АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ЭКАНАМІЧНАЙ ТЭОРЫІ
Тэарэтычная эканам. навука ў БССР пачала развівацца ў 1920-я г. з заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і яго пераўтварэннем у Бел. АН (1929). У 1931 у складзе Акадэміі створаны Ін-т эканомікі. У ВНУ рэспублікі выкладаўся курс паліт. эканоміі, у БДУ — асобныя курсы: «Гісторыя гаспадаркі Беларусі», «Тэорыя савецкай гаспадаркі», «Эканоміка пераходнага перыяду» і інш. Асн даследаванні бел. вучоных былі прысвечаны стварэнню матэрыяльна-тэхн. базы сацыялізму, індустрыялізацыі і каапераванню, праблемам станаўлення сацыяліст. маёмасці (Я.А.Адамовіч, Ф.М.Аўчыннікаў, Г.П.Бондар, М.М.Галадзед, Р.Каршакевіч, П.М.Рачыцкі і інш.), узнаўленню кваліфікаванай прац. сілы (П.Я.Панкевіч, С.П.Такмачоў). У пасляваенныя гады вывучаліся характар эканам. законаў сацыялізму (З.З.Дудзіч, У.П.Локцеў, І.Дз.Прахарэнка і інш.), павышэнне прадукцыйнасці працы і рост дабрабыту працоўных (Ц.А.Базылеў, Г.Ц.Кавалеўскі, С.М.Малінін, А.П.Скуман), рост эфектыўнасці грамадскай вытв-сці (С.М.Малінін), размеркавальныя і рэнтавыя адносіны (Г.Ц Кавалеўскі, Я.Г.Ракаў).
У 1960—70-я г. даследаваліся праблемы цэнаўтварэння (М.М.Балбуцкі, М.І.Вядута, М.І.Гарачка, Г.Ц.Кавалеўскі, Т.А.Мярэцкая, І.Т.Савельеў і інш.), вытворчых адносін пры сацыялізме і заканамернасцей іх развіцця, законаў і катэгорый паліт. эканоміі (З.З.Дудзіч, М.С.Куняўскі, І.Дз.Прахарэнка, І.І.Самадзееў, С.Я.Янчанка і інш.). Праводзіліся даследаванні па пытаннях развіцця агр. адносін (А.Я.Бураўскі, Г.Ц.Кавалеўскі, І.М.Максімаў, Ф.С.Марцінкевіч, Ф.Р.Міхалап), эканам. палітыкі (Ф.В.Баравік, А.І.Мальцаў, В.І.Мазур, М.І.Платніцкі), таварна-грашовых адносін (Г.Ц.Кавалеўскі, Э.А.Лутохіна, А.П.Скуман і інш.), заработнай платы і грамадскіх фондаў спажывання (М.В.Герасімаў, Э.А.Лутохіна), эканам. развіцця капіталіст. краін (У.П.Васін, В.В.Гаўрылюк, В.А.Драздоў, І.Ц.Рагоўскі, С.Я.Янчанка і інш.). У 1980-я г. вывучаліся праблемы функцыянавання і заканамернасцей развіцця эканам. сістэм (Н.В.Герасімаў), удасканалення адносін уласнасці (М.І.Базалеў), дзярж. рэгулявання сац.-эканам. адносін (Л.М.Давыдзенка). Даследаваліся пытанні эфектыўнасці грамадскай вытв-сці (П.А.Капітула, М.С.Куняўскі, П.Г.Нікіценка), эканам. росту і аптымізацыі структуры грамадскага прадукту (М.І.Платніцкі), укаранення дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (М.А.Лахманенка, В.С.Серада). Распрацоўваўся комплекс праблем, звязаных з удасканаленнем гасп. механізма (М.С.Куняўскі, І.М.Лемяшэўскі, М.Г.Муталімаў), у т. л. ў сістэме АПК (В.А.Кулажанка).
У 1-й пал. 1990-х г. ва ўмовах глыбокіх сац.-эканам. трансфармацый у грамадстве актыўна распрацоўваліся тэарэт. асновы рыначных пераўтварэнняў у нац. эканоміцы, адбываўся працэс фарсіраванага асваення і крытычнага асэнсавання зах. эканам. тэорый (А.В.Данільчанка, І.В.Новікава, Л.М.Пятроўская, А.М.Тур), вывучаліся праблемы інтэлектуальнай уласнасці і развіцця малога бізнесу (Г.І.Аляхновіч). Вучонымі вядучых ВНУ Беларусі выдадзены новыя навучальныя дапаможнікі і курсы лекцый па эканам. тэорыі. З 2-й пал. 1990-х г. пачаліся комплексныя даследаванні актуальных праблем развіцця айч. эканомікі, месца Беларусі ў сістэме сусветна-гасп. сувязей. Вывучаюцца палітыка-эканам. заканамернасці цывілізацыйнага працэсу (П.Г.Нікіценка), адносіны ўласнасці (В.В.Гаўрылюк, Я.К.Мядзведзеў, Г.А.Прымачонак), праблемы глабалізацыі, эканам. інтэграцыі і эканам. бяспекі краіны (В.У.Казлоўскі, І.В.Новікава), інавацыйныя працэсы ў эканоміцы (М.У.Мясніковіч, П.Г.Нікіценка), праблемы інвестыцый (С.Р.Голубеў), пытанні манапалізму і антыманапольнага рэгулявання (Г.Р.Санько), падатковага рэгулявання ў знешнеэканам. дзейнасці (Г.А.Шмарлоўская), прац. адносін і сац. палітыкі (С.Р.Голубеў, А.П.Марозава), агр. адносін і развіцця агр.-прамысл. комплексу краіны (В.А.Вараб’ёў, У.Л.Клюня, П.В.Лешчылоўскі).
Літ.:
Адамович И.А. Статьи и речи. Мн., 1927;
Мальцев А.И. Воспроизводство и накопление при социализме. Мн., 1967;
Янченко С.Е. Переходные формы производственных отношений. Мн., 1974;
Плотницкий М.И. Формирование оптимальной структуры общественного продукта в условиях НТР. Мн., 1983;
Голубев С.Г. Эволюция и перспективы развития ассоциативных форм собственности. Мн., 1993;
Абрамов И.М., Булко В.С., Колесникова И.В. Инвестиционная политика Беларуси: (Анализ, проблемы, предложения). Мн., 1996;
Санько Г.Г. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;
Медведев Е.К. Категории теории собственности (очерки методологии). Мн., 2000;
Никитенко П.Г. Императивы инновационного развития Беларуси: теория, методология, практика. Мн., 2003;
Петровская Л.М. Модели открытой экономики и стабилизационная политика. Мн., 2000;
Примаченок Г.А. Эволюция отношений собственности в экономической системе. Мн., 2000;
Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XXI в. Мн., 2001;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспектива. Мн., 2003.
Я.К.Мядзведзеў.
т. 18, кн. 2, с. 477