ВАЙСКО́ВА-ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ МІ́СІЯ БНРу Латвіі і Эстоніі,
дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—21. Накіравана ў вер. 1919 Радай нар. міністраў на чале з А.І.Луцкевічам для консульскай працы і арганізацыі бел.узбр. сіл на тэр. Эстоніі. Была акрэдытавана пры ўрадах Латвіі і Эстоніі, размяшчалася ў Рызе. Начальнік місіі К.Б.Езавітаў. 5.4.1920 паўнамоцтвы місіі пацверджаны ўрадам В.Ю.Ластоўскага. Пры місіі дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Таліне і ў Ліепаі; ёй падпарадкоўвалася консульства БНР у Рызе. Місія ўдзельнічала ў рабоце бел.-лат. памежнай камісіі (сак. 1920), падрыхтавала надзвычайную дыпламат. місію на чале з В.І.Захаркам у Маскву (ліп. 1920) і Бел. нац.-паліт. нараду ў Рызе (20.10.1920); кіравала Асобным атрадам БНР на чале з С.Н.Булак-Балаховічам, змагалася за ўдзел БНР у Канферэнцыі балт.дзяржаў (жн. 1920). Яна садзейнічала арганізац. афармленню бел. калоніі ў Латвіі, стварэнню бел. прэс-бюро ў Рызе, культ.-асв.т-ва«Бацькаўшчына», курсаў беларусазнаўства і інш. Дзейнасць місіі спынена 1.2.1921 у выніку дыпламат. націску Сав. Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РНА,
горад на У Балгарыі. Адм. ц. Варненскай вобл. 308,6 тыс.ж. (1992). Гал. порт краіны на Чорным м. (звязаны паромам з укр. портам Ільічоўск). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., культ. і турыстычны цэнтр.Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, тэкст., швейная, харч. (мясная, кансервавая, вінаробная і інш.). ЦЭС. Прамысл. спадарожнік Варны — г. Дэўня (хім.прам-сць). ВНУ. НДІ акіянаграфіі і рыбнай гаспадаркі. Музеі. Тэатры. Рэшткі ант. і ранневізантыйскага горада. У раёне Варны прыморскія кліматычныя курорты Дружба, Залатыя Пяскі, Албена.
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Адэсас, з 7 ст.балг. горад Варна. У 1391—1878 пад уладай Турцыі. 10.11.1444 каля Варны адбылася бітва тур. войск султана Мурада II з арміяй кааліцыі еўрап.дзяржаў (венграў, палякаў, валахаў) на чале з каралём Польшчы і Венгрыі Уладзіславам III і венг. ваяводам Янашам Хуньядзі; саюзныя войскі пацярпелі паражэнне, Уладзіслаў III загінуў, што прадвызначыла далейшы лёс Балканаў і Канстанцінопаля. У час рус.-тур. войнаў 18—19 ст.рус. войскі тройчы вялі аблогу Варны (1723, 1810, 1828), у 1828 авалодалі горадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап.дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДО́ЎСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),
расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1899—1904;
Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;
Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;
Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ САЮ́ЗЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1997.
Падпісаны 2.4.1997 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Лагічна вынікае з Дагавора аб Супольніцтве Беларусі і Расіі 1996, замацоўвае яго прынцыпы і нормы і адначасова адкрывае новую старонку ў адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рас. Федэрацыяй як дзвюма суверэннымі дзяржавамі. Дагавор надае якасна новы характар працэсу бел.-рас. інтэграцыі, яднанню бел. і рус. народаў, іх намаганняў у развіцці эканомікі і культуры. Мэты дагавора: умацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў паліт., эканам., сац., ваен., навук., культ. і інш. галінах; павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы; устойлівае сац.-эканам. развіццё гэтых дзяржаў на аснове аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў і функцыянавання эканомікі; гарантыя бяспекі і падтрымання абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю і інш. Неад’емным элементам Саюза Беларусі і Расіі з’яўляецца Статут, які мае сілу міждзярж. дагавора і стварае ў сукупнасці з інш. міждзярж. дагаворамі аснову правасуб’ектнасці Саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
акт дзейнасці індывід. і калект. суб’екта па пераўтварэнні наяўных грамадскіх адносін у інш. адпаведна яго інтарэсам і мэтам. Дыферэнцыруюцца на эканам., грамадска-паліт., пазнавальныя, камунікатыўна-ідэалаг. (рэліг., эстэт., маральныя і інш.). Вылучаюць Дз.с. рэв., рэфармісцкія, прагрэс., рэакцыйныя, стыхійна-імпульсіўныя, арганізаваныя, дэструктыўныя, навацыйныя і інш. Прадстаўнікі зах. сацыялогіі засяроджваюць увагу на асобасным аспекце Дз.с., дзе ў якасці суб’ектаў разглядаюцца індывіды, якія знаходзяцца ў кантактных міжасобасных адносінах (інтэракцыях). Па асобасных крытэрыях яны падзяляюць Дз.с. на мэтарацыянальныя, каштоўнаснарацыянальныя, афектыўныя, традыцыйныя (М.Вебер), інтэлектуальныя, экспрэсіўныя, маральныя (Т.Парсанс), тэлеалагічныя, нормарэгулюючыя, драматургічныя, камунікатыўныя (Ю.Хабермас). Сацыёлагі А.Гідэнс, А.Турэн, П.Штомпке і інш. прапаноўваюць размежаваць дзейнасць структур (цывілізацый, дзяржаўі г.д.) і сац. індывіда, лічаць, што праблема Дз.с. павінна вырашацца з улікам супярэчлівага ўзаемапранікнення яго структурнага і асобаснага аспектаў, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага момантаў грамадскага развіцця. Марксісцкая тэорыя звязвае калект. Дз.с. з аналізам зместу актыўнасці сукупнага суб’екта, яго патрэб і інтарэсаў, мэт ідэалогіі, а таксама сродкаў, спосабаў і вынікаў гэтых дзеянняў.
