«АРХІТЭ́КТУРА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. Уключае больш за 1200 артыкулаў пра помнікі стараж. і сучаснага дойлідства, мемарыяльныя збудаванні, адметныя дасягненні горадабудаўнічага мастацтва, архітэктуру жылых і грамадскіх будынкаў, прамысл. і сельскую, палацавую і сядзібна-паркавую, замкавае і абарончае буд-ва, культавае дойлідства, населеныя пункты Беларусі; біягр. артыкулы; слоўнік арх. тэрмінаў. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, чарцяжамі, малюнкамі, картамі.
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СПЛУНД ((Asplund) Эрык Гунар) (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),
шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. Матэрыялаў.
т. 2, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАВА́ННЕ,
размеркаванне на цвёрдай трывалай аснове асфальту і асфальтабетону. Асн. сферы прымянення — буд-ва дарог, аэрадромаў, гідраізаляцыйныя работы і інш. Робіцца асфальтабетонаўкладчыкам у 1—2 (3—4) слоі таўшчынёй ад 3—4 да 7—9 см. Асфальтабетонная сумесь утрамбоўваецца лёгкімі, потым цяжкімі каткамі. На Беларусі асфальтаванне вуліц пачалося ў 2-й пал. 19 ст. літым асфальтабетонам. На пач. 1995 працягласць заасфальтаваных дарог складала 77 тыс. км.
т. 2, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІЧХА́ТРА,
старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛФЁРАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (26.9.1917, г.п. Кампанееўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.11.1982),
рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1978). Чл.-кар. АМ СССР (1978). Скончыў Харкаўскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). Выкладаў у Свярдлоўскім арх. ін-це, у 1972—82 рэктар. Работы: жылыя дамы з выкарыстаннем элементаў ордэрнай архітэктуры (1955), ансамбль гіст.-рэв. сквера (1974) — усе ў Екацярынбургу. Аўтар прац па гісторыі і тэорыі прамысл. архітэктуры.
т. 1, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯСКІ́Т (ад назвы п-ва Аляска, дзе ўпершыню знойдзены),
інтрузіўная субшчолачная горная парода; граніт, у якім менш за 5% цёмнаколерных мінералаў. Складаецца з каліевага палявога шпату (каля 65%) і кварцу (каля 35%). Структура крышт.-зярністая, радзей парфірападобная. Колер мяса-чырвоны, ружовы, белы, светла-шэры. Магматычнага, іншы раз метасаматычнага паходжання. Утварае буйныя масівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці шкла, тонкай керамікі, як буд. друз і абліцовачны камень.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НЫ (Antonini),
дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].
Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (Х і У); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.
А.В.Саломка.
т. 1, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ў тэхніцы, сістэма, для якой пэўны крытэрый прымае найб. (ці найменшае) значэнне з мноства магчымых. Вынік працэсу аптымізацыі. Крытэрыем аптымальнасці можа быць хуткадзеянне, дакладнасць, затраты энергіі або матэрыялу і інш. Прыклады аптымальнай сістэмы — сістэмы аўтам. кіравання самалётаў і караблёў, аптымальныя канструкцыі ў буд-ве і машынабудаванні (аптымальны профіль крыла самалёта, аптымальная аэрадынамічная форма кузава аўтамабіля), аптымальныя тэхнал. працэсы (награванне металу ў печах з мінім. акалінаўтварэннем).
т. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКАЛА́МСК,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобл. Вядомы з 1135. 18,0 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Металаапрацоўка, лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Гіст.-краязнаўчы музей. Васкрасенскі сабор (1462—94), царква Раства Багародзіцы на Вазьмішчы (1535), за 25 км ад горада Іосіфа-Валакаламскі манастыр (1479). Каля Валакаламска (в. Дубасекава) мемарыял на месцы подзвігу герояў-панфілаўцаў у Вял. Айч. вайну.
т. 3, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)