нэ́ндза, ‑ы.
Разм.
1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.
2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.
3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.
[Польск. nędza.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго.
Пакарміць чым‑н. смачным, пачаставаць ласункамі. Паласаваць дзяцей цукеркамі. □ Тэкля заўсёды песціла .. [карову], як малое дзіця, наровячы напаіць цёпленькай вадзічкай, падкінуць лепшы ахапак сена, паласаваць бурачкамі ці добра завараным пойлам. Няхай.
паласава́ць, ‑су́ю, ‑су́еш, ‑су́е; незак., каго-што.
1. Спец. Рэзаць на палосы. Паласаваць жалеза.
2. Разм. Удараць, біць чым‑н., пакідаючы на целе сляды ў выглядзе палос. Раптам Сомік скочыў, схапіў.. [жанчыну] леваю рукою за хустку разам з валасамі і пачаў паласаваць плёткай. Крапіва. Цяпер дзядзька стаяў на падводзе, трымаў у руках лейцы і лейцамі ўвесь час паласаваў каня. Васілеўская.
3. перан. Разм. Бліскаць паласой агню, святла. Усё часцей і часцей паласавалі неба агнявыя маланкі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памі́ма, прыназ. з Р.
Разм. Спалучэнне з прыназоўнікам «паміма» выражае аб’ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без ўдзелу якіх ці незалежна ад якіх што‑н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго‑, што‑н. пад увагу. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго. Чорны. Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны — нешта нязвычнае, новае. Бядуля. І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахі́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які пахіліўся, нагнуўся. Сеў Музыка каля броду, Пад бярозаю пахілай. Танк. Вера прыгадала даўняе дзяцінства. Пахілую вярбу над сажалкай, сцяну пахучага аеру. Асіпенка. // Які пакасіўся, нахіліўся. Алесь ідзе далей. І раптам паміж добрых хат зусім старэнькая, пахілая, разбітая шыба застаўлена фанерай, паваліліся вароты, бо згнілі шулы. Шамякін. Хата Івана Лобіка — крывабокая, пахілая — яшчэ да вайны была месцам шумных хлапечых зборышчаў. Навуменка.
2. Згорблены (пра чалавека). [Бабейка] сядзеў і дзівіўся, як бацька, зморшчаны і пахілы не па гадах стары.., запіхвае вялікімі кавалкамі ў рот [дранік], прагна і таропка глытае, запіваючы малаком. Хадкевіч.
3. Які паступова паніжаецца; пакаты. [Іван і Джулія] выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць светлым, святлейшым. Пад раніцу дождж перасціх. Край неба над вёскай Камчаны прасвятлеў. Шыловіч / у безас. ужыв. За акном сціх дождж, прасвятлела. М. Ткачоў.
2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. Твар чалавека раптам прасвятлеў, зрабіўся нават прыемны, і я заўважыў, як з нейкай асаблівай удзячнасцю паглядзеў чалавек на жанчыну. Чыгрынаў. Усцін Тарасавіч прасвятлеў з твару, нейкае незвычайнае пачуццё нібы будзіла, нібы падымала яго. Марціновіч. Ледзь кранула. Пагукала... Не адказвае, маўчыць... Да самой яе прыпала, Прасвятлела: будзе жыць! Броўка. / у безас. ужыв. На душы прасвятлела.
3. перан. Стаць ясным, лагічным, нармальным (пра думкі, усведамленне і пад.). Думкі прасвятлелі. / у безас. ужыв. У галаве адразу прасвятлела. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́за, ‑а, н.
Разм.
1. Жывот чалавека або жывёліны. Умее .. [трактарыст] і на пузе поўзаць, і дагары паляжаць пад трактарам, калі спатрэбіцца. Ермаловіч. Ромка цаляе ў голае Петрыкава пуза вадою з конаўкі, не трапляе, і хлопчык аж заходзіцца ад вясёлага, дураслівага рогату. Місько. Лёд трэснуў, і ў чорнай палонцы паказалася белае пуза рыбіны. Ігнаценка. / у перан. ужыв. Шэрым пузам душаць хмары Поля нудныя абшары. Крапіва. З-пад белага, бліскучага пуза самалёта раптам папоўз чорны дым. Асіпенка.
