КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),
навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎСКІ ПРАЦЭ́С спецыяльны від выпадковых працэсаў без паслядзеяння. Служыць мадэллю для многіх працэсаў у фізіцы
(напр., распад радыеактыўнага рэчыва),
у біялогіі (рост папуляцыі, працэсы мутацыі), у хіміі, тэорыі масавага абслугоўвання.
Выпадковы працэс X(t) наз. М.п., калі для любых момантаў часу t0 i t1 (t0 < t1) умоўнае размеркаванне X(t1) пры ўмове, што зададзены ўсе значэнні X(t) пры t≤to, залежыць толькі ад X(t0). Гэтая вызначальная ўласцівасць М.п. наз.маркаўскай уласцівасцю або адсутнасцю паслядзеяння: стан нейкай сістэмы ў момант t0 адназначна вызначае размеркаванне імавернасцей будучага развіцця працэсу пры t > t0 і інфармацыя аб мінулым развіцці працэсу да моманту t0 не ўплывае на гэтае размеркаванне. Тэорыя М.п. бярэ пачатак ад работ 1907 А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл.Маркава ланцуг). Агульная тэорыя М.п. і іх класіфікацыя дадзены А.М.Калмагоравым (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
фізічны працэс, які можа самаадвольна працякаць толькі ў адным пэўным напрамку. У адрозненне ад абарачальных працэсаў Н.п. выключае магчымасць вяртання тэрмадынамічнай сістэмы ў зыходны стан без якіх-н. істотных змен у навакольным асяроддзі. Усе Н.п. з’яўляюцца нераўнаважнымі працэсамі і з мікраскапічнага пункту гледжання вывучаюцца ў фіз. кінетыцы; тэрмадынаміка ўстанаўлівае для іх толькі няроўнасці, якія паказваюць магчымы напрамак працякання працэсу (гл.Другі закон тэрмадынамікі).
Да Н.п. адносяць дыфузію, цеплаправоднасць, вязкае цячэнне, хім. рэакцыі, рэлаксацыйныя і інш.працэсы, дзе адбываецца накіраваны прасторавы перанос рэчыва, энергіі, імпульсу, зараду. У замкнутых сістэмах Н.п. заўсёды суправаджаюцца ўзрастаннем энтрапіі (крытэрый неабарачальнасці; гл.Больцмана прынцып). У адкрытых сістэмах пры Н.п. энтрапія можа заставацца пастаяннай ці змяншацца за кошт абмену з навакольным асяроддзем, аднак ва ўсіх выпадках вытв-сць энтрапіі (яе ўзрастанне ў адзінку часу за кошт Н.п.) застаецца дадатнай.
распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць 1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,
раздзел фізікі плазмы, які вывучае дынаміку плазмы і плазменных патокаў, калі радыяцыйныя працэсы істотныя для іх энергетыкі. Як самастойны навук. кірунак даследаванняў пачала фарміравацца з сярэдзіны 1970-х г.
Р.п. ўключае: эксперым. і тэарэт. даследаванні радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў узаемадзеянняў цеплавога і кагерэнтнага выпрамяненняў і магутных ударных хваль з рэчывам у розных агрэгатных станах; дыягностыку, лікавае мадэліраванне і тэорыю радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў у розных умовах; вывучэнне тэрмадынамічных і аптычных уласцівасцей выпрамяняльнай плазмы; плазмадынамічныя крыніцы выпрамянення высокай спектральнай яркасці і генератары магутных ударных хваль; радыяцыйна-плазмадынамічныя сістэмы прамысл. прызначэння.
На Беларусі даследаванні Р.п. вядуцца з 1970-х г. на аснове работ па фізіцы і дыягностыцы імпульсных плазменных паскаральнікаў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЖА́НІН Іван Мікалаевіч (14.10.1898, г. Любань Мінскай вобл. — 2.2.1973),
бел. вучоны ў галіне заалогіі пазваночных жывёл. Чл.-кар.АН Беларусі (1959), д-рбіял.н. (1957), праф. (1958). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1926). З 1938 у Ін-це біялогіі (заг. аддзела), з 1959 заг. Аддзела заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі, адначасова ў 1947—70 праф., заг. кафедры БДУ. Навук. працы па фауністыцы, зоагеаграфіі і экалогіі, гасп. значэнні каштоўных відаў млекакормячых. Прааналізаваў гіст. змены і працэсы фарміравання тэрыяфауны, распрацаваў схему зоагеагр. раянавання Беларусі і мерапрыемствы па ахове і аднаўленні колькасці баброў.
Тв.:
Млекопитающие Белоруссии. 2 изд. Мн., 1961;
Определитель млекопитающих Белоруссии. Мн., 1967 (разам з Ю.І.Сяржаніным, В.В.Слесарэвічам).
