор перададзены манаскаму ордэну піяраў. У 1830, калі піяры былі пераведзены з Полацка ў Вільню, кнігазборы часткамі перададзены б-цы Полацкага кадэцкага корпуса (2080 кніг па дакладных навуках; у 1915 вывезены ў Сімбірск). Публічнай б-цы ў Пецярбургу перададзена 389 старадрукаў, б-кам бел. гімназій — 10 тыс. тамоў. Значную частку фондаў атрымала б-ка Віцебскай духоўнай семінарыі, якая ў 1900 перадала яе б-цы Кіеўскай духоўнай акадэміі (у камісію для перадачы ўваходзілі М.Я.Нікіфароўскі, Дз.А.Даўгяла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Biblioteka Narodowa) у Варшаве, адна з буйнейшых бібліятэк Польшчы; навук. цэнтр па гісторыі кнігі і б-к, кнігазнаўстве. Засн. 24.2.1928. Стварэнне б-кі пачалося ў 1919. Асновай фондаў сталі б-кі, вернутыя з Сав. Расіі пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 (б-ка Залускіх, інш. варшаўскія б-кі), кнігазборы, створаныя палякамі ў эміграцыі (Францыя, Швейцарыя). З 1927 б-ка атрымлівае абавязковы экзэмпляр. З 1954 мае статус НДІ. У 2-ю сусв. вайну каля 300 тыс. адзінак захавання знішчана. Асн. фонд 7 млн.экз. (2001), сярод якіх рукапісы (23 тыс.), старадрукі (153,6 тыс.), іканаграфія (370,7 тыс.), выданні 19—20 ст., карты, ноты, графічныя лісты, гуказапісы і інш. Мае вял. калекцыю бел. рукапісаў і выданняў. У складзе б-кі: Бібліягр.ін-т (з 1928), які вядзе статыстыку друку, дзярж.бібліягр. бягучую і рэтраспектыўную рэгістрацыю друк. выданняў, у т. л. штотыднёвік «Pszewodnik bibliograficzny» («Даведнік бібліяграфічны»), штомесячнік «Bibliografia zawartości czasopism» («Бібліяграфія зместу часопісаў»); Ін-т кнігі і чытання (з 1955; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, сацыялогіі кнігі і чытання). Выдае часопісы, зб-кінавук. прац, манаграфіі, бібліягр. паказальнікі, каталогі выставак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗАРЫ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:
Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян ў 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.
Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.
На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.
Літ.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.
заканамернае спалучэнне прыродных геагр. кампанентаў, якія ўтвараюць цэласную матэрыяльную геасістэму; адно з асн. паняццяў фізічнай геаграфіі. Тэрмін прапанаваны сав. географам М.А.Сонцавым у 1950-я г. Асобныя кампаненты і комплексы ніжэйшага рангу (участак зямной кары з уласцівымі яму рэльефам, глебамі, паверхневымі і падземнымі водамі, расліннасцю, жывёльным светам, прыземным слоем паветра), у межах П.т.к. развіваюцца як часткі цэлага. Іх узаемасувязі выяўляюцца ў абмене рэчывам і энергіяй. Змена аднаго кампанента часта выклікае перабудову ўсяго П.т.к. У той жа час П.т.к. валодаюць пэўнай устойлівасцю, маюць тэндэнцыю ўзнаўлення пасля іх парушэння знешнімі агентамі, у т. л. і ўздзеяннем чалавека. Адносяцца да розных узроўняў (рангаў); да планетарнага (геаграфічная абалонка), рэгіянальнага (ландшафтная правінцыя, зона, асобны ландшафт геаграфічны), тапалагічнага (мясцовасць, урочышча, фацыя). П.т.к. рэгіянальнага і тапалагічнага ўзроўняў — структурныя ч.геагр. абалонкі, вынік працэсу яе дыферэнцыяцыі; і наадварот, П.т.к. вышэйшых рангаў з’яўляюцца адлюстраваннем інтэграцыі комплексаў ніжэйшых рангаў. У агульнай грамадскай дзейнасці П.т.к. разглядаецца як сістэма, якая мае ўласцівасць узнаўлення прыроднага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, і захоўвае генетычны фонд, з’яўляецца гал. аб’ектам рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ландшафтазнаўства, Ландшафтнае раянаванне, Ландшафтны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧЫНЫ,
дзекабрысты, браты, н. ў Маскве. Іван Іванавіч П. (15.5.1798—15.4.1859). Вучыўся ў Царскасельскім ліцэі разам з А.С.Пушкіным. З 1817 афіцэр гвардз. коннай артылерыі. З 1823 у адстаўцы. Са снеж. 1823 суддзя Маскоўскага надворнага суда. Чл. «Свяшчэннай арцелі» (1816—17), «Саюза выратавання» (з 1817), «Саюза дабрабыту» (з 1818). У 1823 стварыў Пецярбургскую, у 1825 Маскоўскую ўправы Паўн.т-ва дзекабрыстаў. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання на Сенацкай плошчы. 16.12.1825 арыштаваны, асуджаны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененай 20-гадовай катаргай. З 1839 на пасяленні. Пасля амністыі 1856 у Падмаскоўі. Аўтар «Запісак пра Пушкіна».
Міхаіл Іванавіч П. (1800—25.5.1869). У 1816 скончыў 1-ы кадэцкі корпус. У 1819—24 капітан, камандзір коннага эскадрона Сямёнаўскага корпуса. 15.12.1825 арыштаваны, прыгавораны Вярх. судом да пазбаўлення чына і дваранства, разжалаваны ў радавыя. З 1835 у адстаўцы, жыў у маёнтку Парычы Бабруйскага пав. (цяпер г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.). У 1857 паводле рашэння рас. Сената П. вернуты ранейшы чын. У 1865 пажалаваны ў ген.-маёры і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Аўтар успамінаў «Сустрэча з Пушкіным за Каўказам».
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,
згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл.Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.
Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс. за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),
князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын Рагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн.Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн.Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;