ГОРНА-ХІМІЧНАЯ СЫРАВІНА.

Па прамысл. запасах калійных солей (каля 10 млрд. т) Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце. Радовішчы калійных солей стратыграфічна звязаны з фаменскай (верхні дэвон) саляноснай фармацыяй. Разведаны 3 асн. радовішчы: Старобінскае, Петрыкаўскае і Акцябрскае. На Старобінскім радовішчы развіты 4 гарызонты, з якіх 2-і і 3-і распрацоўваюць 4 рудаўпраўленні РУП ВА «Беларуськалій». Калійныя солі там сільвінітавыя чырвонакаляровыя, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя. У рудзе да 28% KCl, 5—9,5% нерастваральнага ў вадзе астатку, 0,15—0,3% MgCl2. Запасы калійных солей на 4 шахтавых палях па катэгорыях A + B + C1 2,6 млрд. т і па катэгорыі C2 600 млн. т. У 2002—03 пачата доследна-прамысл. распрацоўка гліністых сільвінітаў 1-га гарызонту і будаўніцтва новага Чырвонаслабодскага рудніка. На Петрыкаўскім радовішчы прамысл. 4-ы гарызонт, глыб. яго залягання 515—1200 м; калійныя солі (сільвініты) бледна-ружовыя і стракатакаляровыя з украпваннямі карналіту. Колькасць KCl дасягае 40%. Руды характарызуюцца адносна высокімі канцэнтрацыямі MgCl2 (1,5—4%) і нізкімі нерастваральнымі астаткамі (0,5—1,5%). Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 2,12 млрд. т. Акцябрскае радовішча папярэдне разведана ў 1993—97. Прамысл. калійныя гарызонты 0-8 і 0-9 складзены з чырвонакаляровых сільвінітаў, якія маюць KCl да 39%, MgCl2 0,12%, нерастваральны астатак 5% і больш. Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 637 млн. т, калійна-магніевых (карналіт) па катэгорыі C2 1,1 млрд. т.

У Прыпяцкім прагіне выяўлены шэраг рудных участкаў: Нежынскі — 5-е шахтавае поле з запасамі калійных солей па катэгорыі C1 1,86 млрд. т і C2 200 млн. т; Смолаўскі — 6-е шахтавае поле з запасамі па катэгорыі C1 900 млн. т і C2 900 млн. т; Капаткевіцкі, Жыткавіцкі, Драздоўскі і інш.

Каменная соль у Прыпяцкім прагіне выяўлена ў 2 саляносных фармацыях: ніжняй (верхнефранскай) і верхняй (сярэдне-верхнефаменскай). Магутнасць ніжняй фармацыі да 1,6 км, верхняй — да 3,5 км і больш, якія пашыраны на пл. больш за 26 тыс. км². Геал. запасы каменнай солі практычна невычарпальныя. Разведаны Давыдаўскае, Старобінскае і Мазырскае радовішчы з агульнымі запасамі больш за 22 млрд. т. Давыдаўскае радовішча (Светлагорскі р-н) мае магутнасць пластоў каменнай солі 2—70 м, з сярэдняй колькасцю NaCl 78,3—99,3%; прамысл. запасы больш за 20 млрд. т (зараз не выкарыстоўваюцца). На Старобінскім радовішчы выяўлена 6 пластоў каменнай солі магутнасцю 4,1—28,2 м і колькасцю NaCl больш за 98%, якія залягаюць на глыб. 361,5—844 м. Прамысл. запасы больш за 750 млн. т. З 1993 на 1-м шахтавым полі распрацоўваецца пласт каменнай солі ў падтоўшчы, ніжэйшай за 2-і калійны гарызонт, дзе штогод здабываецца 350—550 тыс. т (кухонная, кармавая, тэхнічная). Прамысл. запасы Мазырскага радовішча каля 600 млн. т NaCl. На яго базе працуе (з 1982) Мазырскі солевыварны камбінат па тэхналогіі, засн. на падземным растварэнні солі праз свідравіны і яе выпарванні з ачышчанага расолу. Штогадовая вытв-сць кухоннай солі «Палессе» да 360 тыс. т. У Прыпяцкім прагіне ёсць шэраг высокаперспектыўных участкаў (Шастовіцкі, Скрыгалаўскі, Паўд.-Капаткевіцкі, Акцябрскі, Амелькаўшчынскі і інш.) з прагнознымі рэсурсамі 1—6 млрд. т каменнай солі на кожным з іх.

