НАРВЕ́ГІЯ (Norge),

Каралеўства Нарвегія (Kongeriket Norge), дзяржава на Пн Еўропы, на Скандынаўскім п-ве. Мяжуе на У з Расіяй, на ПдУ з Фінляндыяй і Швецыяй; на Пн абмываецца Баранцавым м., на З і ПнЗ — Нарвежскім м., на Пд — Паўночным м. і пралівам Скагерак. Пл. 324,2 тыс. км². Нас. 4420 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — нарвежская. Сталіца — г. Осла. Краіна падзяляецца на 19 фюльке (абласцей). У склад Н. таксама ўваходзяць: адм. акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і в-аў Мядзведжы), а-вы Ян-Маен на Пн і Буве на Пд Атлантычнага ак. Агульная пл. гэтых тэрыторый каля 63 тыс. км², пастаяннага насельніцтва няма. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (17 мая).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1814 з пазнейшымі папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — сторцінг, які складаецца з лагцінга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльсцінга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на 1-й сесіі сторцінга з яго складу выбіраецца 74 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагцінг, астатнія 74 — одэльсцінг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзярж. савет) на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Берагавая лінія вельмі звілістая. Многа заліваў (фіёрдаў), якія глыбока ўразаюцца ў сушу. Каля берагоў шмат астравоў. Большую ч. краіны займаюць выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ Скандынаўскія горы, складзеныя з крышталічных парод. Тэктанічныя даліны падзяляюць горы на асобныя масівы і пласкагор’і. Пераважаюць выш. 700—1000 м, найб. 2469 м (г. Гальхёпіген). Нізіны займаюць невял. плошчы. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (шэльфавая зона Паўночнага м.), жал., ванадыевыя, тытанавыя, медныя, малібдэнавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя, ніобіевыя, сярэбраныя руды, золата, графіт і інш. На Шпіцбергене значныя запасы каменнага вугалю. Клімат умераны, у прыбярэжнай зоне акіянічны, на крайняй Пн — субарктычны. Сярэдняя т-ра на ўзбярэжжы ў студз. на Пн ад -2 да -4 °C, на Пд да 2 °C, у ліп. ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд. У гарах больш холадна. Ападкаў ад 2000—3000 мм на зах. схілах гор да 300—800 на У і Пн. У гарах ледавікі (пл. 3 тыс. км²). Рэкі кароткія, парожыстыя, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб.р. Глома. Многа ледавіковых азёр. Пад лесам 27% пл. На У і ПдУ — хвойныя лясы (елка, хвоя), на Пд ад 61° паўн. ш. — мяшаныя (хвоя, елка, бяроза, дуб, бук, ліпа). На З пераважаюць верасоўнікі, лугі і балоты. На Пн і на пласкагор’ях — тундра і лесатундра. Важнейшыя прадстаўнікі жывёльнага свету: паўн. і высакародны алень, лось, расамаха, воўк, ліс барсук, вавёрка, лемінг, зайцы. На ўзбярэжжах шмат птушак. У моры прамысл. рыба (траска, селядзец, макрэль і інш.). Нац. паркі: Бёргеф’ель, Паўд.-Шпіцбергенскі, Паўн.-Зах. Шпіцберген, Паўн.-Усх. Шпіцберген, больш за 30 запаведнікаў.

Насельніцтва. Каля 97,5% складаюць нарвежцы. На Пн жывуць саамы (0,7%) і фіны (0,5%), на Пд і ў гарадах — невял. групы шведаў, датчан, немцаў і інш. Каля 87,8% вернікаў лютэране. Ёсць прадстаўнікі інш. адгалінаванняў пратэстанцтва і католікі. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы, горныя масівы амаль не заселены. У невял. раёне на Пд вакол Ослафіёрда жыве палавіна насельніцтва, дзе шчыльн. да 50—60 чал. на 1 км². У гарадах 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Осла — 500, Берген — 260, Тронхейм — 160, Ставангер — 120, Нарвік — 80. У прам-сці занята 23%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва, астатнія ў абслуговых галінах.

Гісторыя. Тэр. Н. заселена чалавекам прыбл. ў 6-м тыс. да н.э. У 2-м тыс. да н.э. стараж.-герм. плямёны адцяснілі на Пн мясц. карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1-га тыс. н.э. ўзнікла нарв. народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) пачалося фарміраванне нарв. дзяржаўнасці, у 872 на прастол уступіў першы конунг (кароль) Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў учынялі марскія паходы пераважна ў Зах. Еўропу, каланізавалі Цэнтр. і Паўн. Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтлендскія, Гебрыдскія, Фарэрскія а-вы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (гл. таксама Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Лейф Эйрыксан, Эйрык Раўдзі). Каля 1000 у краіне прынята хрысціянства Значную ч. насельніцтва сярэдневяковай Н. складалі бонды. Перыяд паміж 1130 і 1240 суправаджаўся грамадз. войнамі за ўладу (гл. Біркебейнеры). Пры Хокане IV Хокансане [1217—63] грамадз. войны спыніліся, Н. мела найб. ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у т. л. займала сучасныя швед. правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан [1299—1319] зрабіў сталіцай краіны г. Осла (раней каралеўскі двор размяшчаўся ў г. Берген). Каля 1300—1500 Н. знаходзілася ў эканам. залежнасці ад ням. Ганзы (яе гал. апорным пунктам прыбл. з 1350 быў Берген), якая кантралявала экспарт нарв. рыбы. Эпідэмія чумы 1347—50 прывяла да працяглага эканам. заняпаду краіны. У 1319 заключана асабістая унія Н. са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія трох сканд. каралеўстваў (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 пачаўся павольны эканам. ўздым. У 1536 у Н. абвешчана Рэфармацыя, у 1537 краіна страціла статус самаст. каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 уведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку швед.-дацкіх войнаў 17 ст. Н. страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 1660 дацкія ўлады ўвялі ў Н. абсалютысцкія парадкі. У 17 — пач. 19 ст. актывізаваўся нац.-вызв. рух супраць дацкага панавання, у т. л. паўстанне ў раёне Бергена ў 1765. Пасля далучэння Даніі да напалеонаўскай кантынентальнай блакады (1807) Н. апынулася фактычна ізаляванай ад дацкіх улад. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 Данія перадала Н. пад уладу Швецыі. Нарв. ўстаноўчы сход у Эйдсвале (скліканы 10.4.1814) не прызнаў гэтага акта, абвясціў незалежнасць Н. і распрацаваў яе канстытуцыю (гл. Эйдсвальская канстытуцыя 1814). Але Швецыя пры падтрымцы вядучых еўрап. дзяржаў навязала Н. асабістую шведска-нарвежскую унію 1814—1905. Паводле ўмоў уніі Швецыя вызначала знешнюю палітыку Н. пры захаванні яе ўнутр. аўтаноміі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё краіны (у 1816 засн. Банк Н., у 1854 уведзена ў эксплуатацыю першая чыгунка), асабліва гандл. флоту (па яго велічыні да пач. 1-й сусв. вайны Н. займала 3-е месца ў свеце). Разам з тым сац.-эканам. цяжкасці прывялі да перасялення каля 1 млн. нарвежцаў у Паўн. Амерыку (найб. хвалі перасяленцаў у 1879, 1882, 1893). У 1859 у сторцінгу (парламенце) аформілася ліберальная апазіцыя праціўнікаў швед.-нарв. уніі, у 1884 яны ўтварылі партыю Венстрэ (Левую), а прыхільнікі уніі заснавалі партыю Хёйрэ (Кансерватыўную); у краіне ўсталяваўся парламентарызм. У час уздыму рабочага руху ў 1870—80-я г. ўзніклі прафсаюзы, у 1887 — Нарв. рабочая партыя (НРП), якая пазней стала вядучай паліт. партыяй Н. У 1898 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1913 — і для жанчын.

