ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.
А.Ю.Лозка.
т. 4, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл. Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл. Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл. Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Літ.:
Гл. пры арт. Вершаскладанне.
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1982, адкрыты ў 1985 у г. Вілейка. Пл. экспазіцыі 258 м², больш за 19 тыс. экспанатаў асн. фонду. Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак з паселішча Сосенка і гарадзішча Малышкі на тэр. раёна, манетны скарб 17 ст., царк. летапісы канна 19 ст., дакументы і фотаздымкі пра гісторыю горада і раёна, удзел ураджэнцаў Вілейшчыны ў грамадз. вайне, партыз. руху ў Вял. Айч. вайну і яго кіраўнікоў А.С Азончыка, А.І.Валынца, матэрыялы пра ўраджэнцаў раёна мастака Н.Ю.Сілівановіча, паэтэсу Г.А.Новік, Герояў Сав. Саюза К.М.Зубовіча, У.С.Лаўрыновіча. Экспануюцца прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., калекцыя самавараў, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш.
Я.А.Ігнатовіч.
т. 4, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 22.10.1925 г. Бранск, Расія),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1951). Першая кн. «Вершы пра абавязак» (1951). Аўтар паэт. зб-каў «Сінь» (1956), «Прызнанні» (1958), «Слова» (1962), «Характары» (1965), «Відовішча» (1968), «Метафары» (1972), «Сярожка з Малой Броннай» (1974), «Кантрасты» (1975), «Жэрабя» (1978), «Быццё» (1982), «Іпастась» (1984), «Раўнадзенства» (1989) і інш. Асн. тэмы — духоўная сталасць чалавека, роздум над яго ўнутр. светам. Вершам Вінакурава ўласцівыя прыхільнасць да дакладнай быт. дэталі і імкненне да філас. асэнсавання жыцця. Аўтар паэмы «На Захад» (1981), перакладаў і літ.знаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1987. Творы Вінакурава на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, С.Гаўрусёў і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
т. 4, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн ў 1918 як Віцебскі пед. ін-т на базе Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1919 пед. ін-т перайменаваны ў Ін-т нар. адукацыі, у 1923 аб’яднаны з БДУ. У 1930 адноўлены, у 1934—92 імя С.М.Кірава. З 1.9.1995 ун-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: матэм., фіз., біял., філал., бел. філалогіі і гісторыі, мастацка-графічны, фізічнай культуры і спорту, дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, педагогікі і методыкі пач. навучання, музычна-мастацкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Ун-т мае н.-д. лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер’я, бат. сад, музей П.М.Машэрава, гісторыі ВНУ, біял., літ., мастацкі. Выдае час. «Диалог. Карнавал. Хронотоп», «Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта».
В.Н.Вінаградаў.
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
Суражскія «вароты», 40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел. партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
т. 4, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НКІН (Евель Мордухавіч) (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НСКІ (Георгій Канстанцінавіч) (н. 26.12.1912, г. Казань, Расія),
бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і тэхн. кібернетыкі. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Скончыў БПІ (1938). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі і Ін-та тэхнічнай кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі канструявання і тэхнал. праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхнал. працэсаў у машынабудаванні.
Тв.:
Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);
Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении. М., 1976 (у сааўт);
Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства. М., 1981 (разам з Э.І.Бендзеравай).
М.П.Савік.
т. 5, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБЫЛЁВА (Ганна Іванаўна) (н. 18.12.1928, в. Старая Гараша, Мардовія, Расійская Федэрацыя),
бел. аграхімік-глебазнавец. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1981). Скончыла Маскоўскую акадэмію імя К.А.Ціміразева (1951). З 1955 у БСГА. Навук. працы па вывучэнні рацыянальных спосабаў унясення ўгнаенняў, дастасаваных да агратэхн. умоў вырошчвання с.-г. культур, прыёмах аптымізацыі мінер. жыўлення с.-г. раслін, біядынаміцы глебавых працэсаў і гумусавага стану глебы.
Тв.:
Баланс фосфора в системе почва—растения—удобрения в севообороте при разных нормах и способах внесения туков // Почвы БССР и пути повышения их плодородия. Мн., 1977;
Научные основы применения удобрений в Западном регионе СССР. Мн., 1981 (у сааўт.);
Оптимальные параметры плодородия почв. М, 1984 (у сааўт.).
т. 5, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСЭ́Т,
жаночая безрукаўка, састаўная частка бел. нар. касцюма. Лакальныя назвы кабат, шнуроўка, станік. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі гарсэт на падшэўцы (у 19 — пач. 20 ст. спец. краўцы) з даматканых і фабрычных тканін (сацін, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, тонкае сукно) чорнага, малінавага, фіялетавага, сіняга колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі. Паводле крою падзяляліся на кароткія (не дасягалі таліі), прамыя, якія нагадвалі ліф (турава-мазырскі, капыльска-клецкі строі); доўгія, прышытыя да спадніцы (краснапольскі, давыд-гарадоцка-тураўскі строі); прыталеныя з адразной баскай у кліны ці фальбоны (дамачаўскі, калінкавіцкі, навагрудскі, ляхавіцкі строі). Упрыгожвалі гарсэт стракатымі пампонамі і мохрыкамі, гузікамі, нашыўкамі і аблямоўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, вышыўкай, узорыстым натыканнем.
М.Ф.Раманюк.
т. 5, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)