дыме́ць, ‑міць; незак.

Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Кожны дзень зранку .. дыміць паравоза. Пестрак. Адзін танк стаяў нерухома і густа дымеў. Мележ. / у безас. ужыв. У майстэрні дымела з коміна. Гартны. // Вылучаць, выпускаць пару. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падка́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падказаць (у 1, 2 знач.).

2. Тое, што падказана. Пачуць падказ. □ Даўнія здымкі гартаю, што пацямнелі ад часу... Я кожны тут твар пазнаю без подпісу, без падказу. Лось. Гэта ж не жартачкі — навучыцца катацца на каньках так, як Эма! Без усякіх падказаў. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыблу́днік, ‑а, м.

Абл. Той, хто далучыўся да каго‑н., прыстаў, прыблудзіўся да якога‑н. месца. Усё ўскладнялася яшчэ і тым, што ў гэтыя ж балотныя, пустэльныя мясціны трапілі некаторыя адшчапенцы з далёкіх брыгад і злучэнняў.. Амаль кожны з такіх прыблуднікаў жыў сам па сабе і дзейнічаў як хацеў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.

Даваць, дастаўляць каму‑н. ежу; карміць. Харчаваць усю сям’ю. □ Тут кожны быў другому друг, Тут харчавалі партызанаў, Тут раздавалі сотням рук Вінтоўкі, кольты і паганы. Таўбін. Калі нас так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цывіліза́цыя, ‑і, ж.

1. Узровень грамадскага развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры, дасягнуты якой‑н. грамадскай фармацыяй. Антычная цывілізацыя. Сучасная цывілізацыя. □ [Касовіч] хацеў адшукаць вытокі элінскай цывілізацыі. «Маладосць».

2. Культура, прагрэс, асвета. Кожны чацвёрты жыхар .. [Беларусі] заплаціў сваім жыццём за нашу перамогу [у Вялікай Айчыннай вайне], за выратаванне цывілізацыі. Бугаёў.

3. Спец. Ступень грамадскага развіцця, наступная пасля варварства.

[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,

комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец. сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГАРЫТМІЗА́ЦЫЯ ПРАЦЭ́САЎ,

апісанне працэсаў на мове матэм. сімвалаў з мэтай атрымання алгарытму (звычайна для рэалізацыі на ЭВМ). Кожны працэс разбіваюць на элементарныя акты (падпрацэсы), якія можна матэм. апісаць на аснове схем алгебры логікі, аўтаматаў тэорыі, выпадковых працэсаў, масавага абслугоўвання тэорыі і інш. Алгарытмізацыя працэсаў дае магчымасць праводзіць колькасныя і якасныя даследаванні працэсаў функцыянавання вял. сістэм, звязаныя з ацэнкай іх асн. уласцівасцяў (надзейнасці, эфектыўнасці і інш.).

Складаецца з папярэдняга аналізу задачы алгарытмізацыі і аб’екта даследавання; структурнага апісання даследвальнага працэсу; тэарэт. аналізу ўраўненняў сувязі паміж яго параметрамі; эксперым. вызначэння статычных і дынамічных параметраў; матэм. мадэлявання працэсу і выяўлення адпаведнасці мадэлі рэальнай сітуацыі; аналізу мадэлі і распрацоўкі рэкамендацый па яе ўдасканаленні; складання аптымальнага алгарытму на аснове распрацаваных рэкамендацый; праверкі і ўдакладнення алгарытму кіравання працэсам у вытв. мовах. Пры апрацоўцы вял. масіваў інфармацыі звычайна выкарыстоўваюць сродкі выліч. тэхнікі.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; у выпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.

Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),

іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.​Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.​Багун, В.​Вольскі, Т.​Кляшторны, М.​Танк і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1977.

Х.-К.​Папок.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.

Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)