вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пд ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).
Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав.ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскай губ. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.
Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав.воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
горад, цэнтр Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад г. Брэст. Чыг. вузел (напрамкі на Брэст, Лунінец, Баранавічы), аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец. 12,5 тыс.ж. (1997).
Узнікла як чыг. ст. ў канцы 19 ст. ў сувязі з буд-вам чыг. Масква—Брэст. У 1890—282 ж., 30 двароў, гасцініца, пошта, царква, сінагога, 6 крам, 3 карчмы. У пач. 20 ст. дзейнічалі сукнавальня і тартак. З 1921 у складзе Польшчы, у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Жабінкаўскага р-на. З 23.6.1941 да 21.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1764 чал. З 16.4.1952 гар. пасёлак, у 1959—62 у Камянецкім, у 1962—63 у Кобрынскім р-нах. У 1959—2,9 тыс.ж. З 23.12.1970 горад.
Асфальтабітумны з-д, прадпрыемствы харч. (найб. значны Жабінкаўскі цукровы завод), буд. прам-сці. Брацкая магіла сав.воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1885).
Літ.:
Бензярук А. Наш край — Жабінкаўшчына. Брэст, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,
вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял.кн.ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст. заснаваны Жыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.
Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЧЫ,
горад, цэнтр Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.Чыг. ст. на лініі Гомель—Лунінец. За 238 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Калінкавічамі. 17,7 тыс.ж. (1997).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1500 як маёнтак Жыдкавічы. У канцы 16 ст. вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці. З буд-вам Палескай чыг. і адкрыццём у 1886 чыг. станцыі на месцы вёсак Зарэчча і Бярэжжа пачаў расці рабочы пас. Ж., заснаваны лесапільны з-д. У 1897—1200 ж., нар. 2-класнае вучылішча, аптэка, пошта, царква. З 1924 цэнтр Жыткавіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—4,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 20.8.1941 па 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1384 чал., разбураны. Дзейнічала Жыткавіцкае патрыятычнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл. 5,4 тыс.ж. у 1959, 7,9 тыс.ж. у 1970. З 19.11.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Брацкая магіла сав.воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАЦЭ́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Грыўда. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Баранавічы. За 135 км ад Брэста. 19,7 тыс.ж. (1998).
Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1519. Належалі Юндзілам. З 1654 вядомы як маёнтак. З 2-й пал. 16 ст. ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. Пасля пракладкі чыг. Масква—Брэст (1871) побач з маёнткам узнікла пасяленне. У канцы 19 ст. ў ім былі вінакурня і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын. У 1915—18 акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі У ліп.—жн. 1920 існавала сав. ўлада. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка ў Косаўскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Косаўскім р-не. З 20.9.1947 гар. пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага р-на. У 1959—5,2 тыс.ж. У 1962—65 у Бярозаўскім р-не. З 28.5.1966 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, прыладабудаўнічы з-д, ільнозавод. Брацкія магілы сав.воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБЕ́ЛІН,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст.наз. І. (у гонар дачкі Я.Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав.воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУР́А,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гродна. 1574 ж., 552 двары (1997).
У пач. 16 ст. двор маршалка ВКЛ Я.Я.Давойнавіча, які да 1525 заклаў тут мястэчка. З 2-й пал. 16 ст. ўласнасць Кішкаў, Радзівілаў, Пацаў, Валовічаў, Агінскіх, Салагубаў, Масальскіх і інш. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1897—2681 ж., 314 двароў, царква, касцёл, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, прыходскае вучылішча, фельч. пункт, бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы з-д, 8 корчмаў У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1.5.1940 гар. пасёлак, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на, з 29.12.1949 вёска. У 1971—1549 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў. Помнік архітэктуры Індурскі Троіцкі касцёл (1825). Царква. На ўскраіне вёскі археал помнік Індура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,
ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс.рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв.рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс.воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСК,
гарадскі пасёлак, цэнтр Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Ала. На аўтадарозе Бабруйск—Магілёў. За 87 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Бярэзіна на лініі Асіповічы—Жлобін. 10,1 тыс.ж. (1998).
На месцы К. ў 19 ст. быў маёнтак Качэрычы Качэрыцкай вол. Бабруйскага пав., з ліп. 1924 у Старцаўскім с/с Бабруйскага р-на. Пасля ўтварэння Кіраўскага р-на 12.2.1935 (названы ў гонар С.М.Кірава), часовы цэнтр раёна — в. Старцы, 20.4.1939 перайменавана ў в. Кірава. Каля в. Старцы на месцы маёнтка пабудаваны пас. К., куды пазней перанесены раённы цэнтр. З 30.6.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 152 ж., дзейнічала антыфаш. група (кіраўнік Ц.С.Коржаў). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. У 1955 в. Кірава злілася з пас. К., з 17.11.1959 — гар. пасёлак.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Ільнозавод. 2 сярэднія, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав.воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (пач. 20 ст.).