ГАПЛО́ІД (ад грэч. haploos адзіночны + eidos від),
арганізм (клетка, ядро) з адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом. Абазначаецца лац. літарай n. Утвараецца пры ўдзеле храмасомнага набору адной бацькоўскай гаметы, таму мае толькі па адной храмасоме кожнага тыпу. У многіх мікраарганізмаў і ніжэйшых раслін гаплоід у норме прадстаўляе адну са стадый жыццёвага цыкла (гаплафаза, гаметафіт), а ў некат. відаў членістаногіх гаплоідамі з’яўляюцца самцы. У большасці жывёл (і чалавека) гаплоідныя толькі палавыя клеткі. Для гаплоіда характэрна стэрыльнасць пры палавым размнажэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАТРЫ́ХІ (Gastrotricha),
клас чарвей тыпу круглых, або першаснаполасцевых. 2 атр., каля 200 відаў. Жывуць у морах і прэснаводных вадаёмах на дне або на лісці паглыбленых раслін, у балотным імху — сфагнуме. На Беларусі каля 50 відаў.
Цела даўж. 0,05—1,5 мм, пляскатае, чэрвепадобнае, часта бутэлькападобнае, укрытае тонкай эластычнай кутыкулай з шчацінкамі. На бруху 2 падоўжаныя паласы раснічак, з дапамогай якіх гастратрыхі хутка плаваюць. Ёсць органы хім. пачуцця, выдзяляльная сістэма (протанефрыдыі). Гермафрадыты або партэнагенетычныя самкі. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі і мікраарганізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХРАДКО́ЎЕ,
найбольш просты від страфы, які складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). З’яўляецца асновай монастрафічнага верша-двухрадковіка. У ант. паэзіі Д. пэўнага памеру ўтваралі асобую страфу — элегічны двуверш. У паэзіі народаў Б. і Сярэдняга Усходу Д. мае назву бейт. Нярэдка ўваходзіць састаўной ч. у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некат. класічных відах строф (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ НІ́КАР,
балота на ПнЗ Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы канала Нараўка (зарэгуляваны прыток р. Нараў). Нізіннага тыпу. Пл. 7,2 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 5,7 тыс.га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,3 м. Частка балота ў межах Белавежскай пушчы. На тэр. пушчы балота не асушана, пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі, месцамі драбналессе з хвоі, вольхі і бярозы. Сярод балота адзіны на Беларусі ўчастак лесу з белай піхты. Астатняя ч. асушана, пад ворывам і сенажаццю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ ПАРК,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Закладзены ў пач. 19 ст. ў г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. каля 4 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны 1-павярховы палац на левым беразе Зах. Дзвіны (будынак неаднаразова перабудоўваўся і страціў пачатковы выгляд). Парк выцягнуты з У на З, у паўд.ч. зберагліся алеі, у заходняй — старыя ліпы. Растуць мясц. пароды дрэў, у т. л. конскі каштан звычайны, вяз шурпаты ніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,
крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАКСЮ́Р,
старажытнае паселішча (4-е тыс. да н.э.) каля ст. Геаксюр на ПдУ Туркменістана. Пл. 12 га. У выніку раскопак выяўлены шматпакаёвыя жытлы з сырцовай цэглы, якія размяшчаліся па баках вузкіх вуліц, танкасценная кераміка, размаляваная геам. паліхромным арнаментам (т.зв. кераміка геаксюрскага тыпу), тэракотавыя статуэткі ў выглядзе сядзячых жаночых фігурак, часта са складанымі высокімі прычоскамі, пахавальныя збудаванні ў выглядзе купалападобных грабніц з калектыўнымі пахаваннямі. Магчыма, насельніцтва з’явілася тут у выніку племянных перасяленняў з паўд.-ўсх. абласцей Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАЎСКА́Я СО́ПКА,
дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс.г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).