У Беларусі вядомы 2 фасфарытаносныя басейны: Сожскі і Прыпяцкі. Сожскі басейн займае паўд.-ўсх. схіл Аршанскай упадзіны і распасціраецца паза межы рэспублікі ў Смаленскую вобл. Расіі. Фасфарытавыя руды стратыграфічна прымеркаваны да сенаманскага яруса верхняга мелу. Прадукцыйныя кварцава-глаўканітавыя пяскі, у іх ёсць жаўлакі фасфарытаў, пясчана-жаўлаковы матэрыял і зрэдку суцэльная фасфарытавая пліта. Папярэдне разведаны Мсціслаўскае (Мсціслаўскі р-н) і Лабковіцкае (Крычаўскі р-н) радовішчы фасфарытаў. Іх агульныя запасы па катэгорыях C1 + C2 больш за 400 млн. т. Глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Мсціслаўскім радовішчы 5,3—46,3 м, магутнасць у асноўным 1,1—1,8 м; на Лабковіцкім радовішчы адпаведна 20,5—40,8 м і 0,10—3 м. Колькасць P2O5 — 0,9—18,2% па свідравінах і 6—7,6% у падліковых блоках. Здабыча фасфарытавых руд магчыма кар’ерным, шахтавым спосабамі і метадам гідраздабычы праз свідравіны. Руды абодвух радовішчаў прыдатныя для вытв-сці фасфарытнай мукі. Прыпяцкі басейн размешчаны ў межах паўд. схілу Падляска-Брэсцкай упадзіны. Прадукцыйныя глініста-алеўрытавыя палеагенавыя адклады. У 1986—91 выяўлены Арэхаўскае (Драгічынскі р-н) і Прыгранічнае (Маларыцкі р-н) радовішчы. Прадукцыйныя пясчана-жаўлаковыя адклады змяшчаюць каля 39% фасфарытавых жаўлакоў. Запасы руды па катэгорыі C2 больш за 95 млн. т. Сярэдняя глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Арэхаўскім радовішчы 31,7 м. Магутнасць пластоў на абодвух радовішчах 1,58—1,8 м. У рудзе 4,4—9,9% P2O5 на Арэхаўскім, каля 6,43% на Прыгранічным радовішчах.

Э.​А.​Высоцкі.

Геалагічнае агаленне водна-ледавіковых адкладаў на беразе р. Нарач каля в. Папоўцы Вілейскага раёна.
Горная вырабатка (штрэк) на Старобінскім радовішчы калійных солей.
Старобінскае радовішча калійных солей. Вываз руды з горнай вырабаткі.
Кар’ер «Высокае» па здабычы мелу і мергелю для Беларускага цэментнага завода ў г. Касцюковічы

т. 18, кн. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 19 — ПАЧ 20 ст..