3 канца 19 ст. ўзмацніўся рух за выхад Н. з уніі са Швецыяй. 7.6.1905 сторцінг абвясціў пра скасаванне швед.-нарв. уніі, нар. плебісцыт 13.8.1905 ухваліў разрыў уніі. Пасля заключэння швед.-нарв. Карльстадскіх пагадненняў 1905 і рэферэндуму ў Н. пра форму дзярж. ладу (ліст. 1905) на нарв. прастол 18.11.1905 быў выбраны дацкі прынц Карл (правіў як Хокан VII да 1957). Незалежнасць і тэр. цэласнасць Н. былі гарантаваны Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй паводле Хрысціянскіх канвенцый 1907. У пач. 1900-х г. Н. стала краінай найбуйнейшых у Еўропе ГЭС. У 1-ю сусв. вайну Н. прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту, але страціла пры гэтым амаль 50% свайго гандл. флоту (820 суднаў). У пасляваен. знешняй палітыцы ўрады Н. цесна супрацоўнічалі з Лігай Нацый. Прадстаўнікі Н. ўдзельнічалі ў арганізацыі міжнар. дапамогі галадаючым Паволжа; вял. аўтарытэт у свеце набыў сваімі гуманітарнымі акцыямі, у т. л. па дапамозе бежанцам з розных краін, нарв. палярны даследчык Ф.Нансен (гл. таксама Нансенаўская міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў). Ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Н. ўзнік фаш. рух на чале з В.Квіслінгам. У 1931—33 Н. канфліктавала з Даніяй за Грэнландыю, але Міжнар. суд у Гаазе вырашыў спрэчку на карысць Даніі. На выбарах 1933 НРП атрымала 40% галасоў выбаршчыкаў, а ў сак. 1935 сфарміравала ўрад на чале з Ю.Нюгарсвалам (1935—45, з 1940 у эміграцыі). У 2-ю сусв. вайну, нягледзячы на нейтралітэт, краіну ў ходзе 2-месячнай Нарвежскай аперацыі 1940 акупіравалі ням.-фаш. войскі; нарв. кароль і ўрад эмігрыравалі ў Лондан (вярнуліся ў 1945). У лют. 1942 сфарміраваны нарв. калабарацыянісцкі ўрад на чале з Квіслінгам. Акупацыя краіны выклікала Рух Супраціўлення: у 1943 нарв. патрыёты разгарнулі барацьбу супраць «татальнай прац. мабілізацыі», абвешчанай урадам Квіслінга; узбр. групы Супраціўлення здзейснілі шэраг дыверсійных актаў, у т. л. ўзарвалі з-д па вытв-сці цяжкай вады для ням. атамнай бомбы; у канцы 1943 — пач. 1944 узнік аб’яднаны кіруючы орган Супраціўлення — «Фронт Радзімы». У выніку Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944 паўн. раёны Н. вызваліла Чырв. Армія. 7.5.1945 у Н. капітулявалі герм. войскі. У вайне краіна страціла 10 тыс. чал., палавіну флоту (паводле танажу). У 1948 абвешчана амністыя квіслінгаўцаў, у 1950 спынена суд. праследаванне ваен. злачынцаў. Пасляваен. аднаўленню эканомікі краіны садзейнічала дапамога паводле Маршала плана. З канца 1940-х г. знешнепаліт. курс Н. вызначаўся адмовай ад нейтралітэту, імкненнем да інтэграцыі краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі. У 1945—65, 1971—72, 1973—76, 1976—81, 1986—89, 1990—97 кіруючай партыяй зноў была НРП (у т. л. ўрады на чале з Г.Х.Брунтланд), якая праводзіла курс на пабудову ў Н. сац. дзяржавы на ўзор Швецыі. На рэферэндуме 25.9.1972 большасць выбаршчыкаў выказалася супраць уступлення Н. ў «Агульны рынак». У 1981—86 і 1989—90 на чале ўлады знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. У 1957—91 каралём Н. быў Улаф V, са студз. 1991 — Харальд V. На рэферэндуме ў канцы 1994 большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць членства краіны ў Еўрап. Саюзе. Пасля парламенцкіх выбараў у вер. 1997 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з К.​М.​Бундэвікам (Хрысц. нар. партыя).

Н. — чл. ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю і Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1960), асацыіраваны член Зах.-Еўрап. Саюза (з 1992). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Нарв. рабочая партыя (найбуйнейшая), партыя Цэнтра, партыя Хейрэ (Кансерватыўная), Хрысц. нар. партыя, Сацыяліст. левая партыя, Партыя прагрэсу і інш. Прафс. аб’яднанні — Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў Н. (найбуйнейшае, засн. ў 1899, аб’ядноўвае каля 30 галіновых прафсаюзаў), Кааператыўнае аб’яднанне Н.

