урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.
2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушпілі́ць, ушпілю, ушпіліш, ушпіліць; зак., што.
1. Уваткнуўшы ў што‑н. (шпільку, прыколку і пад.), зашпіліць.
2. Разм. Сцебануць каго‑н. Ушпіліць разок пугай.
3. перан. Разм. Прабраць, пакрытыкаваць. І тут Антона не паслухалі. А каб ушпілілі як след, дык цяпер не лайдачыў бы той Галасок. Савіцкі. [Алесь] зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярх[ом] у блізкі свет. Караткевіч. // Даць спагнанне, пакараць. Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго [Марціна]; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флегматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які характарызуецца марудлівасцю, спакоем, ураўнаважанасцю, слабым праяўленнем эмоцый (пра тэмперамент, нервовую арганізацыю). Флегматычны тэмперамент.
2. Уласцівы флегматыку. Маючы спакойны, нават крыху флегматычны характар, .. [Таня] ніколі не давала поўнай волі дзявочаму сэрцу. Машара. // Блізкі да абыякавасці. Спакойны, нават нейкі флегматычны на працы, малады майстар выглядаў цяпер зусім іншым чалавекам. Паслядовіч. / у перан. ужыв. Можа і надзею страціла.. [Прыпяць] вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Колас. // Які выказвае непарушны спакой, раўнадушнасць; апатычны. [Кірыла] загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас: — Хто там? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халу́й, ‑я, м.
Пагард.
1. Назва слугі, лакея. Халую важна было дагаджаць толькі свайму пану. Машара. Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая. Навуменка.
2. перан. Занадта паслужлівы, угодлівы чалавек; падхалім. Ад цяжкай не стагнаў работы, А халуём быць не магу. Валасевіч. Фашысты давяралі сваім халуям не толькі прымаць перадачы для зняволеных, але і гаспадарыць у камерах, тэрарызаваць непаслухмяных. Мяжэвіч. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэнзу́ра, ‑ы, ж.
1. У старажытным Рыме — пасада цэнзара (у 1 знач.).
2. У капіталістычных краінах — нагляд за друкам, за зместам друкаваных твораў, пастаноўкай п’ес, кінафільмаў і пад. Царская цэнзура. Ваенная цэнзура. □ Усе газеты і пісьмы, адрасаваныя палітычным вязням у Лукішках, праходзілі строгую пракурорскую цэнзуру. Машара. Штораз часцей на старонках «Нашай нівы» белыя плямы: цэнзура лютуе. Мядзёлка. // Установа, якая ажыццяўляе такі пагляд. Друкаваўся Максім Танк і ў легальным камуністычным «Часопісе для ўсіх», які зноў жа быў забаронен цэнзурай на першым нумары. Бугаёў.
3. Прагляд твораў, якія прызначаюцца да друку, да пастаноўкі ў тэатры, або прагляд якой‑н. карэспандэнцыі, што ажыццяўляецца дзяржаўнай установай.
[Лац. censura.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тна і чутно́,
1. Прысл. да чутны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Можна чуць. І здаецца, Зязюля даўно адкувала, І не чутна За вокнамі Звону вясны. Грахоўскі. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку. Лынькоў. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ.
3. безас. у знач. вык. Разм. Ёсць звесткі, навіны, паведамленні пра каго‑, што‑н. Прайшла палова чэрвеня, а пра наступленне Чырвонай Арміі нічога пэўнага не было чутно. Машара.
4. у знач. пабочн. Кажуць, як кажуць. [Сушкевічава] жонка, папр[адава]ўшы будынкі, выехала адсюль і жыве, чутно, добра. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпіён, ‑а, м.
Звычайна засакрэчаная асоба, якая тайна збірае або крадзе звесткі, дакументы, што складаюць дзяржаўную або ваенную тайну, з мэтай перадачы іх іншай дзяржаве. Пачалі пашырацца чуткі аб з’яўленні ў нашых тылах варожых шпіёнаў і дыверсантаў. Машара. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Чорны. Сотні мільёнаў долараў асігноўваецца ўрадам ЗША на падрыўную работу супроць краін народнай дэмакратыі і СССР, на засылку ў гэтыя краіны шпіёнаў і дыверсантаў. «Звязда». // Разм. Той, хто сочыць за кім‑н., падпільноўвае каго‑н., даносіць на каго‑н. І бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Шамякін.
[Ням. Spion.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспедыцы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які мае адносіны да экспедыцыі (у 1 знач.). Экспедыцыйная кантора. Экспедыцыйная аперацыя. □ На першым паверсе размяшчаліся экспедыцыйны аддзел, розныя складзікі, бібліятэка, архіў і кватэра дворніка. Машара.
2. Які мае адносіны да экспедыцыі (у 2, 3 знач.). Экспедыцыйнае памяшканне.
3. Які мае адносіны да арганізацыі, правядзення экспедыцыі (у 4 знач.). Экспедыцыйны сектар. Экспедыцыйнае ўпраўленне. // Прызначаны, сфарміраваны для экспедыцыі. З гадзіну назад нас прывёз сюды зялёны экспедыцыйны газік. Аляхновіч. У сакавіку 1937 года на фронт прыбыў італьянскі экспедыцыйны корпус. «ЛіМ». / у знач. наз. экспедыцы́йнае, ‑ага, н. Работы падыходзілі да канца. Мурашоў загадаў Ганне збіраць экспедыцыйнае ў сенцы. Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падула́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад уладаю каго‑, чаго‑н., залежны; несамастойны. Падуладныя краіны. □ Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Галавач. // Падпарадкаваны волі, загаду каго‑, чаго‑н. Усе гукі зліліся неўзабаве ў адзін спеў машын, падуладных волі чалавека. Хадкевіч. У ліцейны цэх прыходзяць людзі смелыя і мужныя, бо гарачы метал падуладны толькі адважным. «ЛіМ». / у знач. наз. падула́дныя, ‑ых. Пан Счэхула добра ведаў магчымасці сваіх падуладных. Машара.
2. перан. Які паддаецца ўздзеянню, уплыву каго‑, чаго‑н. Мацней за ўсё памяць. Памяць народа. Яна не падуладна ні бурам, ні часу, ні войнам. Аляхновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.
1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.
2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.
3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)