Новыя арх.-маст. погляды, што ахапілі Зах. Еўропу, на Беларусі набылі сваю спецыфіку. Пераход ад класіцызму да новых кірункаў у архітэктуры быў працяглы і складаны. Для 1860—90-х г. характэрна эклектыка з шырокім выкарыстаннем гістарызму — перайманнем гіст. стыляў мінулага (арх. І.​Бельтрашы, А.​Рандзівід, М.​Чаховіч, К.​Хршчановіч і інш.). Гатычныя формы, а часам і канструкцыі ўвасобіліся ў праектах загарадных сядзіб, культавых пабудоў: палац у Косаве (арх. Ф.​Яшчалд, У.​Марконі), касцёлы Троіцкі Залатагорскі (св. Роха) у Мінску, у вёсках Раўбічы Мінскага, Сар’я Верхнядзвінскага р-наў і інш. Эклектыка найбольшае развіццё атрымала ў малых гарадах і перыферыйных раёнах сярэдніх і буйных гарадоў. Яе прадстаўнікі арыентаваліся пераважна на стараж.-рус. архітэктуру (магілёўскія архітэктары У.​Мільяноўскі, І.​Вошчын, П.​Камбураў, М.​Міроненка, В.​Сазонаў, Я.​Торлін). Стылізатарства на тэмы рус. класіцызму характэрна для творчасці віцебскіх архітэктараў А.​Палонскага, А.​Ракава, А.​Кляменцьева. З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся т.зв. руска-візантыйскі стыль, які быў сац. заказам рас. улад, асвячоны аўтарытэтам правасл. царквы. Сярод яго ўзораў: цэрквы Казанскай Божай Маці (чыгуначная) у Мінску, Аляксандра Неўскага ў Гродне, Мікалаеўская ў Петрыкаве, Ільінская ў Бешанковічах, Крыжаўзвіжанскі сабор у Полацку, царква ў в.Мількаўшчына Гродзенскага р-на. Стыль найб. выявіўся ў работах арх. Д.​Грыма, У.​Коршыкава, М.​Прозарава. На мяжы 19 і 20 ст. развіваліся неаготыка, неакласіцызм, неарускі стыль і інш. Пераважная большасць касцёлаў з 1890-х г. будавалася ў неаготыцы (у вёсках Гервяты Астравецкага, г.п. Відзы Браслаўскага р-наў, г.п. Лагішын Пінскага р-на, гарадах Міёры, Паставы і інш.). Пабудовы ў неакласіцызме адметныя высокімі эстэт. вартасцямі: шэраг банкаўскіх устаноў у Гомелі, Баранавічах, Брэсце, даходных дамоў у Мінску (арх. С.​Гейдукевіч, Г.​Гай). У духу неабарока палац у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на (1908), Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на (1908—14). У 1910-я г. ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пашырыўся стыль мадэрн, які закранаў пераважна вонкавыя атрыбуты пэўнага стылю, што не вынікалі з агульнай аб’ёмна-прасторавай структуры пабудовы (творчасць В.​Вукалава, С.​Гейдукевіча, У.​Коршыкава, Ц.​Кібардзіна, М.​Прозарава і інш.). Прыхільнікі мадэрну адмаўлялі эклектызм і стылізатарства. Вядучая роля ў развіцці стылю належала О.​Краснапольскаму. Яго праграмай стала ўстанаўленне выразнай сувязі паміж формай і функцыяй (дом Кастравіцкай, на 1-м паверсе — упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі). У творчасці некаторых архітэктараў пераважаў чыста дэкар. пачатак (банк у Магілёве, арх. А.​Друкер, П.​Кальнін; гасцініца «Савой» у Гомелі, арх. С.