БЭ́ЙСІК (англ. basic),

мова праграмавання высокага ўзроўню, якая арыентавана на дыялогавую работу з ЭВМ. Уваходзіць у склад матэм. забеспячэння большасці мікраЭВМ. Прызначаны для складання праграм рашэння навук.-тэхн. задач. Мае просты сінтаксіс, што забяспечвае выкарыстанне яго непрафесійнымі праграмістамі — інжынерамі, вучонымі, студэнтамі і інш.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬКІ́РЫІ,

у скандынаўскай міфалогіі ваяўнічыя дзевы, якія падпарадкоўваюцца Одзіну, па яго волі вырашаюць зыход бітвы і ўдзельнічаюць у размеркаванні перамог і смерцяў. Храбрых воінаў, якія загінулі ў баях, яны адносяць у вальхалу і там прыслужваюць ім. Вобраз валькірый выкарыстаў Р.​Вагнер (опера «Валькірыя»).

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА,

слонімскі князь 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281. У саюзе з валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам і інш. князямі памагаў мазавецкаму кн. Кандрату (Конраду) у міжусобнай барацьбе з Баляславам Мазавецкім. Гэта адзінае сведчанне пра існаванне Слонімскага княства і яго князя.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-ПРЭЗІДЭ́НТ,

1) у некаторых дзяржавах (ЗША, краіны Лацінскай Амерыкі і інш.) намеснік кіраўніка дзяржавы. Выбіраецца звычайна разам з прэзідэнтам, у выпадку смерці, адстаўкі, імпічменту дзеючага прэзідэнта выконвае яго функцыі да новых выбараў.

2) Нам. прэзідэнта ў розных нац. і міжнар. арг-цыях.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Бабруйскай акругі. Цэнтр — мястэчка Гарадзец. Пл. 500 км², 119 нас. пунктаў, 25 685 чал. (1925). Падзяляўся на 7 сельсаветаў. Скасаваны 4.8.1927, яго тэр. ўвайшла ў склад Рагачоўскага раёна.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г.п. Гарадзішча. Пл. 800 км², 135 нас. пунктаў (1947). Падзяляўся на 18 сельсаветаў. Скасаваны 25.12.1962, яго тэр. ўвайшла ў склад Баранавіцкага раёна.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫ ПАРАБАЛО́ІД,

незамкнутая нецэнтральная паверхня 2-га парадку. Праз кожны пункт гіпербалічнага парабалоіда праходзяць 2 прамыя (прамалінейныя ўтваральныя), якія цалкам ляжаць на яго паверхні, г. зн. гіпербалічны парабалоід з’яўляецца лінейчастай паверхняй, утворанай дзвюма сем’ямі прамых. Гл. таксама Парабалоід.

Да арт. Гіпербалічны парабалоід.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—61. Утвораны ў 1940 у складзе Пінскай вобл. Цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Падзяляўся на 11 сельсаветаў. З 1954 у складзе Брэсцкай вобл. У 1961 раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Столінскі р-н.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЯ ЗАКО́Н,

закон тэрмадынамікі, паводле якога ўнутр. энергія ідэальнага газу вызначаецца яго тэмпературай і не залежыць ад аб’ёму. Устаноўлены эксперыментальна Дж.П.Джоўлем у 1845. Вынікае з малекулярна-кінетычнай тэорыі ідэальнага газу. Адхіленні Дж.з. для рэальных газаў вызначаюцца энергіяй міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл. Джоўля—Томсана эфект).

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУСКРЫ́ПТ (позналац. manuscriptum ад лац. manus рука + scribo пішу),

назва старажытнага рукапісу на папірусе, пергаменце, пазней — паперы ў выглядзе асобных лістоў, скрутка або кодэкса без уліку яго памеру і формы. У многіх еўрап. мовах М. — сінонім тэрміна «рукапіс», у т. л. машынапісны.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)