ВО́РАН (лац. Corvus),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,6 візуальнай зорнай велічыні. 4 гал. зоркі амаль аднолькавай яркасці ўтвараюць няправільны чатырохвугольнік. 15 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы і вясной. Гл. Зорнае неба.
т. 4, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfo di Genova),
заліў Міжземнага м., каля паўн.-зах. берагоў Італіі. Даўж. 30 км, шыр. каля ўваходу да 96 км. Глыб. 1000—1500 м. Салёнасць 36,5 ‰. Берагі стромкія і скалістыя. Прылівы паўсутачныя (да 0,3 м). Гал. парты — Генуя і Савона.
т. 5, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШТА́Р,
багіня ўрадлівасці і цялеснага кахання, вайны і разладу ў міфалогіі стараж. вавіланян і асірыйцаў, гал. жан. бажаство вавілонскага пантэона. Астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. У заходнесеміцкай міфалогіі наз. Астарта, у шумерскай — Інана. Звесткі пра культ І. ёсць у эпасе пра Гільгамеша.
т. 7, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТА́ДЫ (Matadi),
горад на З Дэмакр. Рэспублікі Конга, на левым беразе р. Конга. 173 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, даступны для марскіх суднаў (вываз медзі, кобальту, алмазаў, прадукцыі сельскай гаспадаркі, лесу). Звязаны чыгункай з г. Кіншаса. Аэрапорт. Алейныя, лесапільныя і дрэваапр. прадпрыемствы.
т. 10, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАВІ́К, махавое кола,
кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал. вале.
т. 10, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСА́ДЗЕ (Акакій Аляксеевіч) (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),
грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛАГЕ́ТЫКА (ад грэч. apologētikos абараняльны),
1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал. багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш. для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.
2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.
А.А.Цітавец.
т. 1, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ, Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУ — ч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДСКІ СУД,
замкавы суд, крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГА́ШАЎ (Газіз Ніязавіч) (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),
дырыжор. Нар. арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава і «Алеся» Я.Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.Байсеітавай 1972.
т. 6, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)