Гаспадарка. Н. — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. 26,2 тыс. дол. (1996). На прам-сць прыпадае 32,1% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), на сельскую і лясную гаспадарку, рыбалоўства і марскія промыслы — 2%, на сферу паслуг — 65,9% (1997). Прамысловасць мае экспартны кірунак. Гал. месца належыць горназдабыўной галіне. Здабываюць (1997) нафту — 152 млн. т і прыродны газ — 46,5 млрд. м³ у Паўночным. м. (цэнтр абслугоўвання здабычы — г. Ставангер), каменны вугаль — 0,4 млн. т на Шпіцбергене, жал., алюмініевыя, тытанавыя, цынкавыя, малібдэнавыя, кобальтавыя, нікелевыя руды, пірыты, буд. матэрыялы. У 1997 атрымана 112 млрд. кВтгадз электраэнергіі (99,4% — на ГЭС). Па вытв-сці электраэнергіі на 1 чал. Н. займае 1-е месца ў свеце. Развіты энергаёмістыя галіны — электраметалургія каляровых металаў і электрахімія. Вытв-сць (млн. т, 1997): чыгуну — 0,1, сталі — 0,4, пракату — 0,4. Асн. цэнтрг. Му-і-Рана, з-д «Норск Ернверк». Значная вытв-сць алюмінію (г. Арэндаль і інш.), нікелю і медзі (г. Крыстыянсан), кобальту (15% сусв. вытв-сці), магнію, ферасплаваў. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю ўгнаенняў — 0,9 млн. т (1997, у пераліку на 100% колькасць карыснага рэчыва), у т. л. 0,6 млн. т азотных і 0,3 млн. т фосфарных, сінт. смол — 425 тыс. т, а таксама карбіду кальцыю, цяжкай вады, інертных газаў (аргон, неон). Асн. цэнтры хім. прам-сці — Осла і Берген, нафтаперапр. і нафтахім. — Берген і Ставангер. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Нарыхтоўкі драўніны склалі 7,6 млн. м³, піламатэрыялаў — 2,4 млн. м³, вытв-сць драўнянавалакністых пліт — 18,9 млн. м³, драўнянастружкавых пліт — 420 тыс. м³, паперы і кардону — 2 млн. т (1997); гал. цэнтры Шыен і Тронхейм. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены прадпрыемствамі па буд-ве суднаў, пераважна танкераў і рыбалоўных, платформ для здабычы нафты і газу ў моры, буравога, горнага, металург., хім., лесаперапрацоўчага абсталявання, вырабаў радыёэлектронікі (Осла, Берген, Ставангер). У прам-сці буд. матэрыялаў вылучаецца вытв-сць цэменту — 1,8 млн. т (1997). З галін лёгкай прам-сці найб. развіты швейная і трыкатажная (асабліва вытв-сць спарт. і рабочага адзення), абутковая (абутак для маракоў і рыбакоў). У харч. прам-сці вылучаецца рыбаперапрацоўчая і рыбакансервавая галіна. Улоў рыбы (1997) — 2,84 млн. т, у т. л. селядцоў — 917 тыс. т, траскі — 401 тыс. т. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі даюць прадпрыемствы 4 найб. гарадоў, у т. л. 25% — Осла. Сельская гаспадарка працуе пераважна на ўнутр. рынак. С.-г. ўгоддзі (1997) займаюць 1,1 млн. га (каля 3,4% тэр.), у т. л. пад ворывам 1 млн. га. Пераважаюць невял. фермы (да 10 га). Многія з дробных фермераў частку даходу атрымліваюць ад рыбалоўства і продажу лесу. Пашырана вытворча-збытавая кааперацыя. Гал. галіна — малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1, свіней — 0,8, авечак і коз — 2,6, птушкі — 4. На Пн разводзяць паўн. аленяў (каля 100 тыс. галоў). Вытворчасць (тыс. т., 1997): мяса — 276, малака — 1900 (надой на 1 карову 5472 л за год), воўны — 5; атрымана 831 млн. штук яец. Прадукцыя раслінаводства (1997): збожжавыя і зернебабовыя — 1,3 млн. т, бульба — 0,4 млн. т, агародніна — 0,2 млн. т, плады і ягады — 0,1 млн. т. Сярэдняя ўраджайнасць: аўса — 50,4 ц/га, пшаніцы — 45,4 ц/га, бульбы — 222 ц/га. Вырошчваюць фуражныя культуры. Развіта клетачная пушная зверагадоўля (норак і лісоў). Асн. від транспарту — марскі, забяспечвае прыкладна ​2/3 унутр. і ​9/10 знешніх перавозак. Танаж гандл. флоту (судны водазмяшчэннем больш за 100 т) больш за 21 млн. брута-рэг. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Больш за 90% танажу занята на міжнар. перавозках па замежных фрахтах. Гал. парты: Осла, Берген, Ставангер, Нарвік. Працягласць чыгунак (больш за 60% электрыфікаваныя) — 4 тыс. км, аўтадарог — 90 тыс. км. Н. знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце па ўнутр. авіяц. перавозках пасажыраў у разліку на душу насельніцтва. Міжнар. аэрапорты каля Осла, Ставангера, Будзё, густая сетка мясц. аэрапортаў. У 1997 экспарт склаў 47,7 млрд. дол., імпарт — 35,5 млрд. дол. Асн. тавары экспарту: нафта і прыродны газ (каля 50% па кошце), каляровыя металы, судны, рыба. Імпарт: машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нідэрланды, Францыя. Імпарт у Беларусь (1997) — 553 тыс. дол., пераважна рыба. Значны даход прыносіць турызм, колькасць замежных турыстаў 2,7 млн., чал., даход ад турызму — 2,5 млрд. дол. (1997). Грашовая адзінка — нарвежская крона.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (15,8 тыс. чал.), ВПС (7,9 тыс. чал.), ВМС (9 тыс. чал.). Агульная колькасць 32,7 тыс. чал. (1999). Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Камплектаванне паводле прызыву. На ўзбраенні 170 танкаў, 214 бронетранспарцёраў, 57 баявых машын пяхоты, 252 гарматы, 454 мінамёты, 300 пераносных зенітных ракетных комплексаў, у ВМС 12 падводных лодак, 4 фрэгаты, 14 тральшчыкаў, 53 катэры і інш., у ВПС 79 баявых самалётаў.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне платнае, але 80% расходаў на ўрачэбную дапамогу і набыццё некат. лекаў фінансуецца з фондаў сац. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,4, жанчын 81,2 года. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал., натуральны прырост 0,27% (1999). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 197 чал., урачамі — 1 на 299 чал. (1998). Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Асвета. Сістэма адукацыі Н. дзярж., бясплатная, існуе невял. колькасць прыватных школ, якім аказваецца дзярж. фін. падтрымка. Паводле рэформы 1994 у сістэме адукацыі, дзеці вучацца ў школе з 6-гадовага ўзросту. Тэрмін усеагульнага абавязковага навучання 10 гадоў: складаецца з пач. ступені (1—4-ы кл.), прамежкавай (5—7-ы кл.) і ніжэйшай сярэдняй ступені (8—10-ы кл.), дзе вучні могуць выбіраць прадметы дадаткова да абавязковых. Пасля атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі 95% вучняў працягваюць вучобу на старшай ступені сярэдняй школы (3 гады навучання) і атрымліваюць поўную сярэднюю адукацыю, што дае права паступаць ва ун-т. Старшая ступень складаецца з базавых курсаў (1-ы год навучання), наступных спецыялізаваных і (або) курсаў прафесійна-тэхн. адукацыі. 40% выпускнікоў старшай ступені сярэдняй школы паступаюць у ВНУ. Выпускнікі каледжаў пасля выканання праграм, разлічаных на 2—3 гады, атрымліваюць дыплом. Першая акадэмічная ступень (кандыдат-магістр) прысвойваецца ун-тамі, універсітэцкімі і рэгіянальнымі каледжамі пасля выканання 4-гадовай праграмы навучання; дадатковае навучанне (1,5—3 гады), правядзенне даследавання і напісанне дысертацыі дазваляе атрымаць ступені — канд. філасофіі (гуманіт. навукі), канд. навук (прыродазнаўчыя дысцыпліны) і т.зв. ступень «Sivilingenior» (тэхн. навукі). Паслядыпломную адукацыю можна прадоўжыць у дактарантуры (3—4 гады) і атрымаць ступень д-ра навук у розных галінах ведаў. Існуе і агульная доктарская ступень — д-р філасофіі, якая не патрабуе абавязковага навучання, але прад’яўляе больш высокія патрабаванні да дысертацыі. Усе ВНУ падпарадкоўваюцца Мін-ву адукацыі, даследаванняў і рэлігіі. У 1999/2000 навуч. г. ў Н. — 160 тыс. студэнтаў, у т. л. 80 тыс. ва ун-тах; 4 ун-ты: у Осла (1811), Бергене (1948), Тронхейме (1968), Тромса (1972); 6 спецыялізаваных універсітэцкіх каледжаў. З мэтай развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ 95 рэгіянальных каледжаў у 1994 рэарганізаваны ў 26 і створана «нарвежская сетка», у якую ўвайшоў і універсітэцкі сектар. Найбуйнейшыя б-кі — універсітэцкія і б-ка ў Осла. Музеі: заалагічны (1820), Універсітэцкі нац. старажытнасцей (1828), прыкладнога мастацтва (1876), Нарв. народны (1894), Нац. галерэя (1837); музеі Вігелана (1947), Мунка (1963), музеі, дзе захоўваюцца судны нарв. вікінгаў, карабель Р.​Амундсена і Ф.​Нансена, плыт Т.​Хеердала «Кон-Цікі» і інш. (усе ў Осла). Навук. даследаванні праводзяцца пераважна ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Н. каля 2160 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Aftenposten» («Вячэрняя газета», з 1860), «Dagbladet» («Штодзённая газета», з 1869), «Arbeiderbladet» («Рабочая газета», з 1884), «Nationen» («Нацыя», з 1896), «Verdens Gang» («Свет у руху», з 1945), «Vaart Land» («Наша краіна», з 1945), «Ny Tid» («Новы час», з 1975). Інфарм. агенцтва — Нарв. тэлегр. бюро (НТБ, з 1867). Дзейнічаюць больш за 70 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1960. Трансліруюцца 2 агульнанац. і 17 мясц. праграм. Радыё і тэлебачанне кантралюе ўрадавая карпарацыя Нарв. дзярж. вяшчанне (з 1933).

