МАРАЛЁЎСКІ Юзаф (5.3.1777, г. Гарадок, паводле інш. крыніц, каля г. Орша Віцебскай вобл. — 12.8.1845),
бел. педагог, паэт. Скончыў клас рыторыкі ў Аршанскім езуіцкім калегіуме (1790), вывучаў франц. мову ў Полацкім езуіцкім калегіуме, лац. і польск. л-ру ў Оршы. З 1794 настаўнік у езуіцкіх калегіумах у Мсціславе, Магілёве, Полацку. З 1806 праф. рыторыкі, паэтыкі і рус. мовы ў езуіцкім калегіуме ў Пецярбургу, з 1810 у Оршы, дзе загадваў і б-кай кляштара. З 1814 сакратар ордэна езуітаў бел. правінцыі, з 1816 «міністр» (адміністратар) Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1818 пераехаў на Валынь. Друкаваўся ў час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік»), «Вестник Европы». Пісаў на польск., лац., рус. мовах. Творчасць М. выяўляла характэрныя рысы л-ры ў часы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамант. стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманіст. і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́ЛЬ (Martel) Антуан (2.2.1899, г. Бом-ле-Дам, Францыя — 12.10.1931),
французскі славіст, даследчык старабеларускай мовы і літаратуры. Скончыў Сарбону, Нац.ін-т жывых усх. моў (1923). Працаваў на кафедры філалогіі Лільскага ун-та. Зрабіў навук. падарожжы ў Польшчу (1922—23, 1925), СССР (1926—27). Сувязям польскай, бел. і ўкр. моў у сярэднія вякі прысвечана яго манаграфія «Польская мова на Украіне і Беларусі, 1569—1667» (выд. 1938), у якой прааналізаваў мову твораў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Еўлашоўскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага і інш. Шырока паказаў грамадска-культ. значэнне старабел. літ. мовы ў ВКЛ, заняпад якой тлумачыў яе ўнутр. крызісам, узмоцненым абыякавасцю і непрыхільнасцю правасл. артадоксіі да жывой нар. мовы. Адзначыў адмоўныя вынікі паланізацыі для нац. і культ. лёсу беларусаў і ўкраінцаў. Свае вывады ілюстраваў прыкладамі з твораў Л.Зізанія, Г. і М. Сматрыцкіх, Афанасія Філіповіча, З.Капысценскага, П.Магілы. Даследаваў творчасць М.Ламаносава, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЙ Леў Аляксандравіч (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў МУ́ЗЫКІ.
Існавала ў 1910-я г. ў Мінску. Засн. ў ліст. 1912 з мэтай аб’яднання муз. дзеячаў Мінска, развіцця муз. мастацтва і муз. адукацыі. У склад праўлення ўваходзілі Г.Бах, І.Гянко, Л. фон Зіберштэйн, І.Патулаў, Н.Рубінштэйн. Т-ва наладжвала сімф. (дырыжор Рубінштэйн) і камерныя канцэрты, муз. вечары, заснавала бібліятэку-чытальню пры Мінскім муз. вучылішчы, выплачвала стыпендыі мінчанам — студэнтам Пецярбургскай кансерваторыі. Гал. дасягненне т-ва — арганізацыя канцэртаў, якія карысталіся вял. поспехам, у т. л. ў рабочых кварталах. Звычайна канцэртам папярэднічалі лекцыі пра творчасць вядомых кампазітараў. Значную ролю ў дзейнасці т-ва адыгрываў смыковы квартэт (1-я скрыпка — Рубінштэйн, 2-я — І.Ягудкін, І.Гапенка, В.Васільеў, альт — М.Фідэльман і А.Магілевіч, віяланчэль — фон Зіберштэйн і Н.Качаровіч), які выконваў творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў. У час 1-й сусв. вайны наладжваліся выступленні ў вайск. часцях, шпіталях, дзіцячым прытулку. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць т-ва адносяцца да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К Уладзімір Андрэевіч (н. 5.8.1946, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 акцёр і дырэктар Гродзенскага абл.драм.т-ра. З 1985 заг. кафедры, з 1990 дэкан тэатр. факультэта Бел.АМ. Характарны акцёр. Творчасць адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэн. фарбаў. Найб. значныя работы стварыў у камед. рэпертуары. Сярод роляў: Быкоўскі і Кутас («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), Жлукта («Мілы чалавек» К.Крапівы), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), доктор Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У.Шэкспіра), Кісельнікаў («Багна» А.Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Ларыёсік («Дні Гурбіных» М.Булгакава), Зямцоў («Жорсткія гульні» А.Арбузава), Залатуеў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.Гельмана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984), «Маці Урагану» (1990), «Апёк» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЧА́ТАЎ Сяргей Сяргеевіч (3.10.1919, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 22.7.1981),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры, гісторыі і Літ.