​Шабунеўскі). Вылучаліся 2 шляхі канструктыўнасці мадэрну: праз засваенне арх. спадчыны готыкі (сядзіба ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на, арх. К.​Шрэтэр) і ранняга рус. сярэдневякоўя (пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, інж. К.​Тарасаў; мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на, арх. А.​Гаген). Ранні мадэрн (1890—1907) адметны дэманстратыўным адмаўленнем ад механічнага капіравання гіст. арх. форм. У гэты перыяд значныя зрухі адбыліся ў галіне сінтэзу архітэктуры і інш. відаў пластычных мастацтваў (капліцы-пахавальні Паскевічаў у Гомелі, Святаполк-Мірскіх у Міры), які спрыяў узнікненню творчых тандэмаў архітэктараў і скульптараў С.​Шабунеўскага і П.​Яцыны, Г.​Гая і Я.​Тышынскага і інш. На гэтым этапе адчувальны ўплыў эклектыкі з яе схільнасцю да дэкар. дэталей, самавызначаліся формы, плоскасці, лініі (пазямельна-сялянскі банк і дамы купца Касоўскага ў Гродне, Грошыкава ў Гомелі). Дэкор быў цесна звязаны з канструкцыяй (дзвярныя і аконныя абрамленні, металічныя рашоткі балконаў, лесвічных клетак, казыркоў уваходаў і інш.), у выглядзе рэльефнага арнаменту, мазаічнага ці жывапіснага пано (жылы дом Чалакаева ў Гродне, даходны дом у Магілёве, камерцыйны банк у Слоніме). На 2-м этапе (1907—17) адбывалася далейшае развіццё мадэрну. У 1910-я г. пад уплывам зах.-еўрап. (польскай) маст. культуры пашырыліся тэндэнцыі рацыяналістычнага кірунку. У паўн.-ўсх. раёнах (напр., у гарадах Віцебскай губ.) арх. традыцыі захоўвалі прыхільнасць да класіцызму, з прычыны таго, што большасць губ., гар. і епархіяльных архітэктараў былі выпускнікамі Пецярбургскай АМ (В.​Вукалаў, К.​Макер, Ц.​Кібардзін, Ф.​Фурман). Засваенне нац. архітэктуры адбывалася менш рэльефна. Ідэйна-маст. і светапоглядная канцэпцыя мінулага ў развіцці архітэктуры была прапанавана В.​Струевым, які ў 1898—1914 быў гал. архітэктарам Мінскай епархіі. Сярод яго работ: цэрквы Троіцкая ў в. Белавуша Столінскага (1905), у в. Хатава Стаўбцоўскага (1908) р-наў, Петрапаўлаўская ў г. Узда, на чыг. станцыі Гарадзея (абедзве 1910), Раства Багародзіцы ў в. Парэчча Пінскага р-на (1912), Нар. дом у Мінску (1912). Адной з рэгіянальных праяў у архітэктуры было выкарыстанне каменя-валуна (касцёлы ў вёсках Слабодка, 1903; Ліпнішкі, 1908, Браслаўскага р-на). Пазней цэлыя камяні ў буд. практыцы замянялі колатымі, прамежкі-швы паміж камянямі запаўнялі дробным друзам ці галькай. Такую тэхніку часта спалучалі з цаглянай муроўкай, гладкай ці фактурнай тынкоўкай, дасягаючы гэтым фактурнай разнастайнасці. Этапы маст. павеваў у бел. дойлідстве ад эклектыкі (гіст. рамантызму) праз мадэрн да рацыяналізму і канструктывізму прасочваюцца ў творчасці С.​Шабунеўскага (будынкі Т-ва с.-г. страхавання ў Мінску, жаночай гінекалагічнай бальніцы ў Гомелі).