2. пагард. Пра вялікі, тоўсты жывот у чалавека. Круглае пуза так далёка выдавалася ўперад, што пэўна пан не бачыў за ім сваіх кароценькіх ножак. Колас.
•••
Ад пуза — уволю, удосталь (наесціся, напіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разважа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Супастаўляючы падзеі, паняцці і пад., мысліць, рабіць вывады; меркаваць, лічыць. І раптам яны ўдвух, рэдактар і загадчык аддзела рэдакцыі, пачалі горача разважаць: хто аўтар? Хто б гэта мог напісаць такі нарыс? Грамовіч.
2. Выказваць свае думкі, меркаванні, гаварыць аб чым‑н. — Якая гаспадыня, такі і дом, — разважаў .. [Комлік], апетытна закусваючы. Карпаў. Мы разважалі пра зіму, якая яна будзе сёлета — ляжа ўжо ці пачакае, ці гэта яшчэ толькі зазімак. Ермаловіч. // (звычайна з адмоўем). Доўга і падрабязна абмяркоўваць што‑н. Стары расчуліўся да слёз, Не разважаў ён доўга, У світку ўхутаў і павёз Хутчэй дамоў малога. Смагаровіч.
разважа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разважыць 3.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саха́, ‑і, ДМ сасе; мн. сохі, сох; ж.
1. Прымітыўная драўляная сельскагаспадарчая прылада для ворыва. Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас. Сохі і драўляныя бараны пайшлі ў архіў. Чорны.
2. Гіст. Адзінка падатковага абкладання ў Расіі ў 13–17 стст.
3. Слуп з развілкай на канцы, які ўжываецца пры будаўніцтве чаго‑н. як апора. Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. Уся.. [клуня], разам з гэтымі шуламі, сохамі, кроквамі і латамі, і ўсе гаспадарскія прылады ў ёй зроблены рукамі дзеда Баўтрука. Колас.
4. Рогі лася. І раптам — [лось] сохі выкінуў свае. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. упоўз, упаўзла, ‑ло; зак.
1. Паўзучы, узлезці ўнутр чаго‑н. (аб паўзунах, насякомых). Змяя ўпаўзла ў нару. Жук упоўз у шчыліну.
2. Паўзком забрацца куды‑н. А старэйшы сын дык упоўз у хату на каленях, ледзьве цераз парог перабраўся. Чорны. // перан. Разм. З цяжкасцю, павольна ўвайсці куды‑н. У дзверы ўпоўз тоўсценькі, чырвоненькі, нібы пераспелая вішня, віцэ-прэзідэнт сталёвай кампаніі. Мікуліч.
3. перан. Разм. Закрасціся, пранікнуць (пра страх, трывогу, сумненне і пад.). І ва ўсё гэтае буянае свята раптам упаўзла трывога. Караткевіч. / у вобразным ужыв. І прыйшоў такі час, калі на падворак Гарася ўпаўзла цішыня, упаўзла і пасялілася на ім назаўсёды. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Наглядаючы, пільнуючы, усцерагчы ад каго‑, чаго‑н. У Сцешыцах так: калі вечарынка — гароды не ўпільнуеш. Пташнікаў. — Сёння.. [Вайтовіч] мяне біць будзе, што не ўпільнаваў кароў, — раптам загаварыў пра сваё гора Грыша. Пальчэўскі. // перан. Дагледзець, ахаваць (ад непрыемнасцей, шкоднага ўздзеяння). Схіліў перад.. [Марынай] галаву, гатовы пачуць крык мацярынскага болю, папрокі. Яна магла спытаць: чаму я не ўпільнаваў яе сыноў. Шамякін.
2. Усачыць, не ўпусціць з-пад увагі. [Хлопчыку] хацелася хоць раз упільнаваць, як буслы нясуць з-за лесу ў дзюбе сявеньку з дзіцем. С. Александровіч. [Клава:] — Калі ты выязджаў — я не ўпільнавала. Я хацела цябе правесці, ды прыйшоў гэтая назола — Ясь. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)