аўстрыйскі філосаф, фізік, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму (махізму). Скончыў Венскі ун-т. З 1864 праф. у Грацы, з 1867 праф. і рэктар ням. ун-та ў Празе, у 1895—1901 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па механіцы, газавай дынаміцы, фізіял. акустыцы, оптыцы. Адкрыў і даследаваў ударныя хвалі. У галіне філасофіі зыходзіў з таго, што свет ёсць «комплекс адчуванняў», а самі адчуванні атаясамліваюцца ім з нейтральнымі «элементамі свету». У залежнасці ад пункта погляду суб’екта яны здольныя выступаць як псіхічныя або фіз. з’явы. Адмаўляў н’ютанаўскія ўяўленні пра абс. прастору, рух, час і вытлумачыў іх у рэлятывісцкім сэнсе, выкарыстоўваючы паняцце сістэмы адліку; заняў пры гэтым суб’ектыўна-ідэаліст. пазіцыю. Суб’ектыўна-ідэаліст. існасць яго вучэння праявілася і ў распрацаваным метадалагічным прынцыпе «эканоміі мыслення» і чыстага апісання ў тэорыі пазнання. Ідэі М. распаўсюдзіліся ў Еўропе. М. крытыкавалі Г.В.Пляханаў і У.І.Ленін.
Тв.:
Рус.пер. — Анализ ощущений и отношение физического к психическому. 2 изд. М., 1908;
Механика: Ист.-критич. очерк. ее развития. СПб.,1909;
Познание и заблуждение. М., 1909;
Философское и естественно-научное мышление // Новые идеи в философии. СПб., 1912. Сб. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),
украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл.Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс.чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІП’Е́РА ((Malipiero) Джан Франчэска) (18.3.1882, г. Венецыя, Італія — 1.8.1973),
італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін з буйнейшых італьян. кампазітараў 20 ст. Скончыў Муз. ліцэй у г. Балоння (1904). Выкладаў у кансерваторыях у Парме, Венецыі (з 1932 праф., у 1939—52 дырэктар). У 1932—40 узначальваў Італьян.ін-т А.Вівальдзі ў Сіене. Развіваў традыцыі нар. і класічнай італьян. музыкі. У яго творах інтэлектуалізм у спалучэнні з трагічнай іроніяй і гратэскам, фантасмагарычная сумесь рэальнасці і ілюзіі ўвасоблены ў традыцыях неакласіцызму. Сярод твораў: больш за 30 опер, у т. л. «Каноса» (паст. 1914), трылогія «Арфеіды» (паст. 1925), «Тры камедыі Гальдоні» (паст. 1926), «Юлій Цэзар» (паст. 1936), «Антоній і Клеапатра» (паст. 1938), «Гекуба» (паст. 1941), «Дон Жуан» (паст. 1963); балеты «Пантэя» (1919. паст. 1949), «Страдывары» (паст.
1958); кантаты, містэрыі і інш.; 11 сімфоній (1933—70); канцэрты для інструментаў з арк., у т. л. 5 для фп. (1934—58); камерна-інстр. ансамблі; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Рэдактар і выдавец многіх твораў італьян. музыкі 17—18 ст.
Літ.:
Богоявленский С Малипьеро// Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НЬКА (Язэп Аляксеевіч) (28.1. 1889, в. Залессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. —10.9.1937),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў 3 курсы камерцыйнага ін-та ў Празе (1925). У 1907—17 чл. партыі рас.сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з кастр. 1917 чл.БСГ, у 1918—24 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Дэлегат ад 12-й арміі 3-га з’езда БСГ (кастр. 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегат 1-га Усебел. з’езда 1917. Чл.Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Пасля ўтварэння БПС-Р чл. яе кіраўніцтва, з 1921 чл. Бюро ЦК. Чл. Прэзідыума рады БНР (снеж. 1919). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і польскімі ўладамі. У 1920-я г. жыў у Літве, Чэхаславакіі, Польшчы, Латвіі. Удзельнік дзвюх Усебел. канферэнцый: у Празе (1921) і Берліне (1925), дзе выступіў супраць самароспуску ўрада БНР. У вер. 1928 атрымаў візу для пераезду ў СССР, дзе адразу пасля прыезду быў арыштаваны. У 1929 прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1989 і 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАЛІ́НА,
струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d1—a1—e2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст.адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.Бетховен, А.Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЭЛЬШТА́М (Леанід Ісаакавіч) (4.5.1879, г. Магілёў — 27.11.1944),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. з 1928). Скончыў Страсбургскі ун-т (1902), дзе працаваў (з 1913 праф.). У 1918—22 у Адэскім політэхн. ін-це, з 1925 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1934 у Фіз. ін-це АНСССР. Навук. працы па оптыцы, радыёфізіцы, квантавай механіцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Разам з Р.С.Ландсбергам (незалежна ад інд. фізікаў Ч.Рамана і К.С.Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Сумесна з М.Дз.Папалексі стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей, што знайшло выкарыстанне ў геадэзіі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і лекцыйных курсаў па фізіцы. Прэмія імя У.І.Леніна 1931. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Полн. собр. трудов. Т. 1—5. М., 1947—55;
Лекции по теории колебаний. М., 1972;
Лекции по оптике, теории относительности и квантовой механике. М., 1972.
Літ.:
Академик Л.И.Мандельштам: К 100-летию со дня рождения. М., 1979;
Ливанова А.М., Ливанов В.А. «Вторая степень понимания»: Акад. Л.И.Мандельштам. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ВІЯ (чэш. Morava),
гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе ў чэш.-славацкім памежжы. У старажытнасці каля 400 да н.э. населена кельтамі, якіх у пач.н.э. выцеснілі герм. плямёны маркаманаў і роднасных ім квадаў. У 6 ст. заселена славянамі. У 623—658 у складзе княства Сама, у 9 — пач. 10 ст. — Вялікамараўскай дзяржавы. З 1029 уладанне Пржэмыславічаў. З 1182 маркграфства ў складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Каланізавалася немцамі. З 1197 пад уладай чэш. князя (караля). Жыхары М. ўдзельнічалі ў гусіцкіх войнах. З 1490 у персанальнай уніі з Чэхіяй. У пач. 16 ст. тут пашыраны рэфармацыйныя вучэнні (лютэранства, анабаптызм). З 1526 уладанне Габсбургаў. Да 1641 адм. цэнтр — г. Оламаўц. У 1782 аб’яднана з аўстр. Сілезіяй у адм. адзінку з цэнтрам у г. Брно. З 1849 каронная зямля Аўстрыі. У пач. 20 ст.адзін з найб. эканамічна развітых рэгіёнаў Аўстра-Венгрыі. З 1918 у складзе Чэхаславакіі. У 1938 большая ч. М. анексіравана, з 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі, наз. Пратэктаратам Чэхіі і Маравіі. У маі 1945 вызвалена сав. войскамі. У 1949 падзелена на Паўн.Мараўскую і Паўд.-Мараўскую вобл. З 1993 у складзе Чэш. Рэспублікі.
Літ.:
Великая Моравия, ее историческое и культурное значение: Сб. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАА́ТАМ,
атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ–) ці адронам (π–-, K−-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).
Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ– у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π–- ці K−-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш. атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.
Літ.:
Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.
Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.
Літ.:
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.