БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГРЫ,

адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I

заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛЕ́ ((Varlet) Жан Франсуа) (14.7.1764, Парыж — каля 1832),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́Н,

рака на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, левы прыток Обі. Даўж. 1082 км, пл. бас. 61,8 тыс. км². Пачынаецца з балот Васюгання, цячэ па Васюганскай раўніне. Упадае некалькімі рукавамі (за вусце прыняты рукаў за 11 км ніжэй ад пас. Каргасок). Асн. прыток — Чыжапка (справа). Ледастаў з ліст. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Наўнак 345 м³/с. У бас. Васюгана больш за 49 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 886 км ад вусця.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧЫЦА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 10 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 69,8 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на Пн і ПнУ 5—7 м), на ПнЗ невыразныя, парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Зарастае падводнай расліннасцю. Праз возера цячэ р. Ідута.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛАНО́ВА (Villanova),

культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЕ́Ц,

магістральны меліярацыйны канал у Пружанскім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Ясельда (бас. Прыпяці). Дзейнічае з 1905. Даўж. 50 км. Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Росахі Пружанскага р-на, праходзіць па зах. частцы Прыпяцкага Палесся, упадае справа ў Ясельду каля в. Перасудавічы Бярозаўскага р-на, за 145 км ад яе вусця. Асн. прытокі — каналы Задваранскі, Ястрабельскі (справа), Давыдавіцкі, Чарнічны, Залужжаўскі і інш. У пойме канала наліўныя сажалкі. Гідралагічны пост Рыгалі.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛІЦЭ́НУС ((Wislicenus) Іаганес) (24.6.1835, Кляйнехштат, каля г. Кверфурт, Германія — 5.12.1902),

нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ва ун-тах Цюрыха і Гале. З 1861 выкладаў у Цюрыху, Вюрцбургу, Лейпцыгу (з 1867 праф.). Навук. працы па тэорыі хім. будовы і ізамерыі арган. злучэнняў. Выказаў меркаванне, што малочная і мяса-малочная к-ты з’яўляюцца прасторавымі ізамерамі (1869). На падставе гэтага Я.Х. вант Гоф стварыў стэрэахім. тэорыю. Паказаў існаванне геам. (цыс-, транс-) ізамераў на прыкладзе малеінавай і фумаравай к-т (1887).

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШАДСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 20 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,45 км², даўж. 1,64 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 4,7 км. Пл. вадазбору 168 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, стромкія, на ПнЗ спадзістыя, парослыя лесам і хмызняком. 2 плёсы — глыбакаводны паўн. са стромкай літараллю і мелкаводны паўднёвы. Паласа надводнай расліннасці шыр. 5—30 м.

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНКА,

гарадзішча 2—5 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка ўмацавана валам, абарончай драўлянай сцяной (за час існавання тройчы аднаўлялася пасля пажараў), з паўн.-зах. боку — ровам. У 2 будаўнічых гарызонтах выяўлены ямы-паграбы і рэшткі драўляных жытлаў: у ніжнім — вял. 3-камернага з падковападобным агнішчам, у верхнім — верагодна, жытлаў слупавой канструкцыі.

Знойдзены фрагменты глянцаванага і падглянцаванага посуду, рабрыстых і слоікападобных пасудзін, жал. прылады працы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)