Літаратура. Ад раннесярэдневяковай л-ры Н. захавалася няшмат помнікаў. У цесным узаемадзеянні з нарвежскай развівалася стараж.-ісландская л-ра, вядомая сваёй паэзіяй міфалагічнага і гераічнага зместу, а таксама творчасцю скальдаў (нарвежцы Брагі Бодасан, Торб’ёрн Хорнклаві, Эйвінд Фінсан; 9—11 ст.) і інш. У 13 ст. з’явілася ананімная рэліг.-філас. (паэма «Сонны прывід») і рэліг.-дыдактычная (дыялог «Каралеўскае люстра») л-ра. Страта краінай незалежнасці выклікала заняпад нарв. л-ры. Літ. мовай стала дацкая. Гуманіст. рух у Н. ў сярэдзіне 16 ст. быў цесна звязаны з Рэфармацыяй (лацінамоўныя творы Х.​Хунарсана, Е.​Нільсана). Патрыят. духам прасякнута гісторыка-геагр. кн. «Пра нарвежскае каралеўства» (1567) А.​Педэрсена Беера. У 17 ст. значныя маст. творы стварылі П.​Дас (паэма «Голас Нурлана»), Д.​Энгельбрэтсдатэр (рэліг. лірыка). Станаўленне свецкай л-ры Н. прыпадае на 18 ст. (паэзія К.​Б.​Туліна, проза і драматургія дацка-нарв. пісьменніка Л.​Хольберга). Даніну класіцызму аддалі ў сваёй творчасці Ю.​Н.​Брун (аўтар першай нарв. гіст. трагедыі «Эйнер Тамбешэльвер», 1772), К.​Фастынг, сентыменталізму — П.​Х.​Фрыман. Супраць адмоўных бакоў класіцызму скіраваны сатыр. і гумарыстычна-парадыйныя творы Ю.​Г.​Веселя, Ю.​Вібе. У 1-й пал. 19 ст. на фоне барацьбы Н. за незалежнасць вылучылася самаст. нарв. нац. л-ра. У гэтым рэчышчы развівалася паэзія Х.​Вергелана. Пачынальнік л-ры на нарв. мове (лансмоле) — І.​Осен. Пануючым літ. кірункам 1840—50-х г. быў «нацыянальны рамантызм» (літ. апрацоўкі нарв. фальклору П.​К.​Асб’ёрнсена, Ё.​Му, М.​Б.​Ланстада, паэзія Ю.​С.​Вельхавена, А.​Мунка, драм. творы Х.​Б’ерэгара, Бруна, Мунка, проза М.​К.​Хансена, Вергелана). У творах П.​Ботэн-Хансена, О.​У.​Вінье, ранняга Г.Ібсена разгарнулася палеміка з прадстаўнікамі гэтага кірунку. У 2-й пал. 19 ст. л-ра Н. ў шэрагу вядучых л-р свету, найперш дзякуючы драм. творам Ібсена і Б.М.Б’ёрнсана, для якіх характэрна арган. спалучэнне рамантычна-сімвалістычных і рэаліст. рыс. Росквіт рэаліст. рамана пачаўся з твораў К.​Эльстэра Старэйшага («Небяспечныя людзі»), Ю.​Лі («Лоцман і яго жонка», «Пажыццёва засуджаны», «Дочкі камандора»), А.​Л.​Х’елана («Шкіпер Воршэ», трылогія «Атрута», «Фартуна», «На Івана»), А.​Гарбарга («Вальнадумец», «Сяляне-студэнты»), Натуралістычныя і эратычныя матывы ўласцівы прозе А.​Скрам. Моцныя ўплывы імпрэсіянізму адчувальныя ў раманах Х.​Егера, неарамант. вершах, малой прозе і п’есах С.​Обстфелера, Т.​Крага, паэзіі Н.​К.​Вогт, В.​Крага. У канцы 19—пач. 20 ст. сусв. вядомасць набыла псіхал. проза К.Гамсуна. Гуманіст. традыцыі развіваліся ў творчасці Ю.​Боера, Г.​Скота, Х.​Кінка, П.​Эге. Мноствам плыняў і кірункаў вызначалася нарв. л-ра паміж сусв. войнамі. У манеры псіхал. рэалізму напісана эпапея «Жыхары Ювіка» У.​Дуўна (т. 1—6, 1918—23), у рэчышчы «новага рэалізму» і неарамантызму — гіст. раманы С.Унсет. Прыкметнай з’явай у л-ры Н. сталі псіхал. раманы С.​Хуля. Сац. тэматыкай адметная проза К.​Упдаля, Ю.​Фалькбергета, О.​Бротэна, паэзія Р.​Нільсена. Стваральнік нарв. сял. эпасу — Т.​Весас (раманы «Вялікая гульня» і «Жанчынам патрэбны дом»), Уплывы фрэйдызму адчувальныя ў раманах А.​Санемусе, паэзіі А.​Эверлана, драмах Х.​Крога. Выкарыстанне традыц. форм у спалучэнні з паэт. навацыямі ўласціва творам Г.​Вільдэнвея, У.​Аўкруста, С.​Мерэна, У.​Буля. Вылучылася творчасць хрысц. празаікаў С.​Крысціянсена, Р.​Фангена, драматурга-сімваліста Г.​Хейберга. У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыгрывала паэзія Ю.Н.Грыга, І.​Хагеруп, проза Хуля, Ю.Боргена і інш. У пасляваен. час вылучылася проза аналіт. (Борген, А.​Омрэ), псіхал. і фрэйдысцкая (Хуль, Т.​Недрэас, Н.​Ю.​Руд), рэаліст. (Боер, Весас), паэзія традыцыяналісцкая (Г.​Рэйс-Андэрсен, І.​Хагеруп, Т.​Стыген, Т.​Юнсан) і мадэрнісцкая (Мерэн, Р.​Якабсен, Э.​Оклан, Я.​Э.​Вол), драматургія рэаліст. (Х.​Хагеруп, Е.​Б’ёрнебу, Т.​Скагестад, А.​Во, Н.​Р.​Крыстэнсен) і мадэрнісцкая (Ф.​Хаўрэвал, Т.​Эр’ясетэр, С.​Крыстаў). У л-ры 1980—90-х г. цэнтр. месца займаюць мадэрнісцкая паэзія і драматургія (Э.​Хоэм), проза псіхал. (К.​Фальбакен), фемінісцкая (Б.​Вік), эксперым. (К.​Флёгстад, С.​Лёвейд), рэліг. (А.​Ронінг), футурысцкая (А.​Енсен), паліт. і сац. (К.​Хольт). Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Н. — паэт і літ.-знавец М.Наг. На бел. мову творы нарв. пісьменнікаў перакладалі С.​Міхальчук, В.​Сёмуха, Л.​Баршчэўскі.

Архітэктура. Сярэдневяковае дойлідства Н. выпрацавала своеасаблівы ў канстр. і маст. адносінах тып драўлянай царквы «стаўкірка», якая ўзводзілася з верт. пастаўленых бярвён і брусоў (цэрквы ва Урнесе, 1060—1130; Боргуне, каля 1150; Голі, канец 12 ст., цяпер у Нарвежскім нар. музеі на п-ве Бюгдзё ў Осла). Мураваная архітэктура фарміравалася ў 12—14 ст. пад уплывам англ. пабудоў раманскага стылю (сабор у Ставангеры, 1130—1300) і готыкі (сабор у Тронхейме, каля 1140—1320, рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.; каралеўская зала Хокансхален у Бергене, 1246—61). З 16 ст. пашыраны агульнаеўрап. маст. стылі: пабудовам 2-й пал. 16—17 ст. ўласцівы элементы архітэктуры Адраджэння, у 18 ст. пераважалі рысы барока і ракако, у канцы 18—1-й пал. 19 ст. з’явіліся пабудовы ў стылі класіцызму (каралеўскі палац, 1824—48, арх. Х.Д.​Ф.​Лінстаў; ун-т, 1838—52, арх. К.​Х.​Грош). У архітэктуры сядзібных і гар. дамоў захоўваліся традыц. высокія чарапічныя дахі з заломам, лёгкія драўляныя галерэі і лоджыі. У 2-й пал. 19 ст. на змену класіцызму прыйшла эклектыка (псеўдараманскія формы, англ. неаготыка); нац.-рамант. рысы выявіліся ў т.зв. драконаўскім стылі з дэкар. элементамі айч. драўлянага дойлідства (арх. Х.​Мунтэ і інш.). У 1920—30-я г. развіваўся функцыяналізм. Пасля 2-й сусв. вайны вырашаліся праблемы пашырэння і рэканструкцыі гарадоў (праект Вял. Осла, 1948—50), масавага жыллёвага буд-ва. У пошуках самабытных форм архітэктары звярталіся да нар. дойлідства (турыстычныя гасцініцы, вілы, асабнякі). У 1960-я г. ў Н. пашырыўся арх. кірунак бруталізм: ратуша ў Аксеры каля Осла (1963, арх. Х.​Лунд, Н.​Слету), музей у Ховікодэне (1964—68, арх. І.​Эйквар, С.​Е.​Энгебрэтсен). У 1910 створаны Саюз нарв. архітэктараў.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад неаліту і бронз. веку на тэр. Н. захаваліся наскальныя размалёўкі з выявамі аленяў, схематычных фігур людзей, сонечнага дыска і інш. У сярэдзіне 1-га тыс. н.э. ад мастацтва герм. плямён, якія засялялі Пд Н., пашырыўся звярыны стыль. У канцы 8—9 ст. у рэчышчы культуры вікінгаў пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва Н. Развіваўся звярыны стыль, у які ўключаліся геам. ўзоры («пляцёнка») і фігуры людзей (разьба на пахавальных караблях, павозках, санях і інш.), пазней — расл. ўзоры і жанравыя сцэны. У 13—14 й. развівалася гатычнае мастацтва (размалёўкі храмаў, скульптура, мініяцюра). З канца 14 ст. развіццё маст. культуры Н. заняпала. У 17 — пач. 19 ст. нарв. мастацтва развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў барока і ракако (працавалі пераважна замежныя майстры). У дэкар.-прыкладным мастацтве пашырыліся разьба і размалёўка па дрэве, разьба па слановай косці. У пач. 19 ст. з’явіліся нац. прафес. мастакі (жывапісец і графік Ю.К.​К.​Даль, О.​Вергеланд і інш.). З сярэдзіны 19 ст. павялічылася цікавасць да тэм нар. жыцця (А.​Тыдэман), нац. пейзажа (Х.​Гудэ, Ф.​Колет). У 1870—80-я г. пад уплывам франц. мастацтва большасць нарв. мастакоў аддавалі ўвагу вырашэнню спецыфічных жывапісных праблем, асабліва перадачы асвятлення і святлопаветр. асяроддзя (Х.​Бакер, Э.​Петэрсен, Ф.​Таўлаў, Х.​Хеердал і інш.). У скульптуры дамінавалі рысы класіцызму ў духу дацкага скульпт. Б.Торвальдсена (Б.​Бергсліен, Ю.​Мідэльтун, Х.​Мікельсен, М.​Шэйбрак і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. у мастацтве склалася нац. рэаліст. школа (К.​Крог, Э.​Верэншэль, Т.​Кігэльсен, Г.​Мунтэ і інш.). У рэчышчы сімвалізму працаваў скульпт. А.Т.Вігелан. У гэты перыяд склалася творчасць аднаго з заснавальнікаў экспрэсіянізму Э.Мунка. У выяўл. мастацтве 1-й пал. 20 ст. дамінавала манум.-дэкар. мастацтва (Р.​Аўлі, П.​Крог, А.​Рэваль, А.​Рольфсен і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся мадэрнісцкія кірункі (Я.​Вейдэман, Г.​С.​Гундэрсен, К.​Румар, І.​Сітэр і інш.). Традыцыі рэаліст. школы працягвалі жывапісец Х.​Фіне, графікі П.​Гаген, В.​Тветэрас і інш. У скульптуры развіваліся неакласіцыстычныя тэндэнцыі (Э.​Баст, Р.​Луне, В.​Расмусен, Г.​Янсан і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, кераміка, тэкстыль, драўляны посуд, вырабы з металу, карункапляценне, вышыўка) пераважаюць простыя рацыянальныя формы, у дэкоры выкарыстоўваюцца перапрацаваныя элементы нац. фальклору.

