вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.
Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял.Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. акупантамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎШЧЫНСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1854—81 у маёнтку Барысаўшчына паблізу в. Чарняўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Працаваў на пакладах мясц. балотных рудаў. У 1863 дзейнічалі 4 паравыя машыны, домна, у 1868 — 3 домны, пудлінгавая печ, вагранка, 2 крычныя горны. Вырабляў чыгун, жалеза (пудлінгавае, паласавое, шыннае, круглае, квадратнае), у 1863—72 — адліўкі, машыны, у т. л. паравыя. Працавала 437 чал., выплаўлялася да 120 тыс. пудоў чыгуну (1867), штогод выраблялася па 20—72 тыс. пудоў сталі і жалеза. На Усерасійскай выстаўцы (Масква, 1870) прадукцыя адзначана бронзавым медалём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Вольга Міхайлаўна) (4.7.1903, г. Порт-Артур — 13.9.1947),
бел. рэжысёр оперы. Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—31 артыстка БДТ-2. У 1933—47 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнічала ў стварэнні нац. рэпертуару (сааўтар лібрэта оперы «Кветка шчасця» А.Туранкова). Лепшыя пастаноўкі — «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940), «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941). З інш. работ: «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1933), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1934), «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1945), «Русалка» А.Даргамыжскага (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЦКІ (Іоў) (свецкае Іван Мацвеевіч; ?, с. Бірчы Гарадоцкага р-на Львоўскай вобласці — 12.3.1631),
дзеяч укр. праваслаўнай царквы, асветнік. Выкладчык, у 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы. З 1610 у Кіеве, удзельнічаў у стварэнні Кіеўскай брацкай школы (1615, пазней акадэмія, першы яе рэктар). У 1620—31 кіеўскі мітрапаліт. Выступаў супраць распаўсюджвання на Украіне каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар палемічных антыуніяцкіх твораў «Пратэстацыя» (1621; на польск. мове), «Аполія Апалогіі М.Сматрыцкага» (1628), пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў. Працы Барэцкага ў 17 ст. былі вядомы на Беларусі, яго дзейнасць мела ўплыў на бел. культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАІ́ЗМ, бехаізм,
рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у т. л. ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШТАВО́Й (Віктар Рыгоравіч) (н. 4.5.1946, в. Мяжырычы Лебядзінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фізіка-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену АНБеларусі, з 1980 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. працы па кіраванні працэсамі энергапераносу ў магнітных вадкасцях з выкарыстаннем магнітных палёў. Распрацаваў тэорыю паверхнева-канвекцыйных і хвалевых з’яў у магн. вадкасцях.
Тв.:
Введение в термомеханику магнитных жидкостей. М., 1985 (разам з Б.М.Бяркоўскім, А.Н.Вісловічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Свінка (працякае праз возера), за 12 км на ПнУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб.шыр. 440 м, найб.глыб. 1,5 м. Пл. вадазбору 17,2 км².
Катлавіна злёгку выцягнутая з Пн на Пд, схілы пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на ПдУ абразійныя. Пойма забалочаная. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, уздоўж берагоў вузкая паласа глею і пяску. Амаль трэць плошчы возера занята расліннасцю (паласа шыр. 10—175 м да глыб. 1 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДВА́ЛЬНАЯ АПРАЦО́ЎКАглебы,
рыхленне глебы спец. прыладамі без пераварочвання яе пластоў; адзін з агратэхн. прыёмаў глебаахоўнай сістэмы земляробства. Уключае апрацоўку глебы безадвальнымі чызельнымі плугамі і глыбокарыхліцелямі-пласкарэзамі, мелкую апрацоўку — культыватарамі-пласкарэзамі, супрацьэразійнымі і штангавымі культыватарамі. Выкарыстоўваецца пераважна ў зонах недастатковага ўвільгатнення, у стэпавых раёнах, на землях, схільных да ветравой эрозіі, і на схілах. Безадвальная апрацоўка знішчае пустазелле, павялічвае акультураны ворны слой без перамешвання яго, найменш разбурае структуру глебы, назапашвае вільгаць. Ва ўмовах Беларусі ўжываецца пры восеньскай асн. (глыбокай і мелкай) і перадпасяўной веснавой апрацоўцы глебы.