КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),
архіпелаг у зах.ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс.чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВУ (Kivu),
возера ва Усх. Афрыцы, на мяжы Дэмакр. Рэспублікі Конга і Руанды. Пл. 2,7 тыс.км² (з астравамі). Даўж. каля 100 км. Глыб. да 496 м. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне, на выш. 1460 м. Берагі стромкія, моцна парэзаныя, больш за 150 астравоў. Паходжанне возера звязана з выліваннем лавы (з групы вулканаў Вірунга), якая перакрыла сцёк старажытнай рачной сістэмы. У паўн.ч. возера назіраюцца падводныя вывяржэнні. На глыб. ніжэй за 270 м у раствораным стане шмат вуглякіслага газу і метану, якія ўтвараюць радовішчы прамысл. значэння. Сцёк у воз. Танганьіка па р. Рузізі. Раён возера ўваходзіць у склад нац. парку Вірунга, уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Суднаходства. Турызм. Гал. парты і прыстані: Букаву і Гома (Дэмакр.Рэспубліка Конга), Кібуе і Ч’янгугу (Руанда). Адкрыта ням. падарожнікам А. фон Гётцэнам у 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НКА (Cranko) Джон (15.8.1927, г. Рустэнбург, Паўд.-Афр.Рэспубліка — 26.6.1973),
англійскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе Кейптаўнскага ун-та (1942—46), у 1946 у школе трупы «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет Вялікабрытаніі), з 1946 саліст гэтай трупы. Творчасць К.-танцоўшчыка вылучалася ўменнем харэагр. сродкамі перадаць змест, раскрыць характары персанажаў. З 1961 узначальваў Штутгарцкі балет. Сярод пастановак: у Каралеўскім балеце — «Дама і блазан» на муз. Дж.Вердзі (1954), «Прынц пагад» на муз. Б.Брытэна (1957); у Штутгарцкім балеце — «Анегін» на муз. П.Чайкоўскага (1965), «Утаймаванне свавольніцы» на муз. К.Х.Штольцэ (па матывах Д.Скарлаці; 1969), «Паэма экстазу» на муз. А.Скрабіна (1970), «Кармэн» на муз. Ж.Бізэ (1971), «Ініцыялы Р.Б.М. Э.» на муз. І.Брамса (1972), «Сляды» на муз. Г.Малера (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫФУ́НДЫІ (лац. latifundium ад latus вялізны + fundus маёнтак),
вялікія прыватнаўласніцкія зямельныя ўладанні. У Стараж. Рыме — вял. маёнткі з рысамі натуральнай гаспадаркі, дзе асн. рабочую сілу складалі рабы і калоны. У перыяд феадалізму Л. былі гал. формай вядзення сельскай гаспадаркі з залежнымі сялянамі. У новы час (17 — пач. 20 ст.) старыя і зноў утвораныя Л. як буйныя вытворцы с.-г. прадукцыі былі ўключаны ў сістэму рыначнай эканомікі, але захоўвалі пераважна паўфеадальныя формы эксплуатацыі. Былі пашыраны ў Германіі, Расіі, Іспаніі, Паўд. Італіі, краінах Лац. Амерыкі. У Беларусі з сярэдніх вякоў да пач. 20 ст. існавалі Л. ў выглядзе магнацкіх маёнткаў Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Лацаў, Вішнявецкіх, Агінскіх і інш. Л. захоўваюцца ў наш час у шэрагу краін Лац. Амерыкі (Бразілія, Эквадор), Афрыкі (Паўд.-Афр.Рэспубліка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧЫЯР (Mečiar) Уладзімір (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),
славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.А.Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.—вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т. л.Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЙ АБЕ́ДЗВЮХ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава на тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі ў 1504—1860 (з перапынкамі). Утворана пасля аб’яднання пад уладай Іспаніі Неапалітанскага каралеўства з Сіцыліяй. Пасля вайны за ісп. спадчыну 1701—14 Сіцылія адышла да Савойскага герцагства, кантынентальная частка каралеўства — да Аўстрыйскай імперыі. У 1720 абедзве часткі зноў аб’яднаны пад уладай Габсбургаў. З 1735 у каралеўстве правілі ісп.Бурбоны. У студз. 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка, але ў чэрв. 1799 улада Бурбонаў адноўлена. У 1806 на кантынентальнай ч. ўтворана залежнае ад Францыі Неапалітанскае каралеўства (1806—15). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 С.а.К. адноўлена пад уладай Бурбонаў. Неапалітанская рэвалюцыя 1820—21 задушана аўстр. войскамі. У выніку рэвалюцыі 1859—60 у Італіі, якая скінула ўладу Бурбонаў, С.а.К. ліквідавана, яго тэр. далучана да Сардзінскага каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧОН ДУ ХВАН (н. 18.1.1931, прав. Кёнсан-Намдо, Рэспубліка Карэя),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген. (1978). Скончыў Карэйскую ваен. акадэмію (1955), служыў у арміі. Камандаваў паўд.-кар. войскамі ў Паўд. В’етнаме ў 1960-я г. Кіраваў расследаваннем забойства прэзідэнта Пак Чжон Хі (26.10.1979), што выкарыстаў для расправы з паліт. канкурэнтамі. У маі 1980 узначаліў дзярж. пераварот, жорстка падавіў нар. паўстанне ў г. Кванчжу. У жн. 1980 прымусіў парламент выбраць сябе прэзідэнтам Рэспублікі Карэя (1980—88). Працягваў эканам. палітыку Пак Чжон Хі, якая спрыяла хуткаму росту эканомікі, паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. З 1988 у адстаўцы. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвым зняволеннем) за масавыя забойствы у г. Кванчжу ў 1980 і карупцыю ў час яго прэзідэнцтва. Памілаваны ў 1998.