горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 33,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Полацк. Уключае г.Наваполацк, г.п.Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.
Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял.Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 77,7 тыс.га, з іх асушаных 14,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-г. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́Я,
горад, сталіца Балгарыі. Знаходзіцца на З краіны, у Сафійскай катлавіне, каля падножжа гор Віташа і Люлін. Адм. ц. Сафійскай вобл.; з гарадамі Банкя, Нові-Іскыр і інш. ўтварае самаст.адм. адзінку — Вял. Сафію. 1192 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля 1/6 агульнабалгарскай прамысл. вытв-сці. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная, станка- і прыладабудаўнічая, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання); каляровая і чорная металургія, хім., гумавая, цэлюлозна-папяровая, паліграф., харчасмакавая, лёгкая. Ун-т. Кансерваторыя. АН і НДІ; бібліятэкі. Музеі: Нац.маст. галерэя, Нар. археалагічны, этнагр., гісторыі С. і інш. Тэатры. Філармонія.
Засн. ў 1 ст. рымлянамі на месцы б. фракійскага паселішча пад назвай Сердзіка. У 3 ст.гал. горад (наз. Ульпія-Сердзіка) рым. правінцыі Дакія, потым адзін з гандл. цэнтраў Візант. імперыі. У 447 разбурана гунамі. Адноўлена пры Юсцініяне [527—565]. З 809 у складзе Першага (681—1018) і Другога (1187—1396) балг. царстваў пад назвай Срэдзец. У 1018—1194 пад уладай Візантыі. У 1078 у горадзе адбылося антывізант. паўстанне. У 1194 вызвалена ад візант. панавання. З канца 14 ст.наз. С. ад гал. царквы св. Сафіі. У 1382 захоплена туркамі, тут размяшчалася рэзідэнцыя румелійскага бейлербея. У 16—18 ст. С. — буйнейшы (пасля Канстанцінопаля) гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Балканскага п-ва. У канцы 18 — пач. 19 ст. адзін з цэнтраў балг.нац.-вызв. руху. У 1878 вызвалены ад тур. панавання рус. войскамі. З 1879 сталіца Балгарыі. С. — адзін з цэнтраў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944.
Ад рым. часу захаваліся рэшткі крапасной сцяны, пабудова нявызначанага прызначэння (перабудавана ў 3—4 ст. у царкву св. Георгія, размалёўкі 12—14 ст.). У 6 ст. ўзведзена царква св. Сафіі, якая дала назву гораду. З канца 14 ст. С. развівалася ва ўсх. стылі (тур. мячэць Баня-пашы, 1576, і інш.). Інтэнсіўнае буд-ва пачалося ў канцы 19 ст. Планіроўка радыяльна-кальцавая (у цэнтры) і прамавугольная. У стылях мадэрн і неавізант. створаны пабудовы гар. цэнтра: храм-помнік Аляксандра Неўскага (1904—12, арх. А.Памяранцаў), Нар.т-р імя І.Вазава (1907, арх. Ф.Фельнер, Г.Гельмер), мінер. лазні (1907—10, арх. П.Момчылаў). Сярод помнікаў канструктывізму і неакласіцызму: атэль і канцэртная зала «Балгарыя» (1937, арх. С.Бялкоўскі, І.Данчаў), Балг.нац. банк (1938, арх. І.Васільёў, Дз.Цолаў). Паводле генпланаў 1945 і 1961 узведзены Дзярж.б-ка імя В.Каларава (1946—53), ансамбль цэнтра з сістэмай плошчаў, неакласіцыстычнымі будынкамі і маўзалеем Г.Дзімітрова (1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў), стадыён імя В.Леўскага (1953), спарт. комплекс «Універсіяда» (1961), Палац культуры «Сафія» (1981, арх. А.Бараў). Створаны свабодныя па планіроўцы жылыя раёны (Зах.парк, комплексы Усход, Іпадром, мікрараён імя Мілева і інш.). Помнікі: Вызваліцелям (1907, скульпт. А.Цокі), Манумент у гонар Сав. Арміі (1954, арх. Д.Мітаў, Л.Нейкаў, скульпт. І.Фунеў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,
1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.
