КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.

А.​Ф.​Санько.

Капыльская града каля г. Капыль.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

адзін з раздзелаў сучаснай поля тэорыі. Створана ў выніку аб’яднання (у 1926) нерэлятывісцкай квантавай механікі і спец. адноснасці тэорыі з мэтай апісання элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.

Першапачаткова паралельна развіваліся К.т.п. і квантавая тэорыя паля. Пасля значных поспехаў квантавай электрадынамікі дамінуючай стала канцэпцыя другаснага квантавання палёў. К.т.п. значна ўмацавалася ў 1960—90-х г., калі высветлілася, што задачы пабудовы калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц больш зручна вырашаць да другаснага квантавання палёў. К.т.п. пабудавана за кошт пашырэння варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя фіз. сістэмы з улікам іх рэлятывісцкіх і квантавых уласцівасцей (шляхам накладання на тэорыю патрабаванняў рэлятывісцкай інварыянтнасці і ўвядзення статыстычнай адначасцінкавай інтэрпрэтацыі агульных рашэнняў палявых — хвалевых ураўненняў). Напр., рашэнні ўраўненняў электрамагнітнага поля (Максвела ўраўненняў) разглядаюцца ў К.т.п. як квантавамех. функцыі стану фатона.

На Беларусі ў межах К.т.п. ў развіццё ідэй У.А.Фока, Р.Фейнмана, Ф.Л.Фёдарава распрацавана простая (без другаснага квантавання палёў і пабудовы матрыцы рассеяння) схема апісання і разліку асн. працэсаў эл.-магн. ўзаемадзеяння элементарных часціц (1968). Яна заснавана на непасрэдным выкарыстанні агульных рашэнняў хвалевых ураўненняў для ўзаемадзейных палёў, якія атрымліваюцца з дапамогай метаду прычынных функцый Грына ў межах тэорыі малых узбурэнняў. Аналагічная схема распрацавана і ў калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1987). К.т.п. стала па сутнасці лагічна замкнёнай фіз. тэорыяй, якая ўключае апісанне свабодных элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.

Літ.:

Иваненко Д., Соколов А Классическая теория поля. 2 изд. М.; Л., 1951;

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 8, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛ вял. кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст. пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах. губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ БА́ЗА,

вытворчая і тэхніка-тэхналагічная аснова існавання і развіцця грамадства. У яе структуру ўваходзяць сродкі вытв-сці і прылады працы, тэхніка і тэхналогія яе спалучэння з чалавекам, характар і ўзровень грамадскай арганізацыі працы. Якасны стан М.-т. б. выражае адносіны грамадства да навакольнага прыроднага асяроддзя і адначасова з’яўляецца дэтэрмінантам адносін у вытв-сці. Апошнія выступаюць у якасці формы М.-т. б. і разам з ёю абумоўліваюць змены гіст. тыпаў грамадства. Матэрыялізацыя вопыту і ведаў шматлікіх пакаленняў людзей надае М.-т. б. значэнне аб’ектыўнага падмурка пераемнасці гіст. працэсу і паступовай тэндэнцыі ў развіцці грамадства. У дакапіталіст. грамадствах гал. яе рысай было выкарыстанне ў эканоміцы эмпірычных ведаў, паўсядзённага вопыту, правераных на працягу стагоддзяў спосабаў дзейнасці ў сельскай гаспадарцы, рамёствах, прам-сці. Таму тэмпы грамадскіх змен былі вельмі павольнымі. Узнікненне машыннай вытворчасці, індустрыялізацыя эканомікі на базе капіталіст. адносін, нарастаючае выкарыстанне навукі ў вытв-сці і кіраванні эканомікай і грамадствам сталі якасным пераломам у развіцці М.-т. б. і значна паскорылі тэмпы грамадскіх змен. Аўтаматызацыя прывяла да спалучэння навук. ведаў з прадметнымі элементамі вытв-сці (тэхнікай) і з яе ўдзельнікамі. Праца паступова вызваляецца ад пераважна мех. аперацый на карысць росту інтэлектуальных функцый, што патрабуе ад работніка адпаведнай падрыхтоўкі і адначасова стварае больш спрыяльныя ўмовы яго творчага развіцця. У сучаснай М.-т. б. навука займае месца непасрэднай прадукц. сілы, што характарызуецца выкарыстаннем. значных навук. дасягненняў, высокіх тэхналогій (генетыка і генная інжынерыя, выліч. матэматыка, лазерная фізіка, інфармацыйныя тэхналогіі, метады камп’ютэрнага канструявання, стварэнне новых машын і прыбораў, звышцвёрдых матэрыялаў і інш.). Сучасны стан і гал. кірункі развіцця М.-т. б., а таксама яе магчымасці ствараюць аб’ектыўныя перадумовы для станоўчага вырашэння грамадскіх праблем.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,

узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук. веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць 1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пу́ця 1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск. вілен. putʼa ’курыца’, славен. pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ. putùtė ’курачка’, што сумнеўна.

*Пу́ця 2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск. сейн. putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял. puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ. pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця 1 і пуця 2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца 2, пятух (гл.), балг. кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ. putýtis ’птушка’, лат. putns ’тс’ пры прасл. *pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця 1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця 1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),

унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс. км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб. глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.

У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м. Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРА́ЎЛІКА (ад гідра... + грэч. aulos трубка),

навука аб законах раўнавагі і руху вадкасці і спосабах іх выкарыстання пры рашэнні практычных задач; прыкладная гідрамеханіка. Вывучае несціскальныя кропельныя вадкасці, якія лічаць суцэльным асяроддзем, а таксама газы пры скарасцях руху, значна меншых за скорасць гуку; распрацоўвае набліжаныя метады разліку і вызначае эмпірычныя залежнасці, неабходныя для праектавання гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын, водаправодных, каналізацыйных, ацяпляльных сістэм і інш.

Гідраўліка падзяляецца на тэарэт. асновы гідраўлікі і практычную гідраўліку; грунтуецца на асн. ураўненнях гідрадынамікі (гл. Бернулі ўраўненне, Неразрыўнасці ўраўненне); даследуе агульныя пытанні гідрастатыкі, а таксама ціск вадкасці на сценкі пасудзін, труб, збудаванняў, машын (гл. Паскаля закон), на апушчаныя ў вадкасць целы (гл. Архімеда закон), умовы плавання цел; разглядае пытанні гідрадынамічнага супраціўлення пры розных рэжымах цячэння (гл. Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне) і ўмовы пераходу з аднаго рэжыму цячэння ў другі. Асн. раздзелы гідраўлікі: цячэнне ў рэках і каналах (гідраўліка адкрытых рэчышчаў), цячэнне па трубах (гідраўліка трубаправодаў), узаемадзеянне патоку і цвёрдых цел, выцяканне вадкасці праз адтуліны і вадазлівы (гідраўліка збудаванняў), рух у сітаватых асяроддзях (фільтрацыя). Прынцыпы гідрастатыкі і некаторыя палажэнні гідрадынамікі сфармуляваны яшчэ ў антычныя часы. Фарміраванне гідраўлікі як навукі распачата ў 15 ст. ў працах Леанарда да Вінчы. У 16—17 ст. пытанні гідраўліку распрацоўвалі Г.Галілей і Б.Паскаль, у 18 ст. — І.Ньютан, Д.​Бернулі, Л.Эйлер і інш., у 19—20 ст. — О.Рэйнальдс, М.Я.Жукоўскі, М.​М.​Паўлоўскі, М.​А.​Веліканаў і інш. Сучасная гідраўліка падзяляецца на гідрабуд., машынабуд., падземную (нафтавая і газавая) гідраўліка, гідрааўтаматыку, магнітную гідрадынаміку і інш.

На Беларусі праблемы гідраўлікі даследуюцца ў БПА, БСГА, праектных і н.-д. ін-тах (Белгіправадгас, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства) і інш.

Літ.:

Штеренлихт Д.В. Гидравлика. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1991;

Чугаев Р.Р. Гидравлика. 4 изд. Л., 1982.

У.​М.​Юхнавец.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НО́ВЫ ЗА́МАК, Гродзенскі каралеўскі палац,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.​Д.​Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.​Х.​Яўх і І.​Ф.​Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.​Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г. інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц. арх. Ф.​Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.​Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл. навук. б-ка імя Я.​Ф.​Карскага.

У.​А.​Чантурыя, А.​М.​Кулагін.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)