КРЫНІ́ЦА,

вадасховішча каля паўн.зах. ускраіны Мінска, у межах курорта Ждановічы; уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Створана ў 1975. Пл. 1,3 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 4 м, аб’ём вады 2,96 млн. м³. Пераважаюць нізкія пясчаныя берагі, якія плаўна зліваюцца са схіламі. 2 астравы (агульная пл. 0,12 км²). Дно выслана пяском і глеем. Замярзае ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня 50—55 см) трымаецца да канца красавіка. Зарастае 4% плошчы. Выкарыстоўваецца для воднага добраўпарадкавання горада. На беразе К. санаторыі, базы і лагеры адпачынку.

Г.​С.​Жукоўская.

Вадасховішча Крыніца.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),

сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).

Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.

А.​М.​Петрыкаў.

Падкаваносы: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + гідрагеалогія),

галіна гідрагеалогіі, якая даследуе прыродныя радыеактыўныя воды, умовы іх фарміравання і пашырэння, іх ролю ў пошуках радовішчаў радыеактыўных элементаў. Радыеактыўнасць прыродных вод вызначаецца канцэнтрацыяй радыеактыўных элементаў і вар’іруе: для урану ў межах n∙10​−9 — n∙10​−2%, для радыю — n∙10​−15—n∙10​−9%, для радону — n∙10​4 эман. Найб. нізкая актыўнасць характэрна для вод акіянаў, мораў, рэк і азёр; найб. высокая — для вод уранавых радовішчаў. Рэкі штогод выносяць у акіян каля 104 т урану. У водах нафтавых радовішчаў колькасць радону павялічваецца з набліжэннем да нафтавага пакладу, а урану — памяншаецца.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЎКАВІЦКА-Я́МІНСКІ КАНА́Л, Слаўкавіцкі канал, Плюсенская канава,

меліярацыйны канал у Старадарожскім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., на мяжы Любанскага і Глускага р-наў Магілёўскай вобл. і ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 52 км. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Рухава Старадарожскага р-на, на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Вусце каля в. Смалоўка Акцябрскага р-на. Шыр. канала ў верхнім цячэнні 2—3 м, у ніжнім 8—10 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. Прымае сцёк з некалькіх меліярац. сістэм.

т. 14, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНА́ЎКА,

рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 220 км². Выцякае з воз. Чарнова, за 500 м на Пн ад в. Касцянава Гарадоцкага р-на, цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. і Полацкай нізіны, праз воз. Малое Чарнова. Вусце каля в. Скаціца Шумілінскага р-на. Асн. прыток — р. Бярноўка (справа). Даліна ў вярхоўі вузкая (шыр. 150—200 м), у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, пойма двухбаковая. Рэчышча ў сярэднім цячэнні на працягу 8,4 км каналізаванае, шыр. да 5 м, у вусці да 12 м.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́РЫ (Chari, Shari),

рака ў Цэнтр. Афрыцы. Утвараецца зліццём рэк Уам і Грыбінгі, якія пачынаюцца ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы; большая ч. цячэння ў межах Рэспублікі Чад (часткова з’яўляецца граніцай паміж Чадам і Камерунам). Упадае ў воз. Чад, з прытокам Лагоне ўтварае агульную дэльту. Даўж. (ад вытокаў р. Уам) 1450 км, пл. бас. каля 700 тыс. км². Паводка ў летні дажджлівы сезон, у сярэднім і ніжнім цячэнні — у асеннія месяцы. Сярэдні расход вады 1230 м³/с. Суднаходная ад г. Батангафа на р. Уам (больш за 860 км). Рыбалоўства. На Ш. — г. Нджамена (сталіца Чада).

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА, Бляда,

у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².

Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),

у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦНО,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера), за 1,5 км на У ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,57 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 850 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 452 км². Катлавіна падпруднага тыпу, лопасцевай формы. Схілы катлавіны выш. 6—10 м, у ніжняй ч. разараныя, у верхняй занятыя сухадольным лугам і лесам. Берагі нізкія, забалочаныя і сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, пры ўпадзенні Друйкі — заіленыя пяскі. У межах Ц. востраў пл. 0,011 км². Моцна зарастае. Па возеры праходзіць турысцкі маршрут.

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗВЕ́ЧЧА,

былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв. ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)