Музыка. Пра стараж. паходжанне нарв. музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя муз. інструменты 2 ст. да н.э.), сагі ісландска-нарв. эпасу («Эда Старэйшая», канец 11 ст.). Захаваліся стараж. вак.-інстр. і танц. жанры — пастухоўскія песні-клічы лок, хювінг, лалінг; балады, культавыя, гіст. і інш. песні, танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковыя фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта селье, лур; варган мюнхарпе. З пашырэннем хрысціянства (10 ст.) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 ст. — арганная музыка. У 14—19 ст. музыка Н. была пад уплывам дацкай музыкі. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў перыяду Рэфармацыі — «Dansk salmebog» Х.​Томісёна (1569), «Graduale» Н.​Есперсена (1573). З канца 16 ст. муз. цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі аматарскія і праф. аркестры, паўпрафес. муз. т-вы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарв. кампазітараў эпохі барока Г. фон Бертух, Ю.​Д.​Берлін (аўтар і першага нарв. падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.​Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 ст. паявіліся першыя зб-кі запісаў нар. песень і танцаў (1841). У 1825 напісаны першы нарв. зінгшпіль (кампазітар В.​Тране, паэт Х.​Б’ерэгар). Стваральнікі нац. кампазітарскай школы — Х.Х’ерульф і Р.​Нурдрак (аўтар нарв. нац. гімна, 1864). Найб. адметная з’ява музыкі Н. — творчасць і дзейнасць Э.Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.​Сіндынг, Ю.​Сельмер, Ю.​Хальварсен, у 20 ст. — А.​Эген, Э.​Альнес, Ю.​Хорклаў, С.​Юрдан. Вял. ўклад у нарв. музыку зрабіў Ю.Свенсен. У музыцы Н. прасочваюцца ўплывы і прынцыпы розных стыляў і школ, у т. л. муз. імпрэсіянізму (А.​Хурум), новай венскай школы (Ф.​Вален), неакласіцызму (Л.​І.​Енсен), франц. музыкі пач. 20 ст. (Д.​М.​Юхансен, П.​Хал, А.​Клевен, Б.​Брустад). Буйнейшыя сімфаністы Н. — К.​Эге і Х.​Северуд. Стараж. фальклор Н. выкарыстоўваюць у сваіх творах Э.​Грувен, С.​Ульсен, Е.​Твейт; серыйную тэхніку і алеаторыку — Ф.​Мортэнсен, Э.​Ф.​Брэйн, Э.​Сомерфельт, А.​Бібала, Э.​Хоўлан і інш. У галіне электроннай музыкі працуе А.​Нурхейм. Сярод інш. сучасных кампазітараў: К.​Нюстэт, М.​Ом, Ю.​Квандал, А.​Янсан, эстрадныя Б.​Амдал, Р.​Даніельсен, В.​Санбек. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.​Андэрсен, О.​Р.​Грунер-Хеге, Э.​Ф’ельстад, Ю.Хальварсен, спевакі Э.​Гульбрансан, К.Флагстад, О.Нурму-Лёўберг, Э.​Талаўг, К.​Скрам, У.​Эрыксен, піяністы І.​Братлі, Х.​М.​Бекелун, Р.​Левін, Т.​Тэлефсен, скрыпачы У.Буль, А.​Тэлефсен і інш. У Н. працуюць: Оперны т-р (з 1958) і аркестр Філармоніі ў Осла, аркестр філарманічнага т-ва «Гармонія» ў Бергене, стр. Хіндар-квартэт, Нац. канцэртнае т-ва (з 1968); кансерваторыі ў Осла (з 1883), Бергене (1905), Ставангеры (1945), вышэйшыя муз. школы ў Тронхейме (1911), Вейтвеце (1959) і інш. З 1953 у Бергене праводзяцца Міжнар. муз. фестывалі.

Тэатр. Вытокі нац. нарв. т-ра ў рэліг. і быт. абрадах. У 16—17 ст. у школьных т-рах ставілі містэрыі і маралітэ на лац. і нарв. мовах. У сярэдзіне 18 ст. ў Хрысціяніі (сучасны г. Осла) і Бергене ўзніклі аматарскія тэатр. трупы на нарв. мове (найб. буйная — хрысціянійскае Драм. т-ва, засн. ў 1780). У 1794 засн. праф. т-р у Бергене, у 1827 — Хрысціянійскі т-р, у якіх ставіліся п’есы на дацкай мове і выступалі пераважна дацкія акцёры. У 1850 у Бергене адкрыўся Нарв. т-р (з 1876 «Нац. сцэна»), які ўзначальвалі драматургі Г.Ібсен, пазней Б.​Б’ёрнсан. З яго дзейнасці пачалося развіццё нарв. нац. тэатр. мастацтва. У 1852 адкрыта Нарв. драм. школа ў Хрысціяніі (з 1854 «Нарв. т-р»). З пач. 20 ст. буйнейшым цэнтрам тэатр. жыцця Н. стаў Нац. т-р. У яго рэпертуары вял. месца належала драматургіі Ібсена і Б’ёрнсана, ставіліся творы У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, Ю.​А.​Стрындберга, Б.​Шоу і інш., у трупу ўваходзілі лепшыя нарв. акцёры (Р.​Ветэргрэн, Г.​Грыг, Ю.​Дзюбвад, Д.​Кнудсен, А.​Маўрстад, А.​Мувінкель, Х.​Обель, А.​Одвар, Ю. і С.​Рэймерс, Т.​Сегельке, Ю.​Фальстрэм і інш.). Створаны і новыя т-ры ў Хрысціяніі, Бергене, Тронхейме, Ставангеры. У 1920—30-я г. ставіліся нац. і сусв. класіка, п’есы К.​Абеля, Ю.​Боргена, Ф.​Вольфа, Х.​Крога, Н.​Грыга, К.​Чапека, П.​Лагерквіста і інш. У 2-ю сусв. вайну тэатр. мастацтва зведала востры ідэйна-маст. крызіс, многія акцёры эмігрыравалі ў Швецыю. У сучасным рэпертуары т-раў разам з творамі нац. і сусв. класікі пашырылася драматургія сучасных замежных аўтараў. Працуюць Нац. т-р, Малая сцэна Нац. т-ра (ставіць толькі аднаактовыя п’есы), Нарвежскі т-р, Нар. т-р (з 1913), Новы т-р (з 1929) у Осла, Дзярж. вандроўны т-р (з 1949) і інш.; дзейнічаюць шматлікія т-ры тыпу рэвю. Акцёраў і рэжысёраў рыхтуе Дзярж. тэатр. школа ў Осла (з 1953).