ін-т імя М.Горкага (абодва 1941). Гал. рэдактар час. «Новый мир» (з 1974). Паэт.зб-кі «Касцёр» (1948), «Салдаты свабоды» (1952), «Патрабавальны падарожнік» (1963) пераважна на ваен. тэматыку. У кн. «Чвэрць стагоддзя», «Пёс, дзяўчо і паэт» (абедзве 1965), «Шыр» (1979) вершы, звернутыя да гісторыі і сучаснасці Айчыны, матывы пераемнасці пакаленняў, філас. роздум пра перажытае. Аўтар паэм «Праліў Екацярыны» (1956), «Васіль Буслаеў» (цалкам апубл. 1973), «Франтавая вясёлка» (1979), апавяданняў, літ.-крытычных кн. «Лірыка Лермантава. Нататкі паэта» (1964), «Паэзія ў руху» (1966), «Незвычайнае літаратуразнаўства» (1970), «Жывая рака» (1974), успамінаў «Мы ўваходзім у жыццё» (1978) і інш.Творчасць Н. адметная грамадзянскасцю, яснасцю і прастатой стылю. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў С.Гаўрусёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ Георгій Іванавіч (26.2.1886, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 23.5.1920),
расійскі і ўкраінскі графік. Брат У.І.Нарбута. З 1906 жыў у Пецярбургу, з 1917 у Кіеве. Вучыўся ў Л.Бакста, І.Білібіна, К.Сомава. Рэктар Укр.АМ, начальнік аддзела выяўл. мастацтва Нар. камісарыята асветы Украіны (1919). Творчасць сфарміравалася пад уплывам аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910-я г. яго чл.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Творы вызначаюцца лаканізмам выяўл. сродкаў, дакладнасцю контурнага малюнка, дэкаратыўнасцю: іл. да казак «Гаршэня» і «Снягурка» (1906), «Як мышы ката хавалі» (1910), кн. «Тры байкі Крылова» (1913) і інш. З сярэдзіны 1910-х г. звяртаўся да традыцый укр. барока і нар. творчасці, арнаментыкі і геральдыкі старадаўніх укр. гравюр: іл. да кн. Г.Лукомскага «Старадаўняя архітэктура Галіцыі» (1915), афармленне «Украінскай азбукі» (1917—18, не выдадзена), час. «Мистецтво», «Зори» і інш. Аўтар акварэляў «Эней» (1919) і інш. Рабіў сілуэтныя партрэты, карыкатуры, эмблемы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ Іван Аляксеевіч (13.1.1877, в. Ількова Арлоўскай вобл., Расія — 10.1.1959),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1901). Друкаваўся з 1899. У раманах «Залатыя крыжы» (1908), «Паміж дзвюх зор» (1915), аповесцях, апавяданнях, п’есах — ідэйныя пошукі рус. інтэлігенцыі пач. 20 ст., тэма ідэальнага кахання. Найб. значныя творы — раманы «Пушкін у Міхайлаўскім» (1936) і «Пушкін на поўдні» (1943), пазней аб’яднаныя ў кн. «Пушкін у выгнанні» (1947). Аўтар гіст.-літ. даследаванняў «Слова пра паход Ігаравы» і яго аўтар» (1938), «Пушкін і «Слова пра паход Ігаравы» (1951), «Пісьменнік і яго творчасць» (1956). Пісаў вершы (зб-кі «Духу святому», 1908; «Пад родным небам», 1956), гіст. аповесці ў вершах («Народная памяць», 1946), кінасцэнарыі, творы для дзяцей. Майстар псіхал. партрэта, маляўнічага пейзажа, тонкі лірык. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў М.Татур.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1966—67;
Возлюбленная — Земля: Повести и рассказы. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЗЕ (Pavese) Чэзарэ (9.9.1908, Санта-Стэфана-Бельба, Італія —27.8.1950),
італьянскі пісьменнік. Скончыў Турынскі ун-т (1930). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. У ранніх творах (зб. вершаў «Рабочая стомленасць», 1936; аповесць «Твой родны край», 1941) матывы непрыняцця тагачаснай рэчаіснасці і трагічнага адчужэння. Спавядальны і драм. раман «Месяц і кастры» (1950) пра вяртанне ў свет дзяцінства, паэт.зб. «У смерці твае вочы» (апубл. 1951) — сведчанне душэўнага крызісу, які прывёў да самазабойства. Аўтар антыфаш. рамана «Таварыш» (1947), зб-каў аповесцей «Перш, чым заспявае певень» і «Цудоўнае лета» (абодва 1949), дзённіка «Рамяство жыць» (апубл. 1952), «Пісьмаў» (т. 1—2, выд. 1966), лірычна-філас. эсэ, навел. Творчасць П. блізкая да неарэалізму. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў А.Шаўня.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.;
Золата Фарчэлы: Сучасныя італ. апавяданні. Мн., 1968;
Рус.пер. — Прекрасное лето. Дьявол на холмах. Луна и костры. Товарищ. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў Андрэй Аляксеевіч (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),
расійскі акцёр. Сын А.Дз.Папова. Нар.арт.СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.С.Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.