нава́лам, прысл.

1. Без парадку, кучай. У куце навалам ляжалі вінтоўкі. Новікаў. Узбоч дарогі, што аднекуль з-за пакрыўленых, замшэлых хмызоў падступала да аэрадрома, навалам ляжала вялікае каменне. М. Стральцоў.

2. Разм. Натоўпам, вялікай масай. [На левым флангу] былі лепшыя падыходы для немцаў, дык яны лезлі на партызанскія пазіцыі навалам. Кулакоўскі.

3. Разм. У вялікай колькасці. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́чнік, ‑а, м.

1. Шчыток або павязка для аховы вачэй ад чаго‑н. [Аржанец:] — Глядзі на жыццё зблізку, без акуляраў ды навочнікаў, вывучай яго не зверху, а з сярэдзіны, слухай, што добрыя людзі гавораць. Брыль.

2. Шчыток на вуздэчцы, які не дае пужліваму каню глядзець па баках. Едуць сяляне на пары коней у рагатых хамутах і аброцях з вялікімі навочнікамі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́глуха, прысл.

1. Вельмі шчыльна, без адтулін. [Блецька] стараўся ўвайсці праз чорныя дзверы, але яны былі наглуха забіты цвікамі. Чорны. Вокны наглуха завешаны чорнай паперай. Алешка. // Вельмі моцна, так, што нельга перамясціць, ссунуць, адвярнуць. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Лынькоў.

2. На ўсе гузікі, кручкі, засцежкі (зашпіліцца). Людзі ішлі па вуліцы, наглуха зашпіленыя. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падцягнуць.

2. у знач. прым. Упалы, уцягнуты (пра жывот, бакі).

3. у знач. прым.; перан. Знешне акуратны, унутрана сабраны, стрыманы. І раптам.. [завуч] з’явіўся на заняткі ў простым, новым, старанна адпрасаваным гарнітуры, у кепачцы, без кія, рухавы І падцягнуты, як добры афіцэр. Шамякін. Уся.. [Надзея] была нейкая падцягнутая, строгая, па натуры спакойная і ўраўнаважаная. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падшыць.

•••

Ветрам падшыты (падбіты) — а) пра верхняе адзенне, якое не засцерагае ад холаду. Імкліва ішла восень, і мы ў сваіх апранахах, падшытых ветрам, моцна адчувалі яе крокі, асабліва халоднымі начамі. С. Александровіч; б) легкадумны; нясталы.

Чортам падшыты — непаседлівы, вяртлявы. Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Выказаць або займець якое‑н. жаданне; захацець. [Манг] быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Маўр. [Міхась:] — Чалавек можа дабіцца вельмі многага. Варта яму толькі моцна пажадаць... Краўчанка.

2. чаго, каму і без дап. Выказаць пажаданне. [Стары] урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Брыль. На развітанне жанчына ад душы пажадала: — Спакойнай ночы! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Страціць сваю першапачатковую афарбоўку; выцвісці. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, .. палінялі залочаныя мяхі. Лынькоў. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары. Грахоўскі. // перан. Разм. Страціць выразнасць, яркасць. Палінялі зоркія вочы сялянкі, якая з маленства ўглядаецца ў бязмежжа палявых прастораў. Грахоўскі.

2. Скінуць ці змяніць у пэўныя перыяды сваё верхняе покрыва (пра жывёл, птушак).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

1. Даць замерзнуць, знішчыць, сапсаваць марозам усё, многае або ўсіх, многіх. Памарозіць усю бульбу. Памарозіць людзей. // Абмарозіць. Памарозіць вушы. □ [Партызаны] расшпільвалі аб’інелыя белыя каўняры, церлі рукавіцамі шчокі і насы, пасля знімалі рукавіцы, клалі на лавы, на стол і церлі шчокі пальцамі — памарозілі. Пташнікаў.

2. і без дап. Марозіць некаторы час. Некалькі дзён памарозіла, а потым адпусціла. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нешчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць няшчасце, гора; поўны няшчасця. Нешчаслівы дзень. □ Нямала Бачыў ён [дуб] пакут, Як рос на панскім полі; Спяваў пад ім прыгонны люд Аб нешчаслівай долі. Броўка.

2. Такі, якому не дадзена шчасця, радасці; няшчасны. Без маткі нешчаслівыя дзеткі. Прыказка.

3. Які не прынёс або не прыносіць удачы. Нешчаслівы латарэйны білет.

4. Такі, якому не спрыяе поспех, шчасце. Нешчаслівы сапернік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабая́цца, ‑баюся, ‑баішся, ‑баіцца; зак., каго-чаго, з інф., з дадан. сказам і без дап.

Адчуць некаторы страх; не адважыцца зрабіць што‑н. [Міхась:] — Усё, наша задума правалілася... [Алесь:] — Думаеш, моладзь пабаіцца завірухі?.. Сіняўскі. Гітлераўцы, не ведаючы мясцовасці, пабаяліся заходзіць далёка ў пушчу. В. Вольскі. [Варташэвіч] пабаяўся, што мяне заўважаць, апусціў бінокль і накіраваў свайго каня ў гушчар. Карпюк.

•••

Пабойся (пабойцеся) бога — май сумленне; злітуйся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)