ГАПО́НЕНКА (Сяргей Васілевіч) (н. 5.6.1958, Мінск),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1996). Сын В.І.Гапоненкі. Скончыў БДУ (1980). З 1980 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы паўправаднікоў. Вызначыў асаблівасці насычэння паглынання ў дамешкавых крышталях пры інтэнсіўным лазерным узбуджэнні, даследаваў аптычныя нелінейнасці, абумоўленыя эксітон-эксітоннымі ўзаемадзеяннямі, эвалюцыю аптычных уласцівасцей рэчыва пры пераходзе ад кластэраў да крышталёў.
Тв.:
Оптические процессы в полупроводниковых нанокристаллитах (квантовых точках) // Физика и техника полупроводников. 1996. Т. 30. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕКАМАСТЫ́Я (ад гінека... + грэч. mastos грудзі),
павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.Б.Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВА́ННЕ,
спосаб паліву с.-г. культур, пры якім вада распырскваецца дажджавальнымі машынамі і ўстаноўкамі. Увільгатняе глебу, прыземны слой паветра і наземную ч. раслін. Крыніцамі вады для паліву з’яўляюцца рэкі, сажалкі, каналы і інш. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур у зоне няўстойлівага ўвільгатнення. На Беларусі Д. — асн. спосаб паліву шматгадовых траў, культ. пашы і ўчасткаў пад агародніннымі культурамі (пл. 115 тыс.га; 1995). Выкарыстоўваюцца дажджавальныя машыны «Валжанка», «Фрэгат», «Днепр», ДДН-70 і інш.Гл. таксама Арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЫНЯ́ СВАБО́ДНАГА ПРАБЕ́ГУ,
сярэдні шлях, які праходзіць часціца (малекула, атам і г.д.) паміж двума паслядоўнымі сутыкненнямі з інш. часціцамі. Для звычайных малекулярных газаў пры нармальных умовах Д.с.п. ~0,1 мкм, што прыкладна ў 100 разоў перавышае сярэднюю адлегласць паміж малекуламі. Паняцце «Д.с.п.» ўзнікла ў кінетычнай тэорыі газаў і абагульнена на выпадак слаба ўзаемадзейных часціц, якія ўтвараюць газападобныя сістэмы (электронны газ у металах і паўправадніках, нейтроны ў слаба паглынальным асяроддзі і інш.). Выкарыстоўваецца пры разліках розных працэсаў пераносу (гл.Пераносу з’явы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМІДЗЕ́НКА (Іван Якаўлевіч) (5.8.1896, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1956),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай хірургіі. Д-рвет.н., праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Ленінградскі вет.ін-т (1926). З 1927 працаваў у Віцебскім вет. ін-це (у 1947—55 прарэктар). Навук. працы па пытаннях афтальмалогіі. Распрацаваў электратэрапію прыхірург. хваробах жывёл, паглыбіў распрацоўку вочнай семіётыкі пры септычных хваробах і хірург. сепсісе, сканструяваў спрошчаную шчылінную лямпу для біямікраскапіі вачэй жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУЗІЙНАЯ ЗВА́РКА,
зварка металаў, пластмас і інш. матэрыялаў, заснаваная на выкарыстанні дыфузіі. Звычайна робіцца ў вакууме, часам у атмасферы ахоўных газаў (аргону, вадароду, гелію), вадкіх асяроддзях.
Пры Д.з. дэталі змяшчаюць у зварачную герметычную камеру з разрэджаннем 10—1 кПа, награюць да 600—800 °C (без расплаўлення кантаў) і сціскаюць. Пры гэтым у паверхневых слаях дэталей, што кантактуюць, адбываецца інтэнсіўная ўзаемная дыфузія атамаў, за кошт якой матэрыялы злучаюцца. Д.з. выкарыстоўваецца ў электроннай і паўправадніковай прам-сці, дакладным машынабудаванні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),
крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАХО́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца пры пастаянным аб’ёме сістэмы. З-за малой сціскальнасці многія ізатэрмічныя працэсы ў цвёрдых целах адначасова прыблізна ізахорныя.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізахорай і падпарадкоўваецца Шарля закону, які для рэальных газаў выконваецца набліжана з-за наяўнасці сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Мех. работа пры І.п. роўная нулю; змена ўнутр. энергіі цела адбываецца за кошт паглынання (ці выдзялення) цеплаты. Для ажыццяўлення І.п. ў газах і вадкасцях іх змяшчаюць у герметычную пасудзіну з пастаянным аб’ёмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНУЛІ́Н,
поліцукрыд, які складаецца з астаткаў D-фруктозы. Малекулярная маса 5000—6000. Белы гіграскапічны аморфны парашок. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае вязкія калоіды саладкаватага смаку. Запасны вуглявод многіх раслін, у асн. складанакветных. У клубнях і каранях тапінамбуру, вяргіні, нарцыса, гіяцынту, тубярозы, цыкорыі, кок-сагызу, дзьмухаўцу да 10—12%. Добра засвойваецца, ужываецца ў лячэбным харчаванні хворых на цукр. дыябет. У медыцыне выкарыстоўваюць пры даследаванні функцыі нырак, у біялогіі — для вывучэння водна-салявога абмену і мочаўтварэння ў жывёл.