т. 18, кн. 2, с. 643

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВА 1990 — пач. 2000-х гадоў.

Пра новы якасны ўзровень бел. маст. культуры пач. 1990-х г. сведчаць выключная дынаміка выставачнай дзейнасці, вострая палеміка паміж прадстаўнікамі розных кірункаў, пашырэнне міжнар. абмену ў галіне культуры і г.д. Больш яскравай стала дыферэнцыяцыя сац. функцый мастацтва, вызваленне яго ад празмерных ідэалагічных пут. Актыўна фарміраваліся новыя атрыбуты маст. асяроддзя, арганізоўваліся міжнар. пленэры, ствараліся нефармальныя творчыя аб’яднанні. Значна пашырыўся жанрава-відавы спектр выяўл. мастацтва. Акрамя класічных відаў мастацтва, трывалае месца на культурнай сцэне займаюць фотамастацтва, арт-дызайн, мастацтва акцый і інш. У творчых мэтах як сродак выказвання, які дапаўняе традыц. формы жывапісу, графікі скульптуры, выкарыстоўваюцца і новыя віды сродкаў масавай камунікацыі. Разам з тым пачалася хваля камерцыялізацыі ў мастацтве, пераарыентацыя стратэгіі і тактыкі груп мастакоў адносна форм уласнасці. Шэраг маст. тэндэнцый 2-й пал. 1990-х г. не з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх традыцый. Імкненне некат. мастакоў да хуткага фінансавага поспеху праз тэхналогіі камерцыйнай папулярызацыі, адсутнасць рычагоў уплыву з мастакоўскага боку і маст. крытыкі, адсутнасць стройнай навукова-абгрунтаванай праграмы развіцця новага этапу прафес. выяўл. мастацтва незалежнай краіны негатыўна ўплывалі на агульны ўзровень культуры. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. па ініцыятыве мастакоў і мастацтвазнаўцаў на арэндных і некамерцыйных пачатках у Мінску, Гродне, Віцебску адкрыліся маст. галерэі («Верхні горад», «У Пушкіна», «А.В.», «Nova», «VILNUS», «У майстра», «6 лінія», «Медэя» і інш.), якія адыгралі важную ролю ў сцвярджэнні новых для Беларусі відаў мастацтва. У 1998 у Мінску ўтвораны Музей сучаснага выяўл. мастацтва (дырэктар В.​Шаранговіч).

У 1990-я г. новае развіццё атрымаў станковы жывапіс. Яго адрознівае паглыбленая цікавасць да падкрэслена каларыстычных якасцей. Вял. рэзананс мелі выстаўкі твораў Л.​Шчамялёва, М.​Савіцкага, У.​Стальмашонка, С.​Кірушчанкі, А.​Марачкіна, З.​Літвінавай. Творча эксперыментуюць прадстаўнікі сярэдняга і маладога пакаленняў: В.​Альшэўскі, М.​Басаў, Р.​Вашкевіч, У.​Ганчарук, У.​Зінкевіч, С.​Каткова, У.​Кожух, А.​Ксяндзоў, Ю.​Піскун, С.​Рымашэўскі, У.​Тоўсцік, Л.​Хобатаў, В.​Шкаруба, Ф.​Янушкевіч і інш. Рэдка сустракаюцца вял. манум. размалёўкі (творы У.​Крываблоцкага і інш.), вялікафарматныя сюжэтна-тэматычныя карціны са складанай кампазіцыйнай структурай. У творах стаў больш пашыраным пейзажны жывапіс, узрасло захапленне дэкар. эфектамі, ідэалістычнымі матывамі. Асн. дасягненні ў скульптуры звязаны з творчым асэнсаваннем нац. гісторыі, што абумоўлена дынамікай працэсаў пабудовы незалежнай дзяржавы. Гіст. вобразы найперш адлюстраваны ў манум. пластыцы: помнікі А.​Міцкевічу ў Навагрудку (1992), Ф.​Скарыне ў Лідзе (1993), І.​Гашкевічу ў Астраўцы (1994), М.​Доўнар-Запольскаму ў Рэчыцы (1997) В.​Янушкевіча, кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (2000) А.​Дранца і інш. Адметнай пластычнай мовай вылучаюцца скульпт. творы В.​Борздага, І.​Засімовіча, М.​Інькова, В.​Копача, У.​Панцялеева, К.​Селіханава і інш. Г.​Буралкін, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, У.​Жбанаў, А.​Мятліцкі, У.​Слабодчыкаў, А.​Фінскі развіваюць традыц. кірункі сучаснай скульптуры. Захаванне традыцый акадэм. майстэрства застаецца пераважнай рысай для большасці скульптараў. Разам з тым аўтары імкнуцца пераасэнсоўваць вопыт папярэднікаў, зыходзячы з патрабаванняў новага часу. Яны эксперыментуюць з новымі матэрыяламі і тэхналогіямі. Больш увагі аддаецца пашырэнню вобразнай структуры твора праз выяўленне выразнасці сілуэта, яго знакавасці. Сярод прадстаўнікоў 2-й пал. 1980-х г., якія закладвалі падмурак графічнага мастацтва наступнага дзесяцігоддзя, — Л.​Алімаў, С.​Балянок, В.​Баранаў, М.​Барздыка, А.​Басалыга, М.​Будавей, А.​Вахрамееў, У.​Вішнеўскі, У.​Гладкевіч, У.​Лукашык, Р.​Сітніца і інш. У сярэдзіне 1990-х г. значна пашырыўся жанравы і тэхнічны спектры бел. станковай і кніжнай графікі (Ю.​Якавенка). Узмацніліся праявы сінкрэтызму выяўл. прыёмаў, узаемаўплыву відаў мастацтва і графічнага дызайну, фотаграфікі. Шырока ўжываецца калаж, змешаныя тэхнікі, пачынаюць выкарыстоўвацца магчымасці камп’ютэрнай графікі. У кніжнай графіцы праявілі сябе маладыя аўтары Ю.​Алісевіч, І.​Гардзіёнак, П.​Татарнікаў. Развіццё бел. маст. фатаграфіі 1990-х г. характарызуецца шматграннасцю жанравых форм, творчых метадаў, канцэптуальных падыходаў, тэхнічнай разнастайнасцю: творы А.​Адамчык, М.​Баразны, В.​Бараноўскага, В.​Ганчарэнкі, М.​Жылінскага, Я.​Казюлі, А.​Клешчука, В.​Лабко, Г.​Ліхтаровіча, Г.​Маскалёвай, У.​Парфянка, М.​Раманюка, Дз.​Раманюка, В.​Федарэнкі, П.​Цішкоўскага, В.​Шчукіна.

