«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,

назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

С.​М.​Ходзін.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),

бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, А.​Х.​Усціловіч, І.​В.​Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБ КП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел. камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.

А.​М.​Малашка.

т. 2, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),

абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл. Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),

французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.

У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.​В.​Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).

В.​А.​Салееў.

Д.Дзідро.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх,

батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРК БССР (А.​Р.​Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.​Г.​Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.​С.​Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.​А.​Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.​І.​Вайнштэйн); нар. асвета (М.​Я.​Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.​З.​Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.​А.​Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРК БССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — СНК БССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст. формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРК БССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВК БССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,

свядомае або стыхійнае распаўсюджанне той ці іншай з’явы, працэсу, крызісу, канфлікту і г.д. па-за нацыянальныя межы. Можа заключаць у сабе спецыфічны самаст. змест або выступаць сінонімам глабалізацыі. У 1-м выпадку І. падкрэслівае не нацыянальна абмежаваны, а міжнар. характар змяненняў, не закранаючы іх канкрэтных маштабаў. І. як глабалізацыя, наадварот, паказвае сусв. кантэкст тых ці інш. змен у існаванні чалавечага грамадства. Гісторыя зведала нямала прыкладаў І. наступстваў шматлікіх чалавечых дзеянняў, якія напачатку канцэнтраваліся ў адным горадзе ці на невял. тэрыторыі, а потым распаўсюджваліся на многія краіны, цэлыя рэгіёны (напр., пакарэнне стараж. Рымам інш. народаў і стварэнне Рымскай імперыі, ваен. паходы і заваяванні А.​Македонскага). Больш ці менш пастаянныя формы І. набыла ў эпоху капіталізму, што абумоўлена ўздымам прадукц. сіл, гандлю, суднаходства, а таксама каланіяльнай палітыкай вял. дзяржаў. Гэтым былі зроблены першыя эфектыўныя крокі на шляху станаўлення адзінства чалавецтва, што служыць неабходнай перадумовай І. важных з’яў і працэсаў, сур’ёзных крызісных канфліктаў, незалежна ад месца іх узнікнення. Неабходныя аб’ектыўныя ўмовы станаўлення сапраўднага адзінства чалавецтва стварае сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Усебаковая І. тэхнікі і тэхналогіі, эканам. сувязей, камунікацый, інфарм. сетак і г.д. сведчыць пра з’яўленне новага тыпу грамадскага развіцця, калі яно патрабуе не нацыянальна абмежаванай, а міжнар. прасторы. Адваротным бокам І. становіцца ўзаемазалежнасць прагрэсу народаў і краін. І. матэрыяльнай асновы жыцця грамадства пашыраецца на яго галоўныя праблемы, супярэчнасці і канфлікты, ад вырашэння якіх залежыць лёс сучаснай цывілізацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.

Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.

На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).

Літ.:

Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;

Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.

В.​В.​Калнін, І.​Л.​Чэбан.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕРНЕ́ТЫКА (ад грэч. kybernētikē майстэрства кіравання),

навука пра агульныя заканамернасці працэсаў кіравання ў складаных дынамічных сістэмах, спосабы атрымання, захоўвання, перадачы і перапрацоўкі інфармацыі. Асн. аб’екты даследаванняў — кібернетычныя сістэмы (напр., аўтам. рэгулятары ў тэхніцы, ЭВМ, мозг чалавека, біял. папуляцыі), якія разглядаюцца абстрактна (незалежна ад іх прыроды). Асн. задача — стварэнне адзінай тэорыі і эфектыўных метадаў кіравання.

Як самаст. навука ўзнікла на аснове прац Н.Вінера, дзе тэрмін «К.» прапанаваны для абазначэння навукі аб кіраванні і сувязі ў машынах і жывых арганізмах, і звязана са стварэннем ЭВМ, здольных запамінаць і апрацоўваць інфармацыю ў адпаведнасці з зададзенай праграмай. Далейшае развіццё атрымала ў працах сав. вучоных АІ.​Берга, В.​М.​Глушкова, А.​А.​Ляпунова, амер. вучонага К.​Э.​Шэнана і інш. Падзяляецца на кібернетыку біялагічную, кібернетыку тэхнічную, матэм. К., медыцынскую, эканам. і інш. Грунтуецца на тэорыі імавернасцей, матэм. логіцы, тэорыі сістэм аўтам. кіравання, тэорыі графаў, а таксама тэорыі аўтаматаў, самаарганізавальных сістэм, распазнавання вобразаў і інш. Кібернетычнае (машыннае) мадэляванне і ўвядзенне ў н.-д. практыку ЭВМ дазваляюць вывучаць складаныя сістэмы без пабудавання іх рэальных фіз. мадэлей.

На Беларусі даследаванні ў галіне К. праводзяцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ ЭВМ і інш.

Літ.:

Винер Н. Кибернетика или управление и связь в животном и машине: Пер. с англ. 2 изд. М., 1968;

Ляпунов А.А. Проблемы теоретической и прикладной кибернетики. М., 1980;

Глушков В.М. Кибернетика, вычислительная техника, информатика: Избр. тр. Т. 1—3. Киев, 1990.

В.​С.​Танаеў.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯГЕ́ННАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл. Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш. халадзільныя машыны).

Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл. Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.

На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Фастовский В.Г., Петровский Ю.В., Ровинский А.Е. Криогенная техника. 2 изд. М., 1974;

Околотин В.С. Сверхзадача для сверхпроводников. М., 1983.

В.​У.​Гіль.

Да арт. Крыягенная тэхніка. Схема атрымання крыягенных (ніжэй за 120 К) тэмператур: 1 — пасудзіна Дзьюара; 2 — кандэнсатар; 3 — кампрэсар; 4 — цеплаабменнік; 5 — турбадэтандэр.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)