Літ.:
Социальное действие. Мн., 1980;
Штомпке П. Социология социальных изменений: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАЦЫФІКА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па ліквідацыі наступстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Германіі і Аўстрыі пасля 2-й сусв. вайны. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 прадугледжвалася знішчыць фаш. нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі, яе філіялы і падкантрольныя арг-цыі; распусціць усе нацысцкія ўстановы і не дапусціць іх адраджэння ў любой форме; прыцягнуць да адказнасці злачынцаў супраць міру і чалавечнасці і інш. На Нюрнбергскім працэсе асуджаны гал.ням.ваен. злачынцы, абвешчаны злачыннымі кіраўніцтва нацыянал-сацыялісцкай партыі, гестапа, СД і СС. Найб. актыўна і паслядоўна Д. праводзілася ў сав.акупац. зоне (Усх. Германія), дзе яна завяршылася ў сак. 1948 (напр., да жн. 1947 з розных органаў кіравання звольнена каля 500 тыс. актыўных нацыстаў). На З Германіі ва ўмовах «халоднай вайны» Д. з 1949 па даручэнні амер., брыт. і франц.акупац. адміністрацый працягвалі ўлады навастворанай ФРГ (да сярэдзіны 1950-х г. да адказнасці прыцягваліся 6,08 млн.чал., з іх большасць апраўдана). У Аўстрыі Д. завершана паміж 1948 (частковая амністыя) і 1957 (агульная амністыя б. нацыстаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,
антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л.рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр.дзяржаўЗах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.
Літ.:
Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;
Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНЫЯ КАМЯНІ́,
бясколерныя або прыгожа афарбаваныя мінералы (пераважна крышталі), якія маюць яркі бляск, вял. святлорассеянне, празрыстасць, высокую цвёрдасць (6—7 і больш па шкале Моаса) і хім. інертнасць, чысціню тону афарбоўкі, аднароднасць колеру ці арыгінальныя светлавыя эфекты, здольныя прымаць агранку. Умоўна падзяляюцца на 4 парадкі (класы); I — алмаз, ізумруд, рубін, сапфір сіні; II — александрыт, чорны апал, сапфіры зялёны, фіялетавы, аранжавы, высакародны жадэіт; III — аквамарын, тапаз, турмалін, дэмантоід, шпінель, апалы белы і вогненны; IV — біруза, хрызаліт, аметыст, цыркон, кунцыт, берылы жоўты, зялёны, ружовы, піроп, альмандзін, цытрын, хрызапраз. Да К.к. адносяць таксама мінер. ўтварэнні арган. паходжання — жэмчуг, бурштын. Маса К.к. вымяраецца ў каратах (0,2 г), жэмчугу — у гранах (0,25 карата). Паходжанне К.к. звязана з эндагеннымі і эказагеннымі працэсамі. Радовішчы ёсць у многіх краінах свету. Акрамя прыродных вырабляюць сінт. К.к. (алмаз, рубін, сапфір і інш.). Выкарыстоўваюцца ў дарагіх ювелірных вырабах. К.к. 1-га парадку ўваходзяць у актывы нац. банкаў дзяржаў свету.
У.Я.Бардон.
Да арт.Каштоўныя камяні. Вогненны апал.Да арт.Каштоўныя камяні. Чэхія. Святавацлаўская карона (аздабляюць сапфіры, чырвоныя шпінэлі, рубін, жэмчуг і дробныя ізумруды).