Літ.:
Кохненко С.В., Меркушева И.В. К 70-летию профессора И.Н.Сержанина // Зоолог. журн. 1969. Т. 48, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПАСФЕ́РА (ад грэч. tropos паварот, змена + сфера),
ніжні, асноўны слой атмасферы паміж паверхняй Зямлі і стратасферай на выш. 8—10 км у палярных, 10—12 км ва ўмераных і 16—18 км у трапічных шыротах. Ад стратасферы аддзелена пераходным слоем — трапапаўзай. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй на 0,65 °C на 100 м, моцным развіццём турбулентнасці і канвекцыі. У ніжняй Т. частыя інверсіі тэмпературы. Утрымлівае каля 80% атм. паветра і асн. масу вадзяной пары, тут фарміруюцца амаль усе воблакі, туман. Атм. ціск з вышынёй памяншаецца, скорасць ветру нарастае. У верхняй Т. назіраюцца струменныя плыні, у ніжняй пераважаюць вятры зах. і ўсх. напрамкаў, сезонныя (мусоны) і пастаянныя (пасаты). У Т. ўтвараюцца франты атмасферныя, развіваюцца цыклоны, антыцыклоны і інш.атм.працэсы, якія вызначаюць надвор’е і клімат. Ніжняя Т. моцна запыленая. Самыя ніжнія дзесяткі метраў у Т. ўтвараюць прыземны слой атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНЗАРЭЗІСТЫ́ЎНЫ ЭФЕ́КТ,
змена эл. супраціўлення цвёрдага правадніка (металу, паўправадніка) у выніку яго дэфармацыі.
Асн. характарыстыка — каэф. тэнзаадчувальнасці k = (∆ρ/ρ)/(∆l/l), дзе ∆l/l — адносная змена даўжыні l узору пад Дзеяннем прыкладзенай нагрузкі ў пэўным напрамку, ∆ρ/ρ — адносная змена ўдзельнага эл. супраціўлення р уздоўж гэтага напрамку. Для металаў і сплаваў на аснове нікелю, малібдэну, плаціны k = 2—14, для паўправаднікоў (германію, крэмнію і інш.) k = 100—200. Т.э. абумоўлены зменай міжатамных адлегласцей пры дэфармацыі, што прыводзіць да змены структуры энергет. зон крышталя. Апошняе выклікае змену канцэнтрацыі носьбітаў току (электронаў праводнасці, дзірак), іх эфектыўнай масы, пераразмеркаванне іх паміж энергет. максімумамі ў зоне праводнасці і мінімумамі ў валентнай зоне (гл.Зонная тэорыя). Дэфармацыя таксама ўплывае на працэсы рассеяння носьбітаў цераз змену спектра фанонаў і генерацыю новых дэфектаў у крышталях. Т.э. выкарыстоўваецца ў тэнзадатчыках супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі эл.магн. поля ферамагнетыкам пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Частата Ф.р. (звычайна ў радыёдыяпазоне) вызначаецца ўласнай частатой прэцэсіі магн. момантаў электроннай сістэмы крышталя ва ўнутр.магн. полі, залежыць ад лікавага значэння і напрамку знешняга магн. поля, т-ры, формы і памеру ферамагнетыка, яго даменнай структуры. Ф.р. з’яўляецца калект. эфектам: элементарныя магн. моманты ферамагнетыка моцна звязаны, і паглынанне энергіі адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння пераменнага магн. поля з сумарнымі магн. момантамі макраскапічных аб’ёмаў рэчыва, таму апісанне Ф.р. магчыма ў рамках класічнай макраскапічнай тэорыі. Даследаванне Ф.р. дае магчымасць вывучаць характар узаемадзеянняў у крышталях, даменную структуру і працэсы намагнічвання, вызначаць магн. параметры. Шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы ЗВЧ для стварэння перастройвальных магн. полем рэзанатараў, фільтраў, селектыўных датчыкаў, вентыляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНК (Franck) Джэймс (26.8.1882, г. Гамбург, Германія — 21.5.1964),
нямецкі і амерыканскі фізік і біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1944), Лонданскага каралеўскага т-ва (1964). Замежны чл.-кар.АНСССР (1927). Скончыў Гайдэльбергскі (1902) і Берлінскі (1906) ун-ты, дзе і працаваў. З 1918 у Ін-це фіз. хіміі ў Берліне, з 1920 у Гётынгенскім ун-це (праф., дырэктар Фіз. ін-та). З 1935 у ЗША, з 1938 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай фізіцы, малекулярнай спектраскапіі і фотасінтэзе. Сумесна з Г.Л.Герцам ажыццявіў эксперыменты па ўзбуджэнні і іанізацыі атамаў пары ртуці пры сутыкненні з электронамі (гл.Франка—Герца дослед). Развіў спектральны метад даследавання хім. сувязей, даследаваў фотахім. працэсы ў малекуле хларафілу. Аўтар прац «Фотасінтэз у раслінах» (1949). Удзельнік распрацоўкі атамнай бомбы, у 1945 выступіў супраць яе ваен. выкарыстання. Нобелеўская прэмія 1925 (з Герцам).