паклапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; зак.

1. Патурбавацца, панепакоіцца з выпадку чаго‑н., каб забяспечыць кім‑, чым‑н. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынак не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца. Колас. [Камлюк:] — Паклапаціся пра коней, калі матацыкл не наладзіш. М. Ткачоў. — Хлопцы, паклапаціцеся адносна вячэры. Машара.

2. Праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. — Калі не хочаш, падумаць пра сябе, дык пра сына паклапаціся. Пальчэўскі. — Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнат, паклапаціцца, каб у іх было цёпла, светла і ўтульна, і абавязкова — весела, — працягвае Катаводаў. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напрасі́цца, ‑прашуся, ‑просішся, ‑просіцца; зак.

1. Просьбамі ці намёкамі прапанаваць сябе ў якасці чаго‑н., дабіцца дазволу на што‑н. Напрасіцца ў экспедыцыю. Напрасіцца на работу. □ [Вольга Назараўна:] — А хіба я ў вас шыць сама напрасілася? Вы ж на калені станавіцца збіраліся. Корбан. Мятла супакоіў.. [Максіма], сказаў, што ўсё ўладзіцца, і нават сам папрасіўся ў дружкі. Машара. Пацяроб папрасіўся, каб яму дазволі зрабіць невялічкі даклад. Зарэцкі.

2. Сваімі паводзінамі выклікаць якія‑н. адносіны да сябе. Напрасіцца на камплімент.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца. І само сабой напрасілася рашэнне, .. вусны самі сказалі: — Табе тут не месца. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́, ‑ы; мн. норы, нор; ж.

Паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём. Барсуковая нара. Мышыныя норы. □ [Ракі] мясціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. Лынькоў. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр. // Ход ці паглыбленне, зробленае з якой‑н. мэтай. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў .. сена. Колас. // перан. Разм. Пра малое, цёмнае памяшканне, жыллё. [Гурын] амаль нікуды не вылазіць са сваёй нары — баіцца спаткацца з былымі таварышамі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́рак, ‑рку, м.

1. Гатаваная страва. Я злазіў у будан, узяў міску і пайшоў да катла па снеданне — прыварак касцам даваў калгас. Сачанка. Я з жонкай жыву на кватэры прыватнай, Калі з прываркам, калі без прыварку. Барадулін.

2. Прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы. У лесе нічога не расце: ні хлеб, ні бульбіна, ні які другі прыварак... Паслядовіч. Звычайна на прыварак ішлі бульбяныя лушпайкі, бураковае бацвінне. А сёння пракідалася нават цэлая дробная бульба. Сабаленка. // Заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса. Прыварак у боршч. □ Такія-сякія прадукты мы табе збяром. Насып[лем] крупы ды прыварку да яе. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серабры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.

2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.

3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Зварухнуць, зрушыць, загайдаць, захістаць. Лёгкі ветрык павеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісцё, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі... Шахавец. Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Колас. І хваля катэр скалыхне, Ачнецца ён — і ўдаль, як чайка, кінецца. Лось. // Гайдануць з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуць. Скалыхнуць калыску.

2. перан. Усхваляваць, узрушыць; парушыць спакой, цішыню. Бо, як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне. Колас. Ёсць слава ў яго [хлопца], аж да Брэста Яна скалыхнула ўвесь край. Калачынскі. Вераснёвы вецер песціцца, скалыхнуў начную ціш. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́нкі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Тое, што і сліна. [Марына Архіпаўна:] — Тым часам не ўправішся павярнуцца, як.. [Паўлік] зноў упадзе тварыкам на лахманы, і ажно слінкі цякуць у яго ад салодкага сну. Шамякін. — Я на шпільцы не люблю, — сказала Таццяна, а сама аж слінкі праглынула. Васілёнак. [Казік:] — Я ж бачыў, як гэты стары кот аж слінкі пускаў на свежанінку. Машара.

•••

Слінкі цякуць (пацяклі) — а) пра моцнае жаданне з’есці што‑н. смачнае. Тым часам бабка Ганна ставіла на стол снеданне. Яно было добрае: яешня з рудаватымі падсмажанымі скваркамі, булка і па конаўцы малака... У мяне аж слінкі пацяклі. Сабаленка; б) аб прадчуванні чаго‑н. прывабнага, спакуслівага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.

2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стратэ́гія, ‑і, ж.

1. Майстэрства вядзення буйных ваенных аперацый, кампаній і ўсёй вайны. Стратэгія Кутузава ў вайне з Напалеонам. Сувораўская стратэгія. □ [Бондар:] — Толькі галоўнаму камандаванню вядома, дзе трэба націснуць, дзе адпусціць. Стратэгія, — разумець трэба. Машара. // Навука аб вядзенні вайны. Лекцыі па стратэгіі. // Пра сістэму спартыўнай гульні, пры якой асобныя камбінацыі, хады падпарадкаваны агульнаму, загадзя абдуманаму плану. Стратэгія шахматнай гульні.

2. перан. Майстэрства кіраваць грамадскай, палітычнай барацьбой. Стратэгія Камуністычнай партыі. □ Уладзімір Ільіч Ленін, творча развіваючы марксізм у новых гістарычных умовах, распрацаваў стратэгію і тактыку перабудовы грамадства на сацыялістычных пачатках і паслядоўнага вырашэння на гэтай аснове нацыянальнага пытання. Машэраў.

[Грэч. stratēgia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́тнасць, ‑і, ж.

1. Самае істотнае, галоўнае ў чым‑н., унутраны змест чаго‑н. Сутнасць жыцця. Гаварыць па сутнасці справы. □ [Паходня:] — Жыццё складаней, чым вы [Заранік] паказваеце, і трэба акунуцца ў яго з галавой, каб разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Хадкевіч. Тут цяжка было дайсці да сутнасці і зразумець, хто з .. [моладзі] казаў праўду, а хто не. Машара.

2. У філасофіі — унутраная аснова прадметаў і з’яў, якая вызначае іх глыбінныя сувязі і адносіны, што выяўляюцца і пазнаюцца праз з’явы.

•••

Па сутнасці (у знач. пабочн.) — калі разглядаць аснову справы; на самой справе, у сапраўднасці. [Начальнік участка:] — На нас, па сутнасці, увесь завод працаваў. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)