Кіно. Вытворчасць фільмаў у Н. пачалася ў 1908 (кароткаметражны ігравы фільм «Небяспечнасці рыбацкага жыцця»). У 1916 створана фірма «Хрысціянія-фільм», у 1919 — кампанія «Муніцыпальны кінацэнтр», у 1935 — кінастудыя ў Яры. У 1910-я г. здымалі пераважна фільмы забаўляльнага характару, з 1920-х г. — экранізацыі літ. твораў, якія пераважна ідэалізавалі нац. традыцыі: «Ганна-падкідыш» (1920, рэж. Р.​Брэйстэйн), «Горная казка» (рэж. Л.​Сіндынг), «Лось-велікан» (рэж. В.​Фюрст, абодва 1927), першы гукавы фільм «Вялікія хрэсьбіны» (1931, рэж. Т.​Ібсен), «Добрыя людзі» (1937, рэж. Сіндынг), «Дзіця» (1938, рэж. Брэйстэйн), «Слаўная Марэн» (1940, рэж. К.​Хергель) і інш. У 1930-я г. з’явіліся фільмы з сац. і этычнай праблематыкай: «Валацуга» (1934), «Двое жывых і адзін памерлы» (1937, абодва рэж. Ібсен) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся фільмы, прысвечаныя Руху Супраціўлення: «Мы хочам жыць» (рэж. У.​Дальгар), «Уцекачы» (рэж. Т.​Санё, абодва 1946), «Бітва за цяжкую ваду» (1948, рэж. Т.​Вібе-Мюлер, Ж.​Дрэвіль), «Уцёкі з Дакара» (1951, рэж. Вібе-Мюлер), «Вымушаная пасадка» (1952), «Дзевяць жыццяў» (1957), «Акружэнне» (1960, усе рэж. А.​Скоўэн) і інш. З канца 1940-х г. здымалі лялечныя фільмы (рэж. І.​Капрына), у 1950 зняты першы ігравы фільм для дзяцей «Марыяна ў бальніцы» (рэж. Вібе-Мюлер). У 1950 засн. Дзярж. цэнтр кіно, у 1955 — Нарв. ін-т кіно і Дзярж. музей фільмаў. Пачало развівацца дакумент. і навук.-папулярнае кіно (рэж. А.​Берг, Я.​Вікбарг, Т.​Хеердал, П.​Хест і інш.). У 1960-я г. фільмы сац. і ваен. тэматыкі здымалі рэж. К.​Андэрсен, Н.​Мюлер, Н.​Р.​Крыстэнсен і інш., кінакамедыі — рэж. Андэрсен, Вібе-Мюлер, Э.​Бенерэд і інш. У 1968 створаны сав.-нарв. фільм «Усяго адно жыццё» (рэж. С.​Мікаэлян). У 1970—80-я г. ў кіно прыйшлі маладыя рэжысёры П.​Банг-Хансен («Канарэйка», 1973; «Кронпрынц», 1979), Берг («Закрытае аддзяленне», 1972; «Вайна Бобі», 1974), П.​Блум («Антон», 1973; «Дом маці», 1974), А.​Брэен («Гвалтаванне», 1971; «Жонкі», 1975; «Спадчына», 1978; «Паляванне на ведзьмаў», 1981), В.​Лёкеберг («Адкрыццё», 1977; «Дзяўчынка на пабягушках», 1981), Л.​Мікельсен («Мы», 1976; «Маленькая Іда», 1981) і інш. Вылучаюцца фільмы рэж. С.​Вама і П.​Венерэда («Ласе і Гейр», 1976; «Маўклівая большасць», 1977; «Чарней за ноч», 1979; «Жыццё і смерць», 1980; «Юлія — Юлія», 1981; «Жыць сваім жыццём», 1982), Я.​Дзюрынга («Люсі», 1979), Э.​Сульбакена («Кроў падзёншчыка», 1978), С.​Уднеса («Фру Інгер з Эстрата», 1975; «Імгненне», 1975) і інш. Развіваецца кіно для дзяцей: «Падарожжа на калядную зорку» (1976, рэж. О.​Солум), «Бабуля і восем дзяцей у горадзе» (1977), «Бабуля і восем дзяцей у лесе» (1979, рэж. абодвух Э.​Торстэнсан), «Цэпелін» (1981, рэж. Л.​Глом), «Залатавуст» (1982, рэж. Блум) і інш. Сярод акцёраў І.​Бардун, Б.​Бёрсум, Х.​Кольстад, А.​Малан, А. і Т.​Маўрстад, К.​Медбе, А.​Опсаль, А.​М.​Отэрсен, Б.​Скатэста, С.​Стурла Хугнес, Я.​Ф’ельстад, К.​Хусебё і інш. У Н. дзейнічаюць Саюз муніцыпальных кінематаграфістаў. Нарв. саюз фільмаў, арг-цыі нарв. вытворцаў кіно і відэапраграм, нарв. кінакрытыкаў, Саюз нарв. кінаклубаў. Кадры для кіно рыхтуюцца на базе Тронхеймскага ун-та.

Літ.:

История Норвегии. М., 1980;

Гуревич А.Я. Норвежское общество в раннее средневековье: Пробл. социал. строя и культуры. М., 1977;

Носков А.М. Норвегия во второй мировой войне 1940—1945. М., 1973;

Кюнле С. Государство всеобщего благосостояния: Норвежская модель: Пер. с норв. М., 1994;

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;

Сакалоўскі У. Скандынаўскія літаратуры ў Беларусі // Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Ланге К., Эствед А. Норвежская музыка: Пер. с англ. М., 1967;

Левашева О.Е. Музыка // История Норвегии. М., 1980;

Гриндэ Н. История норвежской музыки: Пер. с норв. Л., 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Сепа Холта, Н.​І.​Марозава (асвета), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Л.​А.​Сівалобчык (музыка).

Герб і сцяг Нарвегіі.
Да арт. Нарвегія. 1 — горнае возера на поўдні краіны; 2 — старая частка горада Берген.
Да арт. Нарвегія. Царква «стаўкірка» ў Голі, канец 12 ст. (злева); сабор у Тронхейме, каля 1140—1320.
Да арт. Нарвегія. Х.​Гудэ. Марскі пейзаж. 1876.
Да арт. Нарвегія. Э.​Мунк. Крык. 1893.
Да арт. Нарвегія. О.​Вергеланд. Эйдсвальд. 1814.
Да арт. Нарвегія. Ю.К.​К.​Даль. Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай. 1842.

т. 11, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),

Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 923,8 тыс. км². Нас. 113,8 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г. Абуджа; былая сталіца і гал. эканам. цэнтрг. Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.

Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд. т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж.студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал. р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.

Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн. чал. Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн. чал.) і ігба (каля 21 млн. чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн. чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн. чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс. чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс. ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн. ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.

Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. У канцы 1-га тыс. н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс. н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.​Маколей стварыў першую афр. паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.​Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн. нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.​Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.​Авалова.

1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.​Т.​Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.​У.​Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.​Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх. вобл. А.​Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн. чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.​Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.​Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.​Ш.​Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.​Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.​Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар. дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар. дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.

Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн. т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд. кВтгадз (1996); 61% даюць ЦЭСнайб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс. т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст. прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн. т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн. т за год) і Алоджы (1 млн. т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс. т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс. т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн. га, пад пашай каля 40 млн. га, арашаецца каля 1 млн. га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пнфеад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн. т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах. ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс. т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс. т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс. т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс. км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд. дол., імпарт — 9,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал. гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.​Асадэбай) і драматургія (Х.​Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.​Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.​Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.​Нзекву, Э.​Амадзі, Т.​Алука, О.​Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.​Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.​Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.​Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.​Аматоса, О.​Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.​П.​Кларк, К.​Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.

Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст. н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап. акад. кірунку А.​Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.​Ідэхен, Ф.​Ідубар, Д.​Нвока, І.​Ае, Б.​Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.​Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.​Грыло, Дж.​Акола, А.​Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.​Агундэле, Дж.​Бураймах, Б.​Анабракпае і інш., мазаікі — І.​Адэемі, дызайну — А.​Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.

Літ.:

История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;

Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ. М., 1984;

Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;

Современные литературы Африки. М., 1973.

