няба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пагас, ‑ла і пагаснуў, ‑нула; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць, свяціцца; затухнуць. Ліхтар пагас. Пагасла святло. □ Выгарала датла і пагасла вогнішча. Бажко. // Перастаць адлюстроўваць, адбіваць. Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы. Шамякін.

2. перан. Страціць бляск, жвавасць (пра вочы, позірк і пад.). Позірк пагас. □ «Грозныя» аганькі ў Маніных вачах пагаслі. Пестрак. // Страціць настрой, стаць абыякавым. Вейкі ў Лёдзі ўздрыгнулі, і яна быццам пагасла. Карпаў.

3. перан. Знікнуць; аслабець. Не, не пагасне ніколі — Ленінскай праўды святло. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднаці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., на каго-што.

Разм.

1. Націснуць мацней. Паднаціснуць на дзверы. □ — Паднаціснем, таварыш Андрэй, — час ад часу пагукваў Сава, і яго вялікія каравыя рукі сціскалі мокры кол, а твар чырванеў ад натугі. Пестрак.

2. перан. Прымусіць да якога‑н. дзеяння. [Бандарэнка:] — Бывала, трэба нам план выціснуць, сабяром сход, пагаворым, паднаціснем — і гатоў план. Асіпенка.

3. перан. Узяцца за якую‑н. работу з большым стараннем. — Выходзіць, побач з намі працуе брыгада камуністычнай працы, — кажа Юрка. — Трэба нам паднаціснуць, каб не адстаць. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Перакласці, перамясціць які‑н. груз у другое месца. Перагрузіць збожжа з машын у вагоны.

2. Пагрузіць, загрузіць грузам, паклажай звыш нормы, меры, больш, чым трэба. Перагрузіць машыну. Перагрузіць воз. // перан. Празмерна пагрузіць якой‑н. працай. Перагрузіць вучняў дамашнімі заданнямі. // перан. Загрувасціць што‑н. вялікай колькасцю чаго‑н. Перагрузіць лекцыю фактычным матэрыялам. Перагрузіць сюжэт апавядання лішнімі эпізодамі.

3. Пагрузіць што‑н. іначай, па-новаму. Перагрузіць паклажу шчыльней.

4. Пагрузіць усё, многае. — Колькі я перагрузіў ужо гэтага лесу? — уздыхнуў Санкоўскі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарэ́х, ‑а, м.

1. Разадранае ці разрэзанае месца ў адзенні; дзірка. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот. Колас. // Адтуліна, дзірка ў чым‑н. Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе, праз якія відно было, як дрыжэлі зоры на сінім пагодным небе. Пестрак. // перан. Недахоп, недагляд. — Непаладак і прарэхаў у рабоце ў нас яшчэ шмат, — прамовіў .. [Дубовік] з неахвотай. Сіўцоў. [Сакратар:] — Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шамякін.

2. Пярэдні разрэз у штанах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’я́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Выклікаць у кім‑н. моцнае раздражненне, злосць; раз’юшыць. — Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла кветачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Шамякін. Канцавенькага гэта яшчэ больш раз’ятрыла: — От чаму гэтае гумно з хутара не зносяць!.. Арочка.

2. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; растрывожыць, развярэдзіць. Раз’ятрыць рану. // перан. Прычыніць маральныя пакуты. У хатах людзі пабойваліся ўспамінаць пра гэты страшны выпадак, каб не раз’ятрыць сваіх сэрцаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў прытомнасць. Дзверцы кабіны былі расчынены, дробненька ўздрыгваў капот, а на сядзенні ляжаў самлелы вадзіцель. Нядзведскі.

2. Здранцвелы, сшэрхлы. У наплыўшых кроўю вачах агонь пагас, і самлелы язык не мог больш вымавіць ні слова. Пестрак. / у вобразным ужыв. І чаплялася сена на голле самлелых бяроз. Вялюгін.

3. Знясілены працаю, спёкай і пад. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Колас. Сеў [хлопец] за кнігу, — не бачыць літар: вее полымем ад яе. І рукою самлелай выцер губы высахшыя свае. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рбнік, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі — хавальнік дзяржаўнага скарбу. // Уст. Манах, які загадваў гаспадаркай у мужчынскім манастыры. [Ёган:] Грошы, Што я даваў на скупку вэксалёў, Вы аддасце ў кляштар скарбніку. Клімковіч. // Наогул пра асобу, якая загадвае якімі‑н. дзяржаўнымі або грамадскімі каштоўнасцямі. Андрэя абралі скарбнікам — збіраць і насіць камітэцкую казну. Пестрак. Два парабкі.. сядзелі ў пастарунку заарыштаванымі за падазрэнне ў нападзенні на скарбніка, які вёз грошы ў дывізійную касу. Чарот.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — кіраўнік казначэйства. Насваволілі .. [гусары] вышэй меры. П’яныя намагаліся патрабаваць сатысфакцыю ў губернскага скарбніка. Караткевіч.

[Польск. skarbnik.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які злёгку падтаў. Востра пахла .. гаркавай лазой і талым снегам. Лынькоў. А пад абед .. [дарогі] зноў станавіліся мяккія ад талага снегу. Пальчэўскі. // Які вызваліўся ад снегавога покрыва; які трошкі адтаў. Над садамі, над хатамі і талай зямлёй павісла густая вільготная цемра. Кулакоўскі. Дзе-нідзе на ўзгорках ужо вылазіць наверх свежая талая зямля. Пестрак.

2. Які ўтварыўся ад раставання снегу або лёду (пра ваду). Зух-певень,.. напіўшыся ўволю талай вады пад капяжом, пракрычыць сваё зычнае і радаснае ку-ка-рэ-ку. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.

Разм. Нечакана завыць, пачаць выць (пра жывёл). / Пра плач, крык чалавека. [Малады чалавек] адпіхнуў Косцю набок. — Я цябе зараз!.. — узвыў Шмыг, узняў угору кулак. Мыслівец. / Пра вецер, матор і пад. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў. Узвыў рухавік, і серабрысты знішчальнік камандзіра палка памчаўся на старт і з ходу пайшоў на ўзлёт. Алешка. // перан. Прыйсці ў стан адчаю, жаху. У павеце падпалена некалькі памешчыцкіх маёнткаў і асадніцкіх фальваркаў .. Памешчыкі .. узвылі. Дамагаліся ад стар[а]сты паслаць усе сілы, якія ёсць, на ратаванне маёнткаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)