Міжнар. прызнанне атрымалі ў пач. 1990-х г. мастакі плаката С.​Войчанка, Т.​Гардашнікава, А.​Кітаева, Г.​Мацур, А.​Наважылаў, Дз.​Сурыновіч, Дз.​Сурскі, К.​Хацяноўскі, У.​Цэслер, А.​Шалюта, С.​Яўлампіеў і інш., творы якіх адлюстроўваюць трывалае майстэрства, пераканаўчасць і падкрэсленую выразнасць графікі, высокую культуру колеру і шрыфту, сувязь з традыцыямі.

У 1990-я г. сталі папулярнымі міжнар. маст. пленэры, у т. л. імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі, шагалаўскі, «Малевіч. УНОВІС. Сучаснасць» і інш., праводзяцца міжнар. выстаўкі, сумесныя маст. акцыі. Працэс падсумавання развіцця сусв. маст. культуры 20 ст. знайшоў увасабленне ў «Праекце стагоддзя» (1997—98) С.​Войчанкі і У.​Цэслера, які ўключаў 12 маст. аб’ектаў.

т. 18, кн. 2, с. 661

С.​Рымашэўскі. Чаша. 2002.
У.​Тоўсцік. Сон II. 1992.
К.​Селіханаў. Двое. 1994—95.
Ю.​Якавенка. Гадзіннік. 1999.
П.​Татарнікаў. Ілюстрацыя да кнігі «Царэўна ў падземным царстве». 1999.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),

тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс. чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш. Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.

Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.

Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сць тэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар. гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн. гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.

Ю.​В.​Ляшковіч, У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СК,

горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс. ж. (1995).

Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах. рус. арміяй ген. П.​І.​Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс. чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.

Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

Фрагмент забудовы Ваўкавыска.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),

лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш. Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).

Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.​Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.​М.​Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.​П.​Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.

Літ.:

Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;

Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.

