«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г.Упершынюапубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́СМАС»,
1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.
Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэм касм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.
2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбіты ШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.
ШСЗ«Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁНЫ ПО́ЛЬСКІЯ добраахвотніцкія польскія воінскія фарміраванні пры іншаземных арміях, якія ствараліся ў 18—20 ст. з мэтай барацьбы за аднаўленне Польшчы. Упершыню 2 Л.п. створаны ў Ламбардыі (Паўн. Італія) ген. Я.Г.Дамброўскім у 1797 (з 1799 фактычна ў складзе франц. арміі). У 1799 пры франц. арміі ў Паўд. Германіі сфарміраваны таксама Прыдунайскі легіён. У 1801 усе яны рэарганізаваны ў інш. польск. часці. Вядомы таксама 2 Л.п. ў складзе франц. арміі ў 1806—07, 2 у Венгрыі і 1 у Італіі ў час нац.-вызв. рэвалюцый 1848—49. У 1-ю сусв. вайну ў складзе рас. арміі існавалі 2 Л.п. (кастр. 1914 — сак. 1915), у аўстра-венг. арміі — створаныя Ю.Пілсудскім 2 Л.п. (жн.—вер. 1914) і I брыгады легіянераў (1914—18), чый асабовы склад стаў першапачатковым ядром арміі незалежнай Польшчы.
Літ.:
Lubicz-Pachoński J. Legiony polskie 1794—1807 — prawda i legenda. T. 1—4. Warszawa, 1969—79.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ЭСТРА́ДЫ.
Засн. ў 1954 па ініцыятыве рас. артыстаў эстрады. У розны час т-р узначальвалі М.Смірноў-Сакольскі, А.Коннікаў, І.Шароеў, з 1983 — Б.Бруноў, з 1997 — Г.Хазанаў. Да 1961 пастаяннай трупы не меў, спектаклі ладзіліся Усерасійскім гастрольным канцэртным аб’яднаннем і Масэстрадай. Выступалі акцёры Ленінградскага т-ра мініяцюр пад кіраўніцтвам А.Райкіна, аркестры Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Э.Рознера, акцёры Ю.Цімашэнка і Я.Бярэзін, працаваў Т-р двух акцёраў — М.Міронавай і А.Менакера. На сцэне М.т.э. ставяцца спектаклі У.Вінакура, М.Задорнава, Я.Петрасяна, Хазанава і інш., у рэпертуары т-ра пастаноўкі размоўнага жанру, вакал, інструментальная музыка, фальклор, пантаміма, цыклы «Упершыню ў тэатры эстрады», «Нязгасныя зоркі эстрады», «Эстрадны серпанцін» і інш. Ладзяцца пастаноўкі для дзяцей, муз. канцэрты, творчыя вечары-сустрэчы з дзеячамі культуры, бенефісы майстроў эстрады і інш. У складзе тэатра аркестр (з 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХЛІ́НСКІ Антон Восіпавіч (1808, Навагрудчына — 25.10.1877),
усходазнавец. Праф. цюркалогіі (1839). Вучыўся ў Віленскім (з 1822) і Пецярбургскім (з 1828) ун-тах. У Пецярбургскім ун-це выкладаў арабскую (1835—39), турэцкую (1853—63) мовы, гісторыю і геаграфію Турцыі (з 1855), у 1859—66 дэкан ф-та ўсх. моў. Аўтар прац «Асманская хрэстаматыя для універсітэцкага выкладання» (1858—59), «Слоўнік выразаў, якія прыйшлі... у нашу мову з усходніх моў...» (1858) і інш. З яго «Даследавання пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (1857) пачалося вывучэнне бел. тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх, у т. л.кітабаў, упершыню транслітарыраваў М. У гэтай працы пераклаў з тур. мовы ананімны твор 16 ст. «Рысале...», у якім раілася татарам, якія забылі сваю мову, гаварыць па-беларуску. Адкрыў і выдаў арабскі геагр. рукапіс 9 ст.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ РА́ТУША.
Існавала ў 17—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл.Упершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652. Мяркуюць, што ў 1664 пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. У час пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка прыбудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай архангела Міхаіла (лічыўся абаронцам горада). У 1818 Н.р. значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха гал. фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася. Каля 1900 на месцы Н.р. ўзведзены новы будынак гар. магістрата (верагодна, былі выкарыстаны фундаменты і часткі сцен старой ратушы), у Вял.Айч. вайну разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДШЫ́ПНІКАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання па вытворчасці падшыпнікаў. Узнікла ў сувязі з развіццём мех. транспарту, станкабудавання і інш. галін машынабудавання. Упершынювытв-сць падшыпнікаў арганізавана ў Германіі ў 1883. Потым прадпрыемствы гэтай галіны з’явіліся ў ЗША, Швецыі. У наш час найб. развітую П.п. маюць ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Расія, Чэхія. На Беларусі першае падшыпнікавае (рамонтнае) прадпрыемства створана ў 1939 у Гомелі. У 1948—51 у Мінску пабудаваны падшыпнікавы завод. На Беларусі (2000) дзейнічаюць 2 прадпрыемствы П.п. — акцыянернае прадпрыемства Мінскі падшыпнікавы завод (выпускае падшыпнікі шарыкавыя радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя, ролікавыя радыяльныя сферычныя двухрадавыя, ролікавыя ігольчастыя, шарыкавыя ўпорна-радыяльныя шматрадавыя, ролікавыя ўпорна-радыяльныя сферычныя аднарадавыя і інш.) і акцыянернае прадпрыемства Гомельскі падшыпнікавы завод (выпускае ў асн. шарыкі стальныя і падшыпнікі веласіпедныя). У 1990 імі выпушчана 148, у 1995—21, у 1998—23 млн. штук падшыпнікаў. Іх прадукцыя выкарыстоўваецца на маш.-буд. прадпрыемствах Беларусі і экспартуецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА НІБЕЛУ́НГАЎ»
(«Das Nibelungenlied»),
помнік нямецкага гераічнага эпасу. Назва ад імя міфічнага народа, уладальнікаў і захавальнікаў незлічоных скарбаў. Запісаны каля 1200, упершынюапубл. І.Я.Бодмерам у 1757. Гіст. аснову твора склалі падзеі эпохі Вял. перасялення народаў — захоп Еўропы гунамі пад кіраўніцтвам Атылы (5 ст.н.э.). 1-я ч. паэмы апавядае пра подзвігі і смерць каралевіча Зігфрыда, 2-я — пра помсту яго жонкі Крымхільды, у выніку чаго загінула ўсё бургундскае царства. У паэме асуджаюцца жорсткасць і вераломства феадалаў, апяваюцца гераізм і высакароднасць Зігфрыда. Яе паэтыка, блізкая да фальклорнай, зазнала ўплыў феадальна-рыцарскай культуры. Да сюжэта «П.п.Н.» звярталіся Ф.Фуке, Р.Іордан, Ф.Гебель, Р.Вагнер, Г.Ібсен і інш.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Нибелунгах. Л., 1972.
Літ.:
Хойслер А. Германский героический эпос и сказание о Нибелунгах. М., 1960;
Жирмунский В.М. Немецкий героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн.Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»
(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),
зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.Л.Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССРАНСССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.