Тарано́ўка ’вялікая шарсцяная хустка ў яркія кветкі, звычайна фабрычнай работы’ (Бел. нар. адзенне, Сцяшк. Сл.; слуц., Нар. словатв.; Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’вялікая квяцістая хустка з махрамі’ (Жд. 2), ’вялікая квяцістая хустка ядвабнай работы’ (Паўл.), тарно́вка, тэрно́вка ’шарсцяная хустка ў кветкі’ (Сл. Брэс.), тарыну́ка ’невялікая хустка з воўны’ (навагр., З нар. сл.), церно́ўка ’шаліноўка’ (ТС), тарыно́ўка, терыну́ўка, терно́ўка, таріно́ўка, тарно́ўка, церно́ўка ’шарсцяная хустка са шлякам’ (Лекс. Бел. Палесся). Варыянтнасць сведчыць пра запазычанасць зыходнай формы. Звычайна звязваюць з імем французскага ўладальніка мануфактуры Тарно (Ternaux), адкуль ням. Ternauxwelle, рус. терно́ ’тонкая тканіна з шэрсці казы, кашамір’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 556). На ўтварэнне “поўнагалосных” форм і асабліва формы тарнатоўка (гл.), магло паўплываць збліжэнне са ст.-бел. тарантова́тый ’у яблыкі (конь)’ (Булыка, Лекс. запазыч., 124), таранта́вый ’белай масці з чорнымі або гнядымі плямамі’ (1565 г., КГС), што з польск. tarantowy ’стракаты, белы, з чорнымі плямамі’ (першапачаткова пра масць), параўн. укр. таранова́тий, таранкува́тий ’плямісты, стракаты, белы, з чорнымі або іншага колеру плямамі’, адносна паходжання якіх гл. Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 519.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трашча́ць (трашчэ́ць, трашча́ць, трышча́ць) ‘утвараць траскучы гук, трэск’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Гарэц., Пятк. 2, ТС), ‘цвыркаць’ (даўг., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад пераядання (пра жывот)’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ‘стракатаць (пра сароку)’ (брэсц., паўд.-мін., зах.-гом., ЛА, 1), трышчя́тэ ‘трашчаць (аб марозе)’ (кам., Сл. ПЗБ), трашча́ць ‘моцна балець (пра галаву)’ (Ян.), ‘хутка, гучна гаварыць, гаварыць не змаўкаючы’ (мёрск., Нар. лекс., ТСБМ, Мат. Маг.), трышча́ці ‘трашчаць’ (Вруб.), трашчэ́ць ‘бразгатаць, брынчаць (пра пабітую міску)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трещати, трищати ‘трашчаць’ (ГСБМ). Сюды ж трашчо́тка ‘прыстасаванне для ўтварэння трэску, шуму, стуку, лёскату’, ‘балбатуха; чалавек, які вельмі хутка гаворыць’ (ТСБМ, Мат. Маг. 2, Шат.), ‘гаваркая жанчына’ (Нар. Гом.); ‘клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя ў кроснах’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ‘машына для ачышчэння лёну’ (ТСБМ). Параўн. укр. тріщати, рус. трещать, польск. trzeszczeć, чэш. třeštět, славац. trešťať, славен. treščati, балг. трещя́, макед. трешти. Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, параўн.: лес схіляецца чуць не да зямлі, трашчыць і стогне (Сержп. Прымхі, 35); роднаснае літ. treškėti ‘трашчаць, ламацца’ (Борысь, 649). Гл. трэск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́йці ‘трэці’ (Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, ТС, Янк. 2; зэльв., Нар. словатв.; беласт., Сл. ПЗБ; ганц., Ск. нар. мовы), трэ́йцяя нядзеля ‘сход месяца, яго 3‑я квадра’ (стаўб., З нар. сл.); трэ́йціе пе́ўні ‘пара сутак’ (Сержп. Грам.), сюды ж трэйця́к, трэйця́ка ‘трацяк, цялушка трэцяга году’ (Мат. Гом., Скарбы, Кліх), трэйтя́к ‘3‑гадовае жарабя’ (пруж., Зн., дыс.); на трэйцяк ‘трэцяя частка ўраджаю’ (ТС), трэйця́к ‘трэці пастух’ (там жа). Паводле Карскага (1, 354), з *трецʼцʼи, параўн. тре́цьцій ‘трэці’ (Бяльк.), як айца < а́сса (гл. айцец). Станкевіч (Язык, 237) лічыць падваенне (падаўжэнне) гукаў у прыметніках і парадкавых лічэбніках нерэгулярным і прапануе тлумачыць з’яўленне й паміж а, о, е і зубнымі вядомымі ў народнай мове выпадкамі тыпу войстры, гайсаць і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 2, 35). Цвяткоў (Запіскі, 78) бачыць аналогію ў польск. miejsce (*mieśće > *mieśśće з распадабненнем і зацвярдзеннем ś пад уплывам c). Параўн., аднак, ст.-бел. третье ‘трэцім разам’ (ГСБМ) адпаведна ст.-слав. третиѥ, третиѥѥ ‘тс’ (ESJSt, 16, 978), што дало форму з падваеннем. Да тры, трэ́йка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вазон1 ’гаршчок з кветкамі’ (Шпіл., Янк. III). З польск. wazon (Сцяц. Нар.), якое, паводле Брукнера, 604, з’яўляецца ўласнапольскім утварэннем ад waza. Параўн. Фасмер, 1, 267; Рудніцкі, 1, 293.

Вазо́н2 ’выгін ракі на роўным месцы, парослы вакол алешнікам’ (Яшк.). Да вазоны1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́мпіць, во́нпіць ’сумнявацца’ (Нас., КТС, Бір. Дзярж.), во́нпіцца ’клапаціцца’ (Касп.), во́мпіцца ’злаваць’ (Жд., 1), во́нпыты ’баяцца, адчуваць, што не мінуць пакарання’ (З нар. сл.). Запазычанне з польск. wątpić ’сумнявацца’ (Карскі, Белорусы, 147; Жураўлі, Sl Or, R. 10, 1961, 40; Кюне, Poln., 115; Булыка, Запазыч., 68).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́пек, лапёка ’латка’ (маг., гом., ДАБМ, к. 231, Нар. сл.), лапёка і лапёха (Мат. Гом.), пух., рагач. липёка ’невялікі участак, заняты пад што-небудзь’, воран. ’кавалачак дрэва’ (Сл. паўн.-зах.). Балтызм, утвораны ад lopas ’латка’ і дэмінутыўнага суф. ‑ėkas, адаптаваны на Гомсмммчыне ў ‑ежа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ляпа́р, лельч. лепа́р ’той, хто лепіць, абмазвае хаты’ (Нар. лекс.), ’муляр’ (ТС). Укр. ліпа́р ’той, хто абмазвае хаты’, ст.-польск. lepiarz ’той, хто лепіць што-небудзь з гліны’, ’ганчар’, в.-луж. lěpjeŕ, ст.-чэш. lépař, серб.-харв. лѐпар ’тс’. Прасл. lěparь. Да ляпі́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліса́1 ’маленькія санкі, падсанкі’ (Бяльк.), пін. ’насціл з дошак на санях’ (Нар. лекс.). Да ліс (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння. Параўн. сучкі ’тс’ (гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 73–75).

Ліса2 ’самаробныя драбіны з сукаватай верхавіны’ (КЭС, лаг.). Да леса́ < лес (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ня ’белая намаразь, якой пакрываюцца дрэвы зімой, іней’ (Мат. Гродз., Сцяшк. МГ). Фанетычны варыянт літаратурнай формы іней, в‑ прыстаўное, першапачаткова, відаць, было віняй м. р., як і навагр. ві́няй (З нар. сл.). Пасля страты канцавога ‑й слова віня перайшло ў разрад імёнаў ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віццё ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваюцца скручаныя (звітыя) бярозавыя (дубовыя, лазовыя) дубцы, што ўжываюцца пры звязванні чаго-небудзь’ (Янк. II, З нар. сл., Шатал.). Першапачаткова зборны назоўнік ад *віць; параўн. ст.-бел. вить, виць ’лаза, скрутак шнуроў’ (< польск. wić ’тс’, Булыка, Запазыч., 65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)