І.​В.​Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​І.​Сініца (гісторыя), Г.​М.​Малей (літаратура).

Герб і сцяг Нігерыі.
Да арт. Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.
Да арт. Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.
Да арт. Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.

т. 11, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,

пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.

Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт. Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.

У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр. сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл. Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш. Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л. мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.

Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.

Літ.:

Мозг: Пер. з англ. М., 1984.

Я.​В.​Малашэвіч.

Галаўны мозг. Сагітальны разрэз галаўнога мозга: 1 — лобная доля; 2 — паясная звіліна; 3 — мазолістае цела; 4 — празрыстая перагародка; 5 — скляпенне; 6 — пярэдняя спайка; 7 — зрокавае перакрыжаванне; 8 — падталамічная вобласць; 9 — гіпофіз; 10 — скроневая доля; 11 — мост; 12 — прадаўгаваты мозг; 13 — чацвёрты жалудачак; 14 — мазжачок; 15 — водаправод мозга; 16 — патылічная доля; 17 — чатырохбугор’е; 18 — шышкападобнае цела; 19 — цемянная доля; 20 — таламус.
Паступовае ўскладненне галаўнога мозга ў пазваночных жывёл (від мозга зверху): А — мозг акулы, Б — жабы, В — алігатара; мозг млекакормячых: Г — тупайі, Д — каня, Е — чалавека (від збоку). 1 — нюхальная доля; 2 — нюхальная цыбуліна; 3 — эпіфіз; 4 — трэці жалудачак; 5 — зрокавая доля; 6 — мазжачок; 7 — прадаўгаваты мозг; 8 — прамежкавы мозг; 9 — чацвёрты жалудачак; 10 — вялікія паўшар’і; 11 — звіліна; 12 — баразна.

т. 4, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),

паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.​Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.

Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.

У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял. маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял. кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.​Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.​Каспровіч), літ. (Б.​Казлаўскас), рус. (Я.​Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.​Семяжон, У.​Шатон, Н.​Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.​Агуновіч, У.​Басалыга, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Марачкін, М.​Селяшчук і інш., драматургі (А.​Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.

Тв.:

Песня пра зубра. Мн., 1973;

Песня пра зубра. Мн., 1980;

Песьня пра зубра. Мн., 1994.

Літ.:

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;

Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;

Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд. Мн., 1996.

В.​А.​Чамярыцкі.

Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁ,

збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.

Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл. Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн. арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).

На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб. стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст. гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г. буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял. Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял. арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл. буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл. Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.

Літ.:

Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992;

Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995.

С.​А.​Сергачоў.

Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.
Да арт. Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.
Да арт. Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.
Да арт. Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у Мінску.

т. 6, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РЫС,

эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).

Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.​Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.​Радзішчаў, М.​Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.​Даль, Дз.​Грыгаровіч, А.​Пушкін, М Гогаль, М.​Някрасаў, І.​Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.​Мамін-Сібірак, Л.​Талстой, М.​Ляскоў, У.​Караленка, А.​Чэхаў, В.​Верасаеў, М.​Памялоўскі, В.​Сляпцоў, Ф.​Рашэтнікаў, М.​Лявітаў, Г.​Успенскі, У.​Гіляроўскі і інш. Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.​Горкаму, А.​Серафімовічу, Дз.​Фурманаву, Л.​Рэйснер, М.​Шагінян, М.​Кальцову, В.​Авечкіну, Б.​Агапаву, Я.​Дорашу, Г.​Радаву, Г.​Траяпольскаму, Ю.​Казакову, В.​Пяскову, М.​Міхайлаву і інш.

Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.​Шпілеўскага, У.​Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.​Шэйна, Е.​Раманава, М.​Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.​Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.​Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.​Колас («З румынскага фронту», 1917), М.​Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.​Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.​Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.​Колас, К.​Чорны, Я.​Скрыган, М.​Лынькоў, З.​Бядуля, Э.​Самуйлёнак, П.​Броўка, П.​Глебка, Х.​Шынклер, С.​Баранавых, У.​Мяжэвіч, Ю.​Лявонны і інш. У Вял. Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.​Чорнага, К.​Крапівы, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.​Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.​Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.​Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.​Дадзіёмава, А.​Кулакоўскага, В.​Мысліўца, Э.​Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.​Брыля, «Ліпень у дарозе» І.​Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.​Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.​Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.​Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.​Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.​Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.​Казловіча, «Час гаспадароў» М.​Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.​Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.​Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.​Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.

Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.​Гігевіча і А.​Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.​Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.​Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.​Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.​Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.​Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.​Грахоўскага і інш.

Публ.:

Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.

Літ.:

Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;

Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;

Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;

Стральцоў Б. Публ шыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;

Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг. Мн., 1991.

А.​Ф.​Лысенка.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.

Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.

Першая бел. П.п. — Бел. рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Каганец), В.​Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр. с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял. Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.

Літ.:

Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;

Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;

Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),

від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.

Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст. самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.​Груневальд, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах у Германіі, А.​Альтдорфер, П.​Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.​Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.​П.​Рубенс у Фландрыі, А.​Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.​Ларэна, Н.​Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.​Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.​Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.​Д.​Фрыдрых, Л.​Рыхтэр у Германіі, У.​І.​Кох у Аўстрыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.​Каро, Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле (Францыя), Дж.​Констэбла (Вялікабрытанія), А.​Менцэля (Германія), І.​Айвазоўскага, А.​Бенуа, Л.​Бродскай, І.​Грабара, А.​Дайнекі, А.​Куінджы, І.​Левітана, Г.​Ніскага, В.​Паленава, М.​Рэрыха, А.​Саўрасава, В.​Сярова, І.​Шышкіна (Расія), М.​Сар’яна (Арменія), А.​Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.​Банар, К.​Манэ, Э.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.​Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.​Гаген, П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.

У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.​Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.​Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.​Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.​Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.​Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.​Альхімовіч, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.​Жукоўскі, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Н.​Орда, Ю.​Пэн, К.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, Я.​Сухадольскі, І.​Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.​Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.​Волкаў, І.​Гембіцкі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, С.​Лі, М.​Сеўрук, М.​Станюта, А.​Тычына (1920—50-я г.), А.​Бархаткоў, У.​Басалыга, Я.​Батальёнак, Г.​Вашчанка, В.​І.​Вярсоцкі, В.​Грамыка, М.​Данцыг, М.​Ісаёнак, К.​Качан, А.​Кроль, У.​Лагун, З.​Літвінава, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, Л.​Марчанка, У.​Маскоўскіх, П.​Масленікаў, Г.​Паплаўскі. У.​Пасюкевіч, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Сумараў, І.​Рэй, В.​Цвірка, Л.​Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.

Літ.:

Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;

Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;

Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;

Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;

Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;

Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.
Да арт. Пейзаж. І.​Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.
Да арт. Пейзаж. В.​Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.
Да арт. Пейзаж. В.​Грамыка. Раніца туманная. 1974.
Да арт. Пейзаж. В.​Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЫ́НІЯ (România),

дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пд з Балгарыяй, на З з Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і У з Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м. Пл. 237,5 тыс. км². Нас. 22 411,1 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г. Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст. адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.

Прырода. Каля ​2/3 тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд. Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУ Ніжнедунайская раўніна з далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн. р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.

Насельніцтва. 89,5% румыны; з інш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс. ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў з Паўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э. асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн. Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст. н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх. ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час. Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах. ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс. н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх. ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст. венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст. Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст. Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст. самаст. феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн. Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт. Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.

Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст. тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам з цэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр. Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.​Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.​Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.​Дз.​Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на ​2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.​Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.​І.​Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.​Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.​К.​Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл. Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.

У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч. тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн. чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокія паліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс. чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны з СССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль П [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.​Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс. сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн. га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі з паліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум. Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.​Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл. Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокія эканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л. з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум. камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.​Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд. дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.​Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.​Рамана ажыццяўляў праграму эканам. рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.​Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт. рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл. ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл. Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.​М.​Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш. Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац. прафс. канфедэрацыя «Альфа».

Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс. дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн. чал. сталі ўласнікамі ​2/3 с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн. т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд. м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн. т кам., 4,3 млн. т каксавальнага, 23,4 млн. т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн. кВтгадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн. т чыгуну і 6,3 млн. т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс. т), цынку (25,6 тыс. т), медзі (19,1 тыс. т), алюмінію (164 тыс. т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн. т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс. т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн. м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс. м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс. т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн. т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс. т мяса, 36,1 тыс. т маргарыну, 7 тыс. т масла, 37 тыс. т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн. га зямель, у т. л. 9,7 млн. га пад ворывам, 5 млн. га пад пашай. Арашаецца каля 3 млн. га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн. с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс. т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс. т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс. км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд. дол., імпарт 9,6 млрд. дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд. дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн. дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс. чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс. чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс. чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс. чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж. мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч. г. ў Р. каля 14 тыс. пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж. ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж. ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум, АН, Цэнтр. дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.​Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр. паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум. АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.​М.​Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.

Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л. слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг з царк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.​Урэке, М.​Касціна, І.​Некулчэ, К.​Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.​К.​Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.​Міку-Клейн, Г.​Шынкай, П.​Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум. л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.​Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.​Будай-Дэляну. У пач. 19 ст. з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады з зах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.​Асакі і І.​Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.​Александры, М.​Эмінеску, Дз.​Балінтыняну, В.​Кырлава, К.​Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс. сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.​Кагэлнічану, А.​Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.​Філімона, творы І.​Л.​Караджале, Дж.​Кошбука, І.​Крангэ, І.​Славіча, Б.​Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.​Л.​Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.​Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.​Садавяну, І.​Агырбічану, Л.​Рэбрану, К.​Петрэску, Ч.​Петрэску, Г.​Пападат-Бенджэску, Дж.​Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.​Мачэдонскі), пантэізм (Л.​Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.​Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет. л-ра (проза А.​Сахіі, Дж.​Богзы, паэзія М.​Бенюка, Э.​Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.​Петрэску, Ч.​Петрэску, З.​Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.​Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.​Паповіча, М.​Прэды, Э.​Барбу, паэзія М.​Бануш, Р.​Баўрану, драматургія А.​Барангі, Х.​Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.​Р.​Папеску, Ф.​Нягу, Н.​Веля, паэты Н.​Стэнеску, М.​Сарэску, А.​Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.​Бэнулеску, Нягу, А.​Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.​Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.

На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, М.​Танка, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, Г.​Далідовіча, В.​Іпатавай і інш. бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.​Ткачоў, Г.​Шаранговіч, У.​Лапцёнак, Я.​Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.​Дынеску, Крангэ, Д.​Крэснару, Кэлінеску, Г.​Маярэску, І.​Мірчы, Паповіча, М.​Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.​Стайчэску і перакладчык Т.​Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.​Бачыла, Т.​Бондар, А.​Бутэвіч, А.​Вярцінскі, М.​Гіль, С.​Законнікаў, У.​Казбярук, М.​Мятліцкі, В.​Нікіфаровіч, П.​Прыходзька, Я.​Семяжон і інш.

Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры з венг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння з пач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). З пач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.​Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г. арх. І.​Мінку звярнуўся да традыцый рум. нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.​Чэркез, І.​Д.​Берындзей, А.​Сэвулеску, Н.​Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.​Крангэ, Д.​Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац. т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар. арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст. пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст. пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.​Маўльберч, І.​Н.​Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.​М.​Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.​Палкоўнікула, Г.​Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.​Негуліч, Б.​Іскавеску, Т.​Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.​Д.​Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.​Грыгарэску, І.​Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету з дэмакр. нац. ідэаламі (Ш.​Лук’ян, Г.​Петрашку, Т.​Паладзі, К.​Рэсу, Ш.​Дымітрэску, Н.​Таніца, Ф.​Шырата, Дз.​Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.​Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.​Пачура), неакласіцызму (І.​Жаля, О.​Хан, К.​Медра), сімвалізму (К.​Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.​Жыкідзі, І.​Рос, Н.​Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.​Баба, М.​Бунеску, Х.​Катарджы, А.​Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.​Піліуцэ, Б.​Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.​Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.​Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.​Геаргіў, В.​Алмэшану), сюррэалізму (С.​Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.​Шару, В.​Мэрджынян, І.​Сэлішцяну, І.​Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.​Ангела, Р.​Ладзі, Б.​Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.​Віды, Ю.​Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.​Ірымеску, З.​Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.​Раду, Г.​Іліеску, І.​Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш. Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.​Лэўтару, Н.​Піку, Г.​Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.​Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.​Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.​Парумбеску, В.​Хірка, Л.​Віст. Вызначальнай стала опера Э.​Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.​Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.​Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.​Музічэску, Г.​Дыма, Д.​Кірыяк-Джарджэску, Г.​Куку, Я.​Мурэшыяну, І.​Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.​Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.​Кіпрыяка, Т.​Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр. т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.​Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.​Дымітрэску, Х.​Даркле, М.​Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.​Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.​Жора, жанру інстр. канцэрта — П.​Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.​Драгой, Дз.​Куклін, А.​Мендэльсон, І.​Думітрэску, А.​Зіра, М.​Андрыку, пазней С.​Тадуцэ, П.​Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.​Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.​Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар. муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.​Бугіч, А.​Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.​Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.​Сільвестры, А.​Рацыў, М.​Марбе, Ш.​Нікулеску, Т.​Олах, А.​Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.​Александрэску, М.​Басараб, Дж.​Джарджэску, Т.​Рагальскі, Сільвестры, Э.​Эленеску, піяніст Дз.​Ліпаты, скрыпачы І.​Войку, Ш.​Руха, спевакі Г.​Зобіян, Т.​Лукачу, Э.​Петрэску, М.​Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.​Балан, З.​Ванча, Р.​Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.

Тэатр. Вытокі рум. т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес. т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.​Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.​Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял. т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.​Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум. т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.​Негруцы, В.​Александры, М.​Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.​Міла) і рамант. (К.​Караджале, М.​Паскалі) кірунках. У 1877 засн. Драм. т-ва прафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст. рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.​Маналеску, А.​Раманеску, К.​Натара, А.​Пруцяну, пазней — іх вучні А.​Дэметрыядэ, Т.​Буландра і Л.​Стурдза-Буландра, Г.​Сторын і інш. На нац. тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.​Л.​Караджале, які ўзняў рум. сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.​П.​Хашдэў, А.​Давілы, Б.​Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац. т-ра П.​Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац. т-ра) паўплывала творчасць А.​Антуана і К.​Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац. т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.​Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.​Петрэску, Дж.​Замфірэску, В.​Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.​Вентура, З.​Саарэ, М.​Філоці, М.​Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.​І.​Попа, А.​Майкан і інш. У 1920—30-я г. рум. т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.​Давідоглу, Х.​Лавінеску, А.​Баранга, А.​Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум. нац. т-р імя ІЛ.​Караджале, Рум. т-р імя Л.​Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.​Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.​Беліган, Х.​Папеску, Л.​Чулей, Л.​Джуржэску, Р.​Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.​Рыняну, В.​Сілвестру, М.​Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-т тэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя ІЛ.​Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг. тэатр. ін-т імя С.​Іштвана.

Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.​Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.​Міхаілам і Ж.​Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.​Строе, В.​Васілаке), экранізаваная камедыя ІЛ.​Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.​Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.​Брату («Тудор», 1963), А.​Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.​Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.​Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.​Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.​Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.​Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна з СССР), М.​Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.​Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.​Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.​Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.​Піца («Філіп добры», 1975), Л.​Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.​Агырбічану (рэж. М.​Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.​Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.​Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.​Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.​Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.​Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна з СССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.​Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.​Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.​Труйка, С.​Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.​Іліешу, Ц.​Месараш, Дж.​Сегал; лепшыя акцёры — М.​Албулеску, Д.​Алцяну, М.​Барбу, І.​Бесою, Ю.​Дарые, Г.​Дынікэ, Д.​Канстанцін, М.​Паганат, С.​Паповіч, А.​Пеля, І.​Петрэску, Ф.​П’ерсік, В.​Рэбенджук, С.​Стэнкулеску, І.​Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.​Грыгарэску, Д.​Папеску, Паповіч, П.​Сэлкудзяну, М.​Геаргіў, В.​Іліў, І.​Кантакузіна, Е.​Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-т тэатр. і кінамастацтва імя ІЛ.​Караджале.

Літ.:

Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;

Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;

Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;

Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр. М., 1960;

Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;

Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;

Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;

Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.​А.​Левашэвіч (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), Н.​І.​Марозава (асвета), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​У.​Валадковіч (музыка).

Герб і сцяг Румыніі.
Да арт. Румынія. Горад Брашоў.
Да арт. Румынія. Пасёлак у Карпатах.
Да арт. Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.
Да арт. Румынія. У Паўднёвых Карпатах.
Да арт. Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.
Да арт. Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.
Да арт. Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.
Да арт. Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.
Да арт. Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.
Да арт. Румынія. Т.​Паладзі. Ваза са сланечнікамі.
Да арт. Румынія. К.​Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.

т. 13, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)