1) устарэлая назва нехрысціяніна, пераважна мусульманіна (у Расіі — неправаслаўнага). У ВКЛ прававое становішча басурманаў рэгулявалася Статутамі ВКЛ, якія ў пэўнай ступені абмяжоўвалі іх правы. Басурман не меў права займаць дзярж. і адм. пасады, мець у няволі хрысціян, не мог быць панятым і інш. 2) Пераноснае значэнне — несумленны чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКО́Н (англ. bacon),
засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію BeO у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ СІ́ЛА ЗАКО́НУ,
пашырэнне дзеяння закону на факты і юрыд. вынікі, якія ўзніклі да набыцця ім сілы. У бел. праве паводле агульнага правіла закон адваротнай сілы не мае. Выключэнне складае крымін. закон, нормы якога ўстараняюць наогул пакаранне за адпаведнае дзеянне (бяздзеянне) ці змякчаюць пакаранне ў параўнанні з раней дзеючым законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭКВА́ТНАЕ (ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),
адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,
біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНХАЦЭРКО́ЗЫ,
гельмінтозныя хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, вярблюдаў, козаў, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца нематодамі з роду анхацэрка. Пры анхацэркозах назіраюцца пухліны з гноем, намулы, дэрматыты, кульгавасць і інш. Заражэнне адбываецца на забалочанай пашы і каля вады. Лячэнне растворам Люголя, хірургічнае.
Да арт.Анхацэркозы: 1 — фрагмент цела анхацэркі; 2 — інвазійная лічынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́СНЫ КО́МПЛЕКС,
некалькі ваданосных гарызонтаў, якія маюць гідраўлічную сувязь і агульны напорны ўзровень. Прымеркаваны да горных парод пэўнага ўзросту. Характарызуецца своеасаблівымі гідрадынамічнымі і гідрахім. ўмовамі. Некалькі ваданосных комплексаў звычайна ўваходзяць у гідрагеалагічны басейн (масіў). Называецца паводле ўзросту ваданосных парод, напр. верхнепратэразойскі, верхнерыфейска-вендскі, сярэдне-дэвонскі ваданосны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.
Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.В.Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.