На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас.Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац.парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.
2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).
Літ.:
Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТ (Krētē),
востраў ва ўсх.ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс.км². Нас. 537 тыс.чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.
Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац.парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл.Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛА (Manila),
горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн.чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн.т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.
Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер.калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.
Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн.буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.Баніфасіо (абодва скульпт. Г.Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Мост цераз раку Пасіг у Маніле.Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 46,2 тыс.чал. (2000), гарадскога 41,1%. Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нясвіж. Уключае г.п.Гарадзея, 117 сельскіх нас. пунктаў, 13 сельсаветаў: Астроўскі, Гарадзейскі, Грыцкавіцкі, Казлоўскі, Карцэвіцкі, Ланскі, Ліпскі, Лявонавіцкі, Навасёлкаўскі, Нясвіжскі, Сейлавіцкі, Сноўскі, Юшавіцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана на Стаўбцоўскай раўніне, паўд. — у межах Капыльскай грады. Паверхня хвалістая, на Пд дробнаўзгорыстая, 63% яе на выш. 180—200 м, 30% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 230 м (на Пд ад г. Нясвіж). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 195 сут. Найб. рэкі Уша са Сноўкай, Тур’я, Лань з Цапрой. На р. Уша маляўнічыя сажалкі. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (61,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,2%). Пад лесам 12% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя. Пад балотамі 596 та (0,6%) тэрыторыі. У раёне гідралагічны заказнік мясц. значэння Малеўскі; помнікі прыроды рэсп. значэння: хвоя крымская, звычайная і горная (насаджэнне) ў Вінклераўскім лясніцтве, дуб пірамідальны ў в. Заазер’е, дуб у в. Казлы, лесапарк «Альба», 8 дубоў-волатаў, дуб і хвоя звычайная («Брат і сястра») у нясвіжскім лясніцтве, парк «Нясвіж»; помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Новая вёска» і «Сноў».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 58,6 тыс.га (65%), з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 3 фермерскія гаспадаркі, сортавыпрабавальная станцыя, дзяржплемпрадпрыемства, Бел. занальная доследная станцыя па цукр. бураках, рыбгас «Альба». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя і тэхн. культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, макарона, цэльнамалочныя і хлебапрадукты; Гарадзейскі цукровы камбінат), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно, кастрапліта, валакно катанізаванае), паліўнай (торфабрыкет), швейнай, хіміка-фармацэўтычнай (лекавыя сродкі) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць электрыфікаваная чыгунка Мінск—Брэст, аўтамагістраль Брэст—Мінск. Цэнтр раёна аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Капылём, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, Асіповічамі і інш. У раёне 19 сярэдніх (у т. л. гімназія, 2 сярэднія школы — дзіцячыя сады і 1 школа — вытворчы камбінат), 7 базавых (у т. л. базавая школа—дзіцячы сад), 3 пачатковыя, 2 маст., 2 муз. і спарт. школы, цэнтр пазашкольнай працы, вячэрняя школа, 22 дашкольныя ўстановы, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр культуры і адпачынку, 34 дамы культуры і клубы, 41 б-ка, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты, санаторый «Нясвіж». Гісторыка-краязн. музей, музей-кватэра бел. мастака М.К.Сеўрука. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1844) у в. Астроўкі, сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква са званіцай (канец 18 ст.) у в. Вялікая Ліпа, Свята-Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) у в. Вялікая Лысіца, сядзібна-паркавы комплекс «Завушша» (2-я пал. 18 ст. — пач. 20 ст.) у в. Завушша, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Кунаса, Свята-Пакроўская царква з брамай-званіцай (1842) у в. Лань, Мікалаеўская царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Мацылёўшчына, Козьмадзям’янаўская царква (1836) і сядзібны дом (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) у в. Новы Сноў, касцёл са званіцай (19 ст.) у в. Салтанаўшчына, касцёл (канец 18 ст.) і палацава-паркавы ансамбль (1827) у в. Сноў. Выдаецца газ. «Чырвоны сцяг».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац.паркПрыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в. Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.