ІХТЫЯФТЫ́РЫУС (Ichthyophthirus multifiliis),

раснічная інфузорыя атр. плеўкаротых. Узбуджальнік хваробы рыб іхтыяфтырыёзу.

Заражае рыбу ў выглядзе дробных (20—30 мкм у дыям.) «бадзяжак», якія свабодна плаваюць і прымацоўваюцца да скуры, плаўнікоў, шчэлепаў рыб, актыўна ўкараняюцца ў тканкі, хутка растуць, дасягаюць 0,5—1 мм у дыям. (рыба як бы абсыпана маннымі крупамі). Спелы І. выходзіць у ваду, ператвараецца ў цысту, якая дзеліцца шмат разоў на «бадзяжкі» і заражае новых гаспадароў. Можа выклікаць масавую гібель рыб (у т. л. акварыумных).

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́ГА (Huso dauricus),

рыба роду бялуг сям. асятровых. Пашырана на Д. Усходзе, у бас. Амура. 2 формы: паўпрахадная (на нераст заходзіць у Амур) і рачная (пастаянна жыве ў Амуры). Трапляецца таксама ў азёрах.

Даўж. да 5,6 м (часцей 1,5—2,5 м), маса да 1000 кг (звычайна 50—100 кг). Рот вял., паўмесяцавы. Ікра буйная, да 4 мм у дыяметры. Маляўкі кормяцца бентасам, дарослыя — рыбай. Жыве да 55 гадоў. Колькасць падтрымліваецца штучным развядзеннем. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦЫ-РЫ́БЫ (Molidae),

сямейства рыб атр. іголкабрухападобных. 3 роды (Masturus, Mola, Ranzania), 4 віды. Жывуць пераважна ў трапічных і субтрапічных водах адкрытага акіяна. Маларухомыя.

Даўж. да 3 м і больш, маса да 1,4 т. Цела высокае, сціснутае з бакоў, без хваста; нагадвае дыск месяца (адсюль назва). Функцыю хваста выконваюць заднія ч. спіннога і анальнага плаўнікоў. Скура тоўстая, эластычная, з касцянымі бугаркамі або пласцінкамі. Зубы злітыя ў пласціны. Кормяцца ракападобнымі, кальмарамі, дробнай рыбай і інш.

Месяц-рыба.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МУЛЬ (Coregonus autumnalis),

прахадная рыба роду сігаў сям. ласасёвых. Пашыраны ў бас. Паўн. Ледавітага акіяна (акрамя р. Об). У воз. Байкал — эндэмічны азёрна-рачны падвід О. байкальскі (C.a. migratorius), які мае 3 расы: ангарскую, селенгінскую і чывыркуйскую (па назвах рэк).

Даўж. да 64 см, маса да 3 кг (у О. байкальскага даўж. да 45 см, маса да 1,5 кг). Корміцца ракападобнымі, інш. беспазваночнымі, маляўкамі і ікрой рыб. Аб’ект промыслу і развядзення.

Омуль: 1 — прахадны; 2 — байкальскі.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КША (Melanogrammus aeglefinus),

рыба сям. трасковых. Адзіны від роду. Пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак., найб. у Паўночным м. (каля в-ва Ісландыя), у паўн. ч. Баранцава м., на Ньюфаўндлендскай банцы. Жыве каля дна, трымаецца чародамі. Робіць кармавыя і нерастовыя міграцыі.

Даўж. да 1 м (звычайна 50—75 см), маса да 19 кг. Корміцца бентасам, часам рыбай, ікрой селядцоў і мойвы. Ікра пелагічная. Маляўкі жывуць у тоўшчы валы, хаваюцца ад драпежнікаў пад купаламі медуз. Аб’ект промыслу.

Пікша.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

быстра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Невялікая прэснаводная рыба сямейства карпавых. У Нёман праніклі такія рыбы, як галавень, жэрах, подуст, пячкур, марона, быстранка, рыбец, гарчак і інш. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лінь 1, ‑я, м.

Прэснаводная рыба сямейства карпавых. У маленькіх начоўках ляжалі два ладныя язі і залацісты, тоўсты лінь. Ваданосаў.

лінь 2, ‑я, м.

У марской справе — вельмі моцны тонкі канат.

[Гал. lijn.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паштэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.

Страва з мясных, рыбных або іншых прадуктаў, працёртых да пастападобнага стану. Пячоначны паштэт. □ На стале была чырвоная ікра, заліўная курыца, паштэт, адмыслова ўпрыгожаная смажаная рыба. Арабей.

[Ням. Pastete.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нечнік, ‑а, м.

1. Марская рыба атрада рыб, блізкіх да акунёвых, з плоскім целам і двайным спінным плаўніком.

2. Прасцейшая жывёліна з шарападобным целам, ад якога адыходзяць, як прамяні, ніткападобныя адросткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спагада́нне, ‑я, н.

Тое, што і спагада. Пан не мае спагадання, Што трэба жыць з сям’ёй на свеце, Што ты, як рыба тая ў сеці, Не маеш волі, ні разгону. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)