КЛЮЧАВО́Е СЛО́ВА,
паўназначнае слова тэксту, якое выкарыстоўваецца для яго каардынатнага індэксавання. Кожнае К.с., як і дэскрыптар, абазначае клас, у якім патэнцыяльна знаходзяцца ўсе тэксты, што ўключаюць гэта слова як элемент, асн. сэнсавага зместу. У адрозненне ад дэскрыптараў з’яўляюцца лексічнымі адзінкамі натуральнай мовы: адно К.с. можа мець шмат значэнняў, розныя К.с. — адно і тое ж значэнне. Пры інфармацыйным пошуку пералік К.с. выкарыстоўваецца ў якасці пошукавага вобраза дакумента ці пошукавага прадпісання.
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАДУ́КТЫ,
сумесі газападобных, вадкіх і цвёрдых вуглевадародаў, што атрымліваюць з нафты і нафтавых газаў. Асн. групы Н.: паліва (газы нафтаперапрацоўкі, газы нафтавыя спадарожныя, бензін, ліграін, газа, мазут), нафтавае масла, нафтавыя растваральнікі і асвятляльная газа, цвёрдыя вуглевадароды (парафін, азакерыт, цэрэзін), бітумы і інш. Н. (кокс нафтавы, пластычныя змазкі, вуглярод тэхн., асідол, розныя фракцыі перагонкі нафты і прадукты іх перапрацоўкі).
Літ.:
Товарные нефтепродукты, свойства и применение. 2 изд. М., 1978.
т. 11, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫЯ ў псіхалогіі,
акт паводзін, эмацыянальны стан, суб’ектыўнае перажыванне, якое ўзнікае ў адказ на пэўнае ўздзеянне; адвольны рух, які апасродкаваны задачай і з’яўляецца адказам на прад’яўленне сігналу. Характарызуецца хуткасцю, інтэнсіўнасцю, формай працякання. Вымярэнне гэтых характарыстык Р. абумовіла ўзнікненне псіхаметрыі як галіны псіхалогіі. У залежнасці ад прыкмет, пакладзеных у аснову класіфікацый, у псіхалогіі і інш. пагранічных навуках вылучаюць розныя віды Р. — паводзінскія, фізіял., адвольныя і міжвольныя, пачуццёва-эмацыянальныя і інш.
т. 13, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РАС (грэч. saros),
прамежак часу, цераз які паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці сонечныя і месяцавыя зацьменні. Быў вядомы ў Егіпце і Грэцыі ўжо за некалькі стагоддзяў да н.э. Абумоўлены перыядычным паўтарэннем узаемнага размяшчэння Сонца, Месяца і вузлоў месяцавай арбіты на нябеснай сферы. Прыблізна роўны 6585 1/3 сут. На працягу аднаго С. бываюць 43 зацьменні Сонца і 28 зацьменняў Месяца (у розныя перыяды іх колькасць можа некалькі мяняцца).
т. 14, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАНДЫЛААРТРЫ́Т (ад грэч. spondylos пазванок + артрыт),
запаленне міжпазванковых суставаў. Звычайна С. — праява сістэмных захворванняў апорна-рухальнага апарату (хвароба Бехцерава), інфекцый. Праявы: боль у вобласці пазваночніка, крыжа-падуздышных суставаў, скаванасць (асабліва ўранку) і напружанне мышцаў спіны, дэфармацыя пазваночніка і абмежаванне яго рухомасці. Пры пашкоджанні рэберна-пазваночных суставаў абмяжоўваюцца дыхальныя рухі грудной клеткі. Зрэдку пашкоджваюцца перыферычныя суставы і розныя органы (вочы, ныркі, прастата і інш.). Лячэнне медыкаментознае, фізіятэрапеўтычнае.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абра́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Сукупнасць строга акрэсленых дзеянняў, якімі суправаджаецца выкананне рэлігійных рытуалаў або бытавых традыцый. Царкоўны абрад. Абрад вяселля. □ [Бабручыха].. кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль. [Борух] хадзіў на блізкае возера на абрад «Святога амавення». Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́нна, ‑ы, ж.
1. Вялікая прадаўгаватая пасудзіна для мыцця, купання. Дзіцячая ванна. Мыцца ў ванне. // Спец. Пасудзіна рознай формы і памеру для вадкасці, у якую апускаюць розныя прадметы пры іх апрацоўцы.
2. Працэс мыцця, купання ў такой пасудзіне. Прыняць гарачую ванну.
3. Лячэбна-прафілактычны сродак. Паветраныя ванны. Сонечныя ванны.
[Ням. Wanne.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
двухно́гі, ‑ая, ‑ае.
З дзвюма нагамі (часцей у якасці эпітэта для абазначэння чалавека). А час быў небяспечны: у былой франтавой паласе, дзе ішлі баі, развялося мноства ваўкоў, і здараліся выпадкі, калі яны нападалі на людзей; акрамя таго, блукалі яшчэ па лесе і двухногія ваўкі — паліцэйскія і розныя здраднікі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэпо́, нескл., н.
1. Спецыяльна прыстасаванае месца, будынак для стаянкі і рамонту лакаматываў, вагонаў і інш. Тралейбуснае дэпо. □ Тут [у чыгуначным пасёлку] сыходзіліся дзве чыгункі, было дэпо, розныя майстэрні. Лынькоў. Рамонт робіцца вядома як: вагон адчапляюць ад састава і накіроўваюць у дэпо. Васілёнак.
2. Уст. Склад.
•••
Пажарнае дэпо — будынак для пажарных машын.
[Фр. dépôt.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пітво́, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. піць.
2. Тое, што п’юць, напітак. Перад .. [людзьмі] стаялі розныя стравы і пітво. Маўр. Потым усе замітусіліся. Вынеслі на двор пад распукнутую яблыню стол, разаслалі на ім белы ў складках абрус і, увіхаючыся адна перад адной, пачалі расстаўляць пітво і закуску. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)