Верталёты: В-12 (зверху) і баявы Ка-50.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДАНЬСК (Gdańsk),

горад на Пн Польшчы. Адм. ц. Гданьскага ваяводства. 463,1 тыс. ж. (1993). Цэнтр гар. агламерацыі Труймяста (г. Гдыня, Сопат). Буйнейшы порт Польшчы каля вусця Віслы ў Гданьскім зал. Балтыйскага м. Вываз вугалю, серы, лесаматэрыялаў, увоз руд, фасфатаў і інш. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабудаванне і вытв-сць суднавага абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (угнаенні, лакі, фарбы), нафтаперапр., харч., швейная, мэблевая. 6 ВНУ, філіял АН. Тэатры.

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 997. У 10—13 ст. цэнтр Усх.-Паморскага княства, у 1308 захоплены Тэўтонскім ордэнам. У 1454 вызвалены ў выніку паўстання гараджан, у складзе Рэчы Паспалітай. У 15—17 ст. Гданьск — буйнейшы цэнтр польск. знешняга гандлю. У 1656 у час польска-швед. вайны (1656—57) асаджаны шведамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Прусіі (1793) і атрымаў ням. назву Данцыг. У 1807—15 вольны горад, падначалены Францыі. Да 1918 пад герм. уладаннем. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 ператвораны ў «вольны горад Данцыг» пад кіраваннем Лігі Нацый; праз Гданьск Польшча атрымала выхад да Балтыйскага м. (гл. Польскі калідор). 1.3.1939 захоплены фаш. Германіяй, вызвалены 30.3.1945 войскамі 2-га Бел. фронту разам з 1-й польск. бранятанк. брыгадай У 1970 забастоўкі і дэманстрацыі рабочых задушаны ўрадавымі войскамі. У 1980 цэнтр агульнапольскага забастовачнага руху (гданьская суднаверф), месца падпісання пагаднення з уладамі і стварэння незалежнай прафс. арг-цыі «Салідарнасць». У Гданьску знаходзіцца ген. консульства Рэспублікі Беларусь.

На левым беразе р. Матлава — гіст. ядро горада (раёны Старога горада, Новы горад, Гал. горад з рэгулярнай забудовай вуліц), рэшткі цагляных гар. умацаванняў і партовых збудаванняў 14—15 ст., гатычныя Гал. ратуша (1378—16 ст.), касцёлы Дзевы Марыі (1342—1502), св. Катажыны (13—15 ст.), св. Тройцы (1420—1514) і інш., «двор Артуса» (14 — пач. 17 ст.). У стылях рэнесансу і маньерызму забудаваны «Верхнія» (1574—88) і «Залатыя» (1612—14) вароты, «Двор польскіх каралёў» (1563—68), арсенал (1602—05), «Залаты дом» (1609—17), дом абатаў Пяльплінскіх (1612). Разбураныя ў час 2-й сусв. вайны арх. помнікі адноўлены, вядзецца буд-ва адзінага гар. комплексу Гданьск Сопат—Гдыня. Помнік героям Вестэрплятэ (1966). 4 музеі, у т. л. Паморскі, Зброевая палата.

Літ.:

Кшижановский Л. Гданьск: Пер. с пол. М., 1980;

Historia Gdańska. Т. 1—2. Gdańsk, 1978—82.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ (Heine) Генрых (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),

нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.​Багдановіч, М.​Васілеўская, А.​Вяржбоўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Мардвілка, Я.​Семяжон, І.​Сіманоўскі, Ю Таўбін.

Тв.:

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—83.

Літ.:

Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;

Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;

Гиждеу С.П. Лирика Г.​Гейне. М., 1983;

Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Г.Гейнэ.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),

найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.

У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.​Ц.​Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.​Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.​Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.

Літ.:

Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;

Грузенберг С.О. Гений и творчество. Л., 1924;

Жоли Г. Психология великих людей. СПб., 1894;

Оствальд В. Великие люди;

Пер. с нем. СПб., 1910.

Э.​Дубянецкі.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЎКІН Генадзь Мікалаевіч (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.​Коневым і У.​Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.​Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.​У.​Саламевіч.

Г.М.Бураўкін.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)