АЛЬБЕДАМЕ́ТР (ад альбеда + ...метр),

метэаралагічная прылада для вымярэння альбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.

Альбедаметр.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),

самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл. Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСЕЛЕРО́МЕТР (ад дэ... + лац. celero паскараю + ...метр),

прылада для вымярэння запавольвання руху машын і інш. трансп. сродкаў. Дзеянне заснавана на вызначэнні сіл інерцыі маятніка, па адхіленні якога вызначаюць запавольванне (тармазную сілу). Бываюць маятнікавыя, гідраўлічныя і электронныя, індыкатарныя і самазапісвальныя. Маятнікавыя Д. (з маятнікам, падвешаным на восі ў празрыстым корпусе) прымацоўваюцца прысоскамі да ветравога шкла або пярэдняй панэлі аўтамабіля.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕПТО́Д [ад грэч. hepta сем + (электр)од],

электравакуумная прылада, якая мае 7 электродаў: катод, анод і 5 сетак (кіравальная, сігнальная, 2 экранавальныя, антыдынатронная). У рэжыме змяшэння прыняты сігнал падаецца на сігнальную сетку, а сігнал ад дапаможнага генератара (гетэрадзіна) — на кіравальную. У рэжыме пераўтварэння гептод спалучае функцыі змяшальніка і лямпы гетэрадзіна. Выкарыстоўваецца ў змяшальніках і пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́ГРАФ (ад гігра... + ...граф),

прылада для бесперапыннага аўтам. запісу ваганняў адноснай вільготнасці паветра. Найб. пашыраны гігрограф на аснове валасянога гігрометра (яго адчувальным элементам служаць абястлушчаныя чалавечыя валасы або арган. плёнка). Паказчыкі вільготнасці запісваюцца на разлінаванай стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам. У залежнасці ад часу, за які абарачаецца барабан, гігрографы бываюць сутачныя і тыднёвыя.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОТ (галанд. lood),

навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручны Л. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічны Л. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІМЕ́ТР (ад мінімум + ...метр),

рычажная стрэлачная прылада для вымярэнняў адносным кантактным спосабам лінейных памераў калібраў, дэталей машын і інш. вырабаў. Вымяральны стрыжань пры дапамозе рычагоў звязаны са стрэлкай, якая паказвае велічыню памеру на шкале. Межы вымярэння ад 20 да 600 мкм. Больш дасканалыя за М. — мікракатары.

Мініметр: 1 — вымяральны стрыжань; 2 — адводны рычаг; 3 — паказчыкі адхіленняў зададзеных памераў.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮКСМЕ́ТР (ад лац. lux святло + ...метр),

прылада для вымярэння асветленасці, адзін з відаў фатометраў. Бываюць фотаэл. і візуальныя.

Фотаэл. Л. складаецца з фотаэлемента і мікраамперметра (гальванометра), праградуіраванага ў люксах. Візуальны Л. заснаваны на ўраўноўванні з візуальным кантролем яркасці двух сумежных палёў, асветленасць аднаго з якіх вымяраецца, а другога вядома і ўзнаўляецца з дапамогай унутр. крыніцы святла.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інструме́нт

(лац. mstrumentun)

1) прылада для выканання якой-н. работы, а таксама сукупнасць такіх прылад (напр. слясарны і., хірургічны і.);

2) музычная прылада (напр. духавы і., струнны і.);

3) перан. сродак для дасягнення чаго-н. (напр. і. пазнання).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВА́ГІ,

прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.

Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл. Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).

П.​А.​Пупкевіч.

Вагі: а — аўтамабільныя; б — электрамеханічныя канвеерныя; 1 — узмацняльнік; 2 — сілавымяральнік; 3 — рама грузапрымальнага прыстасавання; 4 — ролікавыя апоры; 5 — стужачны транспарцёр; 6 — датчык тахометра; 7 — электронны блок.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)